Абрад па-мотальску,або Як зрабіць шлюб шчаслівым

Абрад па-мотальску,або Як зрабіць шлюб шчаслівым

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

З даўніх часоў Моталь – вядомы цэнтр гарбарнага рамяства, дзе з пакалення ў пакаленне займаліся вырабам скуры, пашывам знакамітых кажухоў і ткацтвам. Год за годам, стагоддзе за стагоддзем адточвалі мотальскія майстры сваё ўменне ў аздабленні вырабаў, паступова фарміраваўся вобраз мотальскага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Розныя напрамкі народнай творчасці атрымалі тут свае, асаблівыя, рысы, выразна адметныя ад аналагічных рашэнняў не толькі ў Беларусі, але і ў суседніх рэгіёнах іншых краін. Многія творы мотальскіх майстроў дэманстраваліся на міжнародных і рэспубліканскіх выставах, уключаны ў экспазіцыі вядомых музеяў, а іх творчасць увогуле стала яркай з’явай у культурным асяродку краіны.
Таму невыпадкова ў Моталі амаль 20 гадоў таму быў адкрыты музей народнай творчасці, асноўны напрамак дзейнасці якога – збор і захаванне фальклорных матэрыялаў. Асаблівую ўвагу ў сваёй рабоце калектыў музея звяртае на захаванне і прапаганду вуснай народнай творчасці. Сабрана багатая калекцыя народнай паэтыкі: свят, звычаяў, абрадаў, прымавак, прыказак, жартаў, быляў, дзіцячага фальклору. Асноўная частка сабранага матэрыялу лягла ў аснову музейнай экспазіцыі: гэта ўнікальныя па сваім змесце залы дрэваапрацоўчых рамёстваў (з рэдкаснай калекцыяй самаробных дрэваапрацоўчых інструментаў), земляробства, ільноапрацоўкі, ткацтва, адзення, абрадаў, свят і традыцый.
У мэтах прапаганды традыцыйнай народнай спадчыны палешукоў у музеі распрацаваны і ўведзены ў практыку шэраг творчых мерапрыемстваў: лекцыі-экскурсіі “Святыя вечары”, “Вясельны каравай”, “Народная абрадавая кухня”, аглядныя экскурсіі з элементамі “жывога гуку”, дзе ў кожнай экспазіцыйнай зале аповяд экскурсавода дапаўняецца народнай песняй, мелодыяй, бытавой замалёўкай. Для самай маленькай аўдыторыі прапануюцца музейна-педагагічныя заняткі цыкла “У гасцях у бабулі Алены”.
Асабліва многа заказаў на экскурсіі ў перадсвяточныя дні. Да прыкладу, на свята Міколы зімовага ў музей завіталі мясцовыя жанчыны, якіх цяпер завуць носьбітамі абраду “Вясельны каравай”: Вольга Мацукевіч, былы дырэктар музея, Эльміра Каткавец, рэжысёр народнага фальклорна-этнаграфічнага тэатра “Мотальскія суседзі”, а таксама Кацярына Кульбеда і Любоў Каткавец. Усе яны пад кіраўніцтвам Вольгі Кульбеды, дырэктара музея, актыўна ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы матэрыялаў у пашпарт  “Абрадавае дзеянне “Мотальскі каравай” для ўнясення яго ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Таму не прамінула, каб не задаць ім некалькі пытанняў.
– Ці з’яўляецца абрад “Вясельны каравай”  унікальным і ці варта дзяржаве браць яго пад ахову?
Вольга Мацукевіч, былы дырэктар музея, якая амаль усё сваё жыццё прысвяціла збору і захоўванню мясцовага фальклору:
– Вяселле на працягу стагоддзяў лічылася самай урачыстай падзеяй у сямейнай абрадавасці. Яркасць святочных вобразаў, узнёсласць моманту нараджэння новай пары спрыялі захаванню да-дзенага рытуалу да сённяшніх дзён і наданню яму асаблівага, таямнічага статусу. Аднак сімвалічнае значэнне большасці дзеянняў, скіраваных на забеспячэнне дабрабыту і шчаслівай долі новаўтворанай сям’і, на сённяшні дзень неапраўдана забыта. Абрад “Мотальскі каравай” складаецца з шэрагу разнастайных кампанентаў, сярод якіх галоўным з’яўляецца каравай. У працэсе прыгатавання выкарыстоўваюцца веды і навыкі па яго замесе, вырабе ўпрыгажэнняў з цеста, каравайных “шышак”. Працэс прыгатавання каравая суправаджаецца архаічнымі песнапеннямі, навыкі выканання якіх у сучасным грамадстве амаль страчаны. Падчас выпякання каравая выкарыстоўвалася цэлая сістэма магічных дзеянняў і ўяўленняў, веданне якіх сёння садзейнічала б паспяховаму і шчасліваму жыццю ў шлюбе. Акрамя таго, у апошні час адраджаецца цікавасць грамадства да беларускага фальклору. Апісанне і захаванне абраду “Мотальскі каравай” будзе спрыяць вывучэнню вуснай народнай творчасці палешукоў.
У старажытнасці гэтаму асабліваму, свяшчэннаму хлебу прыпісвалася магічная сіла. У яго прыгатаванні прымалі ўдзел не толькі шчаслівыя ў сямейным жыцці жанчыны, але і, паводле сцвярджэння нашых продкаў, нябесныя свяцілы. Зараз гэта функцыя часткова страчана: каравай як галоўны сімвал вяселля працягвае існаваць, а працэс яго прыгатавання, магічныя дзеянні, якія яго суправаджаюць, пад пагрозай знікнення.
Абрад “Мотальскі каравай” дапамагае захаваць культурна-гістарычную сувязь паміж пакаленнямі, засвоіць моладдзю светапогляд і светаадчуванне нашых продкаў.
– Якім чынам Вы плануеце свой удзел пры захаванні абраду і ўнясенні яго ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі?
Кацярына Кульбеда, пенсіянерка:
– На каравайны абрад матулі бралі і бяруць сваіх дзетак. Ра-зам з дарослымі яны ўключаюцца ў вязанне пучкоў, выраб кветак. А калі ў гаспадыні хаты ёсць унукі – абавязкова пячэцца і дзіцячы каравай, які гатуюць самі дзеці. Такім чынам перадаюцца традыцыі будучым пакаленням.
Увесь абрад суправаджаецца песнямі-карацелькамі. Спяваючы абрадавыя песні, каравайніцы нібы замаўляюць, просяць маладым шчаслівай долі. Навучылася я браць удзел у абрадзе ад сваіх бабулі і маці – таму вельмі хачу, каб мае дзеці ды ўнукі жаніліся і выходзілі замуж, выкарыстоўваючы на вяселлі гэты прыгожы абрад. Упэўнена, што колькасць разводаў абавязкова паменшыцца. Пакуль жыву, буду спяваць песні каравайніц, перадаваць рэцэпты прыгатавання каравая, бо лічу, што гэты абрад – вялікая каштоўнасць для людзей.
Вольга Мацукевіч:
– Так павялося ўжо, што Моталь здаўна прыцягваў увагу даследчыкаў. Пра гэта сведчыць і тое, што ў далёкія 80-я гады XIX стагоддзя член Імператарскага рускага геаграфічнага таварыства Марыя Саковіч (сама, дарэчы, родам з суседняй з Моталем вёскі Моладава) вяла тут гістарычна-этнаграфічныя даследаванні і напісала навуковую працу “Сяляне мястэчка Моталь і іх песні”, выдадзеную ў 1888 годзе з рэцэнзіяй кампазітара М. Балакірава.
Марыя Саковіч, прыехаўшы ў Моталь збіраць песні, як сапраўдны вучоны не магла не звярнуць увагі на абрад “Мотальскі каравай”, які пачула і пабачыла на свае вочы. Дык вось каравайны абрад і вясельныя песні амаль не змяніліся ў Моталі з тых часоў, калі чула іх Марыя Саковіч.
– Што Вы прапануеце, каб ён не знік у будучым?
Любоў Каткавец, пенсія-нерка:
– Мы як мясцовыя носьбіты вясельнага абраду будзем і далей аказваць гаспадарам, якія ладзяць вяселле, практычную дапамогу і прапагандаваць векавыя традыцыі пры выпяканні каравая, а таксама нарыхтоўцы вясельнай атрыбутыкі. А яшчэ – прывабліваць мясцовую моладзь і дзяцей у гурткі традыцыйнай культуры з мэтай навучэння і перадачы архаічнага спеву, перадаваць навыкі вырабу кветак з рысавай паперы, нарыхтоўкі і навязвання аўсу, зелянцу, сукання чырвонай ніткі, якія патрэбны для ўпрыгожвання каравайных “шышак”. На мой погляд, трэба больш пісаць пра абрад “Вясельны каравай” у газетах, паказваць па тэлевізары, каб моладзь бачыла гэтую прыгажосць. Не лішнім было б і на ўроках у школе вучыцца песні спяваць ды абрад выконваць. Прапагандаваць абрад трэба пры правядзенні фестываляў і свят, а таксама пры падачы заявы маладых да ўступлення ў шлюб.
Вольга Кульбеда, дырэктар музея:
– Мотальскім музеем народнай творчасці распрацавана і ўведзена ў практыку работы лекцыя-экскурсія “Вясельны каравай” з абавязковым
удзелам турыстаў у абрадавай дзеі. Іванаўскім райвыканкамам сумесна з Мотальскім сельвыканкамам запланавана фінансавая падтрымка для стварэння на прафесійнай аснове запісу на тэлебачанні абраду “Мотальскі каравай”. На сайце райвыканкама размяшчаецца інфармацыя пра гісторыю ўзнікнення і традыцыю правядзення абраду. Плануецца сёлета
запрасіць экспертаў з мэтай вывучэння, маніторынгу абраду. У раённай газеце на пастаяннай аснове будзе публікавацца цыкл матэрыялаў і рубрык пад агульнай назвай “Спадчына вандруе па Палессі”. Рыхтуецца відэазапіс інтэрв’ю з носьбітамі абраду разам з прадстаўнікамі раённых і абласных сродкаў масавай інфармацыі.
– Якія, на Вашу думку, сёння існуюць пагрозы для існавання і перадачы абраду?
Эльміра Каткавец, рэжысёр народнага фальклорна-этнаграфічнага тэатра “Мотальскія суседзі”:
– З адыходам старэйшых маталян у нябыт згіне і сам абрад. Носьбіты, у адрозненне ад сучаснага пакалення, маюць зусім іншыя каштоўнасці. Гэтыя каштоўнасці для іх заключаюцца ў багатай культурнай спадчыне  продкаў, якую неабходна браць пад ахову дзяржавы, каб не згубіць такое багацце. Яны мяркуюць, што ў будучым усвядомяць гэта і нашчадкі, вераць, што мода на заходнюю культуру – з’ява часовая.
– Дзе абрад можна пабачыць?
Вольга Кульбеда, дырэктар Мотальскага гісторыка-этнаграфічнага музея:
– Не толькі пабачыць, але і паўдзельнічаць у каларытным абрадзе “Вясельны каравай” можна ў нашым музеі, дзе для выпякання каравая ёсць асобны абрадавы дом. Усе жадаючыя могуць, пераапрануўшыся ў старадаўні мотальскі строй, паўдзельнічаць у дзействе, якое ўключае падрыхтоўку каравая, упрыгожванне “шышак”, даставанне яго з печы і дэкарыраванне. Мотальскія каравайніцы, носьбіты гэтага абраду, суправаджаюць яго традыцыйнымі для нашай мясцовасці песнямі, сэнс якіх патлумачыць Вольга Рыгораўна Мацукевіч. Калі каравай астыне, кожны ўдзельнік можа пачаставацца кавалачкам, а штучную кветку з каравайнай “шышкі” ці чырвоную нітку, якая іх абвязвае, забраць дамоў на памяць. Да таго ж, здаўна лічылася, што апошняя валодае цудадзейнай лекавай уласцівасцю.
Марыя ФЕДАРУК, “НТ”,
Іванаўскі раён.
Даведка “НТ”
У Дзяржаўным спісе гісторыка-культурнай спадчыны нашай краіны, які існуе з 2005 года, ужо больш за 50 аб’ектаў-абрадаў, традыцыйных рамёстваў, звычаяў, рытуалаў, фальклору. Гэта вялікі крок у асэнсаванні істотнасці нашай нематэрыяльнай спадчыны, яе выяўленні і ахове.
Абрад “Вясельны каравай” толькі рыхтуецца папоўніць гэты спіс. Але ўжо сёння маталяне гатовы зрабіць і наступны крок – значна больш складаны: папоўніць гэтым абрадам Сусветны спіс нематэрыяльных каштоўнасцей ЮНЕСКА. У адпаведнасці са стандартамі гэтай міжнароднай арганізацыі, трэба не толькі захоўваць спадчыну, але падтрымліваць яе жыццяздольнасць, перадаваць векавы досвед ад пакалення пакаленню.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Аперацыя “Дзяцел”

Следующая запись

На рынг выклікаецца…