Данік КАЗЛОЎ: “ Я шчаслівы!”

Данік КАЗЛОЎ: “ Я шчаслівы!”

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Фіналіст дзіцячага конкурсу “Еўрабачанне-2010” любіць гульні на свежым паветры
20 лістапада ў 15-тысячным спарткомплексе “Мінск-Арэна” адбыўся фінал дзіцячага конкурсу песні “Еўрабачанне-2010”. Мільёны беларусаў хваляваліся за Даніка Казлова, а найбольш – у Жабінцы, адкуль ён родам. З песняй “Музыкі святло” юны спявак увайшоў у пяцёрку лепшых. Без перабольшання можна сказаць, што ў вобласці ён стаў юнай зоркай года ў намінацыі “Вакал”. Напярэдадні Новага года з ім сустрэўся карэспандэнт “НТ”.
– Ужо адышлі ў мінулае перажыванні і эмоцыі тых, хто хваляваўся, гледзячы фінал конкурсу. У цябе, відаць, таксама?
– Так, але засталіся незабыўныя ўражанні. Я шчаслівы таму, што пашанцавала выступіць на самай вялікай сцэне, пра якую марыў. Запомніліся праца і адпачынак у Мінску, хваляванні перад вялікай аўдыторыяй, сустрэча з аднакласнікамі пасля вяртання ў Жабінку.
– Конкурс – не толькі сцэнічнае спаборніцтва. Гэта яшчэ знаёмствы і творчыя прапановы…
– У мяне сапраўды з’явіўся сябар – Вова Арзуманян з Арменіі, які стаў пераможцам. Пасябраваў з ім у першы дзень нашай сустрэчы. Ён кампанейскі хлопец і мае цудоўны голас. Што наконт творчых прапаноў, дык ёсць першыя запрашэнні на выступленні ў Эстоніі і Літве. Але гэта будзе недзе ў канцы вясны ці летам 2011 года.
– Чым займаешся цяпер?
– Узяўся за вучобу, бо прапусціў шмат заняткаў у школе і дзіцячай школе мастацтваў. У вольны час у спартыўным комплексе “Бадзёрасць”, што ў пасёлку цукровага завода, гуляю ў футбол і плаваю.
– А як справы з песняй?
– Спяваю ў той жа дзіцячай эстраднай студыі “Алегра-Нова” раённага цэнтра пазашкольнай работы. Рыхтую новы рэпертуар для будучых выступленняў.
– Напрыканцы снежня прайшоў справаздачны канцэрт з удзелам народных і самадзейных мастацкіх калектываў раёна, у якім ты не браў удзел. Чаму?
– Ніхто не прапанаваў на ім выступіць. А напрошвацца самому ў нашай сям’і не прынята.
– Не крыўдуеш?
– Не. Хаця…
– А як ты, Данік, праводзіш зімовыя канікулы?
– Пабываў на прэзідэнцкай ёлцы. Як ужо казаў, шмат часу адводжу вучобе. Акрамя ўсяго – спорт і, вядома ж, гульні на свежым паветры з сябрамі.
– Зычу чыстага голасу і творчых поспехаў у новым годзе!
Гутарыў Аляксей ГАНЧУК, “НТ”,
г. Жабінка.
Фота аўтара.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Развіваць асобу

Следующая запись

Аляксандр ЛАГВIНОВIЧ, намеснік галоўнага рэдактара абласной газеты “Заря”: Хрышчэнне мовай