Чужыя дзеці – не чужыя, або Як “цётка Ларыса” стала “мамай”
Не склалася сям’я ў першым шлюбе ў Ларысы Пешка. У 2007 годзе жанчына разам з сынам і дачкой з’ехала ад мужа. Не вытрымала штодзённых выпівак. Дом у Быцені Івацэвіцкага раёна дапамагла купіць маці. Чаму ў гэтай вёсцы? Яе мама родам з тутэйшых мясцін. І бабуля Ларысы жыла тут…
Здаецца, усяго нейкіх шэсць гадоў праляцела з той пары, а падзей розных за гэты час у жыцці Ларысы адбылося столькі, што іх хапіла б на цікавы тэлесерыял.
Пра некаторыя з іх Ларыса расказвае са слязамі на вачах. І я, каб не трывожыць былую рану, не задаю лішніх пытанняў. Самае галоўнае, што яе дачушка Ірына, жыццё якой калісьці было пад пагрозай, жывая і здаровая, выйшла замуж і нядаўна падарыла маме ўнучку Паліну. Дачка і сын Сяргей (зараз служыць у арміі) – яе гордасць.
Але сёння жанчына больш расказвае пра сваіх прыёмных дзяцей. Іх у Ларысы – трое: два хлопчыкі і дзяўчынка. Братоў-двайнят Мішу і Колю ўзяла на выхаванне ў Быценскім дзіцячым доме ў 2009 годзе. Ім па 14 ужо. А Наташы – 2 гады і 10 месяцаў. Яе Ларыса прывезла з Пінскага дома малюткі зусім маленькай.
– Мне неаднойчы даводзілася чуць, што чужых дзяцей бяруць дзеля грошай. Гэта сапраўды так? – пытаюся ў жанчыны.
– І я такое неаднойчы чула, – адказвае Ларыса, пяшчотна пагладжваючы маленькую светлавалосую дзяўчынку. – Гэта Крысцінка. Яна ў нас усяго некалькі дзён, таму ні на крок не адыходзіць ад мяне. Органы апекі перадалі мне дзяўчынку на перыяд, пакуль яе маці не возьмецца за розум. Гэта значыць, што яна на працягу паўгода павінна закадзіравацца і ўладкавацца на работу. Калі ж не выканае пастаўленых патрабаванняў, будзе вырашацца пытанне аб пазбаўленні яе бацькоўскіх правоў. Днямі Крысціне споўнілася два гады. Дзяўчынка ўсё разумее і вельмі балюча перажывае адлучэнне ад біялагічнай маці. А маё сэрца разрываецца ад болю. Таму я штодзень па некалькі разоў тэлефаную яе маці і прашу, каб тая адумалася і напоўніцу адчула сябе маці. Не таму, што дзяўчынка мне ў цяжар. Проста я не хачу, каб ёй давялося перанесці другі стрэс: прывыкне дзіця да нас, а потым яе прыйдзецца вярнуць біялагічнай маці…
Увесь час, пакуль мы размаўлялі, Крысцінка сядзела на каленях Ларысы, моцна прыціскаючыся да яе сваім маленькім цельцам. А жанчына працягвала аповяд. Сапраўды, многія вяскоўцы таксама лічаць, што яна ўзяла дзяцей дзеля грошай. А чаму яны самі не хочуць такога заробку? Хто ім перашкаджае даць дом і бацькоўскае цяпло дзецям, якія ніколі гэтага не мелі? Ды і грошы не такія вялікія, каб дзеля іх ускладваць на сябе нялёгкую ношу выхавання чужых дзяцей. Хоць, з іншага боку, чаму праца прыёмных бацькоў не павінна аплачвацца? Да таго ж, гэта прадугледжвае дагавор, які заключаецца з органам апекі і папячыцельства.
Думка аб прыёмных дзецях у Ларысы ўпершыню ўзнікла ў 1997 годзе, калі яна са сваёй Ірай знаходзілася на лячэнні ў бальніцы, а ў суседняй палаце ляжалі маленькія выхаванцы дзіцячага дома. Канчаткова ж прыняла рашэнне, калі перабралася жыць у Быцень і сустрэла чалавека, які стаў яе грамадзянскім мужам.
– Уступаць афіцыйна ў шлюб я больш не хачу, ды і дзяцей (мне ўжо за 40) нараджаць не планую, – тлумачыць сітуацыю жанчына. – А вось даць шчасце тым, хто не ведаў бацькоўскага дома і мацярынскай ласкі, мне па сіле. Ды і муж не супраць. Вось гэта і стала зыходнай кропкай у стварэнні прыёмнай сям’і…
Братоў-двайнят спачатку бралі да сябе на выхадныя і канікулы, а ў 2009-м узялі на пастаянна. За гэты час Міша з Колем не толькі пасталелі, але і многаму навучыліся. Напачатку абодва дрэнна чыталі, сярэдні бал у школе ў іх быў 3 – 4. Зараз у Колі 5 – 6, а ў Мішы – 6 – 7 балаў. Больш таго, летась Міша ўдзельнічаў у раённай алімпіядзе па інфарматыцы і заняў 8-е месца. А яшчэ, па словах жанчыны, ён галоўны памочнік па хатняй гаспадарцы.
Але найбольш прыёмная мама прывязалася да Наташы. Магчыма, таму што з дома малюткі ўзялі, калі той яшчэ і годзіка не было. І хварэла дзяўчынка (давялося нават рэанімацыю перажыць), і ў развіцці адставала. Затое зараз у сваёй групе ў садку ўсіх апярэ-джвае. Наташа вельмі актыўная і рухавая, ахвотна малюе і лепіць. А яшчэ –
любіць сваю маму. Менавіта так называе яна Ларысу.
“Мамай” называюць і хлопцы. Спачатку, праўда, яна была “цёткай Ларысай”, потым –
“мамай Ларысай”, а зараз – проста “мама”. Гэтыя словы саграваюць жаночае сэрца: значыць, усё было недарэмна.
На развітанне прыёмная мама паказала нам прыгожыя вязаныя рэчы: спаднічку, яркую шапку і такі ж шалік – і сказала:
– Гэта для Наташы. З адзеннем для хлопцаў прасцей. А ў дзяўчынак вопратка павінна быць прыгожай і радаваць вока. Адметнасць гэтую можна стварыць уласнымі рукамі. Тады тая ж спаднічка будзе непаўторнай і ў адзіным экзэмпляры. Таму многія рэчы для дзяўчынкі вяжу сама.
…Усяго крыху больш за гадзіну былі мы ў доме Ларысы Пешка. За гэты час даведаліся пра гісторыю стварэння прыёмнай сям’і, пазнаёміліся з братамі-двайнятамі і дзяўчынкамі. Яны ахвотна правялі нас па доме, паказалі свае пакоі, а пасля запрасілі пакаштаваць торт, які разам з мамай спецыяльна выпякалі да нашага прыезду. Смаката атрымалася неймаверная! Адчувалася, што ў яго ўклалі душу і мама, і дзеці…
Надзея ЯЦУРА, “НТ”,
Івацэвіцкі раён.
Фота Аляксея ГАНЧУКА, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.