Беларусь

На рынг выклікаецца…


Антон Руды з Баранавіч умее трымаць удар і не бянтэжыцца нават перад тытулаванымі сапернікамі
Cпартыўная кар’ера Антона пачалася з самба. Гэта быў не яго выбар: бацька, Аляксандр Спірыдонавіч, якi раней займаўся барацьбой, настаяў на тым, каб сын заняўся менавіта гэтым відам спорту. А паколькі не было ў хлопца асаблівага жадання  – не было і якіх-небудзь значных вынікаў. Усё змяніў выпадак. “Аднойчы на перапынку мяне спыніў дырэктар спартыўнай школы Ігар Пятровіч Занукаў і прапанаваў запісацца на бокс. І я пагадзіўся”, – распавядае Антон.
Бацькам такая сынава самастойнасць жудасна не спадабалася. Але калі з’явіліся вынікі, іх меркаванне змянілася. Мама, Кацярына Вячаславаўна, заўсёды перажывае за сына на спаборніцтвах, нават, можа, больш, чым ён сам. Сваімі парадамі дапамагае і бацька.
Антон Руды – мой аднакласнік, займаецца боксам ужо чатыры гады, наведвае ДЮСШАР г. Баранавічы. Асабліва складаны перадспаборнiцкi перыяд. Пад’ём у 6 гадзін раніцы, потым – крос на пяць кіламетраў, раніцай – індывідуальная трэніроўка, вечарам – агульная, з усімі баксёрамі. “Адна з цяжкіх задач – падтрымліваць вагу, – кажа Антон. – Мама вельмі добра гатуе, і надзвычай складана адмаўляцца ад яе шэдэўраў. Калі б я еў усё, што з’яўляецца ў нас на стале, то аптымальная вагавая катэгорыя (56 кілаграмаў) была б недасягальнай для мяне. Але поспехі на спаборніцтвах рознага ўзроўню – лепшае пацвярджэнне таго, што я раблю ўсё правільна і недарэмна адмаўляюся ад некаторых прыемных рэчаў”.
Спорт накладвае вялікі адбітак на жыццё. Часта Антону даводзіцца адмаўляцца ад сустрэч з сябрамі, з-за спаборніцтваў прапускаць заняткі ў школе. “Настаўнікі злуюцца, – кажа Антон і дадае: – Я стараюся запоўніць прабелы, каб атрымаць добры атэстат і паступіць ва ўніверсітэт на факультэт фізічнай культуры. У будучыні хачу быць трэнерам”.
Паспяховае выступленне Антона ў спаборніцтвах рознага ўзроўню –
заслуга яго трэнера Віктара Мацяса. “Віктар Леанідавіч вельмі патрабавальны і заўважае ўсё, нават дробныя памылкі, – гаворыць пра свайго трэнера Антон. – І яшчэ прыкладам для мяне служыць чэмпіён свету па боксе і алімпійскі чэмпіён Аляксандр Паветкін. Ён ніколі не здаецца, змагаецца за перамогу да апошняй секунды”.
“Дзякуючы спорту, я стаў дысцыплінаваным, самастойным, – прызнаецца малады баксёр. – Я навучыўся жыць без апекі бацькоў. Заўсёды ўпэўнены ў сваіх сілах. Праўда, было некалі інакш. Калі выступаў на першых абласных спаборніцтвах, я жудасна хваляваўся. Але здолеў пераадолець свой страх, выйшаў на рынг і скончыў бой датэрмінова ў першым раўндзе. У фінале ў мяне быў вельмі моцны сапернік з Брэста. Як на злосць, напярэдадні я захварэў, але ўсё ж такі выйшаў на рынг. Не мог я здацца. Сабраўшыся з сіламі, выйграў фінальны бой, хоць на рынгу было лёгкае галавакружэнне. Гэта былі першыя спаборніцтвы такога ўзроўню, і я апраўдаў надзеі трэнераў, якія мяне ўзялі туды”.
У скарбонцы Антона – удзел у такіх прэстыжных спаборніцтвах, як турнір памяці Карвата (1 месца), чэмпіянат Еўропы (9 месца), чэмпіянат свету (9 месца). Антон ужо тройчы чэмпіён Рэспублікі Беларусь. І 2013-ты закончыў на мажорнай ноце: юнак удзельнічаў у міжнароднай матчавай сустрэчы зборных Беларусі і горада Масквы, прысвечанай 72-й гадавіне разгрому фашыстаў пад Масквой. У сваёй вагавой катэгорыі Антон выйграў у чэмпіёна расійскай сталіцы і прынёс сваёй камандзе ачко. “Бываюць пераломныя моманты, калі нешта не атрымліваецца і хочацца ўсё кінуць, але гэта ненадоўга, – кажа спартсмен. – Калі выходжу на рынг пад гімн нашай краіны, гэта надае мне сілы. І я разумею, што павінен паказаць усё, на што здольны”.
Iрына ДЗЕЙКАЛА,
вучаніца 11 “А” класа
СШ № 21,
г. Баранавiчы.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля