Беларусь

АБІТУРЫЕНТ-201: Натуральны адбор


Яшчэ не паспелі адгучаць апошнія акорды навагодніх свят, а сёлетнія абітурыенты ўжо выйшлі на фінішную прамую ўступнай кампаніі. Рэпетыцыйнае тэсціраванне, выбар будучай спецыяльнасці, калькуляцыя прахадных балаў у тую ці іншую навучальную ўстанову… Клопатаў у выпускнікоў і іх бацькоў хоць адбаўляй!

РЭПЕЦІРУЕМ ТЭСТЫ
Другі этап рэпетыцыйнага тэсціравання без выдачы сертыфікатаў стартаваў ў Брэсце 12 студзеня. Традыцыйна прайсці іспыт можна па 14 вучэбных дысцыплінах. Здаць экзамен па адным прадмеце каштуе 41 тысячу 800 рублёў. Важна памятаць: не прайшоўшы па тых ці іншых прычынах першы этап РТ, абітурыент можа скарыстаць непагашаны квіток аб аплаце на іншых этапах да красавіка.
На першым этапе тэсціравання на Брэстчыне зарэгістравана 8 тысяч чалавека-тэстаў і зафіксавана ўсяго адно парушэнне: дзяўчыну выдалілі з аўдыторыі з-за мабільнага тэлефона.
– Мы імкнёмся стварыць абставіны, як на цэнтралізаваным тэсціраванні, каб абітурыенты прасякнуліся атмасферай, – расказаў дырэктар рэгіянальнага цэнтра тэсціравання Уладзімір Мароз. – Вельмі важна, каб яны зразумелі, што на рэпетыцыйным тэсціраванні няма ніякіх патуранняў і патрабаванні да яго ўдзельнікаў самыя жорсткія. Акрамя таго, рэпетыцыйнае тэсціраванне – гэта сур’ёзная падрыхтоўка, ад якой залежыць будучы вынік на ЦТ, а ён часта адрозніваецца ад адзнакі ў школе.
Апошнім часам шмат увагі ўдзяляецца таму, што тэставыя заданні з’яўляюцца і распаўсюджваюцца ў інтэрнэце. Цяпер жа арганізатары будуць больш пільна сачыць за тым, каб матэрыялы не выйшлі за межы аўдыторый. У пазамінулым го-дзе, напрыклад, толькі на Брэстчыне былі тры такія парушэнні  – у Баранавіцкім, Іванаўскім і Маларыцкім раёнах. Нагадаем, што капіраваць тэсты катэгарычна забаронена. Служба маніторынгу Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў увесь час сочыць за сітуацыяй, у прыватнасці – у сацыяльных сетках. Важна ведаць: калі хтосьці размяшчае на сваёй старонцы тэсты, ён можа быць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. Да таго ж, незаконнае распаўсюджванне тэставых заданняў караецца штрафам каля 5 базавых велічынь. Калі такі інцыдэнт здарыцца, дык спагнанне чакае і раённы аддзел адукацыі, дзе было зарэгістравана здарэнне. Ён павінен будзе выплаціць увесь даход ад правядзення ЦТ.
Праз два дні абітурыенты будуць здаваць рэпетыцыйныя іспыты, якія амаль нічым не адрозніваюцца ад цэнтралізаванага тэсціравання. Варта помніць простыя правілы і верыць у свае сілы. А для тых, хто яшчэ не ўсё ведае пра экзамены, ёсць віртуальны дапаможнік. Падрабязную інфармацыю можна знайсці на сайце Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта – bstu.by.
БАЛАЎ ТРЭБА БОЛЕЙ
Паступіць у ВНУ сёлета будзе складаней, чым летась. Як адзначыў міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Сяргей Маскевіч, плануецца павысіць патрабаванні да абітурыентаў. Бал, які дазваляе ўдзельнічаць у конкурсе на паступленне, будзе і далей расці. Гэта значыць, што колькасць абітурыентаў зменшыцца. Такія меры накіраваны на павышэнне якасці вышэйшай адукацыі.
У мінулым годзе прахадны бал на бюджэтную форму навучання ў Беларусі не апускаўся ніжэй за 96. Па словах старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, старшыні Дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў 2013 годзе
Анатоля Рубінава, станоўчую ролю ў гэтым адыграў той факт, што былі ўстаноўлены больш высокія ніжнія парогі тэставых балаў. Для беларускай і рускай моў ён склаў 10 балаў, 15 – па фізіцы, матэматыцы, біялогіі, 20 – па гісторыі, грамада-знаўстве, замежных мовах, геаграфіі. Аб тым, якія цяпер будуць прахадныя балы, гаварыць рана.
Скарачэнне колькасці выпускнікоў і павышэнне мінімальнага бала на ЦТ паўплывала на запаўненні месцаў у прыватных і дзяржаўных навучальных установах. Як адзначыў Сяргей Маскевіч, закрываць прыватныя ВНУ, калі якасць адукацыі ў іх на высокім узроўні, ніхто не будзе. Іншая справа, калі дзейнасць прыватных устаноў можа стаць нерэнтабельнай. Ужо ў 2013 годзе колькасць студэнтаў-бюджэтнікаў скарацілася больш чым на 5 працэнтаў у параўнанні з 2012 годам. Як абяцаюць спецыялісты, сёлета гэта лічба вырасце зноў.

ЦЯПЕР
І ЗАВОЧНА, І “ЎВЕЧАРЫ”
“Куды пайсці вучыцца?”– пытанне не менш папулярнае, чым гамлетаўскае “Быць ці не быць?”. Выбар будучай прафесіі – справа адказная і цяжкая. Сучасныя прапановы ВНУ ўражваюць і прывабліваюць разнастайнасцю. Штогод на Брэстчыне з’яўляюцца новыя спецыяльнасці.
Ужо гэтым летам Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна адкрые набор на тры новыя спецыяльнасці. На фізіка-матэматычным факультэце з’явіцца запатрабаваная спецыяльнасць “Камп’ютарная фізіка”. Дарэчы, аналагічная спецыяльнасць з’явілася нядаўна ў БДУ і стала вельмі папулярнай. Добрай навіной для аматараў навукі стане адкрыццё спецыяльнасці “Геаграфія. Навуковая дзейнасць” на завочным аддзяленні геаграфічнага факультэта БрДУ імя А.С. Пушкіна. Раней навучанне па гэтай спецыяльнасці вялося толькі на дзённай форме. Яшчэ адным прыемным сюрпрызам для завочнікаў стане магчымасць атрымаць адукацыю па спецыяльнасці “Руская мова і літаратура. Замежная мова (англійская)”.
Усё больш спецыяльнасцей з’яўляецца на вячэрняй форме навучання. На жаль, летась яна не атрымала вялікай папулярнасці, аднак сёлета ўніверсітэтам ёсць чым зацікавіць абітурыентаў. У Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце з’явяцца дзве новыя спецыяльнасці: “Прамысловая электроніка” і “Тэхналогія машынабудавання”. Паступіць на вучобу змогуць толькі ўладальнікі сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Тэрмін навучання на гэтых спецыяльнасцях скарочаны.
Вядома ж, развіццё спорту – адзін з прыярытэтных кірункаў сацыяльнага развіцця нашай краіны. У Палескім дзяржаўным універсітэце сёлета плануюць адкрыць спецыяльнасць “Спартыўна-педагагічная дзейнасць” на факультэце арганізацыі здаровага ладу жыцця. Выпускнікі змогуць працаваць выкладчыкамі фізічнай культуры, а таксама трэнерамі па розных відах спорту.
Пашырае кола цікавых прапаноў для абітурыентаў і Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт. Так, напрыклад, на факультэце славянскіх і германскіх моў у хуткім часе з’явіцца спецыяльнасць “Беларуская мова і літаратура. Замежная мова (англійская)”.
Магчыма, рашаючым фактарам пры выбары вучэбнай установы для кагосьці стане ўвядзенне ў БарДУ скарочанай формы навучання на спецыяльнасцях “Маркетынг” і “Правазнаўства”.
Даведацца пра самую свежую і актуальную інфармацыю можна будзе падчас правядзення традыцыйных дзён адкрытых дзвярэй. Плануецца правесці іх вясной. За інфармацыяй сачыце на сайтах навучальных устаноў.
Уступная кампанія 2014 года абяцае быць “гарачай”. Усё больш паступленне ў ВНУ параўноўваюць з натуральным адборам. Сапраўды, цяпер магчымасць атрымліваць вышэйшую адукацыю маюць толькі самыя дастойныя. Пэўна ж,
і аддача ад іх будзе адпаведнай. Сродкі, затрачаныя дзяржавай на вучобу, вернуцца дывідэндамі ад будучай працы высокакваліфікаваных спецыялістаў як вынік дабрабыту ўсёй краіны. Гэты працэс непазбежны і заканамерны. У любым выпадку, варта разлічваць на свае веды, жаданне вучыцца – і  тады ўсё атрымаецца!
Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”.
Кампетэнтнае меркаванне
Акцэнт на якасць
Васіль КАЧУРКА, рэктар Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта:
– Зніжэнне колькасці абітурыентаў, якое назіраецца ў апошнія гады, – вынік нестабільнай дэмаграфічнай сітуацыі. Для таго, каб забяспечыць усе сферы дзейнасці кампетэнтнымі спецыялістамі, варта ўлічваць тое, што краіне неабходны працоўныя кадры. Сёння шмат студэнтаў вучацца на платным аддзяленні, атрымліваюць такія ж дыпломы, як і бюджэтнікі, аднак не маюць абавязковага размеркавання і часта не ідуць працаваць па спецыяльнасці. За апошнія некалькі год сфарміравалася перанасычанасць некаторых прафесій, пры гэтым на месцах часта не хапае тых ці іншых спецыялістаў. Павышэнне прахаднога бала, адкрыццё новых, больш актуальных для сённяшніх рэалій спецыяльнасцей – гэта ўсё аб’ектыўныя меры для паляпшэння якасці вышэйшай адукацыі ў Беларусі.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля