Сёння, 15 красавіка, адзначаецца Дзень экалагічных ведаў
Ці праўда, што кракадзілы могуць лазіць па дрэвах? А ці можа змяя скочыць на метр у вышыню? Ці праўда, што стрыжы спяць у палёце? Блакітныя ружы растуць толькі ў Кітаі? На экалагічным вечары “Млын прыроды” ў Баранавіцкім эколага-біялагічным цэнтры гэтыя пытанні не выклікалі ў школьнікаў здзіўлення. Высветлілася, што кракадзілы сапраўды запаўзаюць на дрэвы і нават адпачываюць там, а змеі – выдатныя спартсмены і лёгка могуць скокнуць на 1 метр, напрыклад, цэнтральнаамерыканская гадзюка здзяйсняе такія скачкі, нападаючы на сваю ахвяру. На заходзе стрыжы ўзлятаюць на вялікую вышыню і… спяць у палёце, а на досвітку спускаюцца ніжэй да зямлі. Блакітных руж, на жаль, не існуе, так што ні ў Кітаі, ні ў якой іншай краіне такі гатунак каралевы кветак не сустракаецца.
Адкуль дзеці ведаюць столькі цікавай інфармацыі? Усё вельмі проста – многія з іх займаюцца ў эколага-біялагічным цэнтры. У Баранавічах працуе 120 гурткоў рознай экалагічнай накіраванасці, іх наведваюць больш за 1300 школьнікаў, якія з задавальненнем атрымліваюць самую розную карысную інфармацыю аб прыродзе, жывёльным і раслінным свеце і самае галоўнае – вучацца берагчы гэтае багацце. Вось удзельнікі гуртка “Арніталогія” наладзілі двухдзённае свята “Дзеці – птушкам”, падчас якога прайшоў шэраг творчых і даследчых мерапрыемстваў. Гурткоўцы ўжо запланавалі паўдзельнічаць у агульнаеўрапейскай акцыі “Жывая вясна”, правесці паходы, каб паназіраць за птушкамі, падрыхтавалі птушыныя домікі, якія ў самы бліжэйшы час займуць сваё месца ў скверах, парках, гарадской зоне адпачынку.
Увогуле, баранавіцкія школьнікі надзвычай эрудыраваныя ў эколага-біялагічных ведах. Напрыклад, у маёй школе №21 традыцыйна праходзіць шмат мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня экалагічных ведаў. Гэта акцыя выпускнікоў “Пасадзі дрэва”, гульня-драйв “Па слядах Рабінзона Круза”, вусны часопіс “Зберагчы прыроду – зберагчы жыццё!” і іншыя. Выдатна, што экалагічная адукацыя цікавіць дзяцей.
Ірына ДЗЕКАЙЛА,
член гуртка “Экажурналістыка” эколага-біялагічнага цэтра,
г. Баранавічы.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.