Аляксандр ЛАГВIНОВIЧ, намеснік галоўнага рэдактара абласной газеты “Заря”: Хрышчэнне мовай
Каб не было сумна ўспрымаць мае ўспамiны i развагi – анекдот з жыцця. Замест уступу.
Сустрэў каля тыдня таму знаёмага, якога не бачыў гадоў прыблiзна… нават i прыблiзна не падлiчу.
– Здароў, як жыццё-быццё? – пытаецца ён на беларускай мове.
– Дзякуй, можа быць, – i пачынаю караценька пераказваць шэраг асноўных падзей свайго жыццяпiсу апошнiх гадоў. Па-беларуску.
Як i большасць маiх сяброў i знаёмых, звычайна карыстаюся рускай, а тут чамусьцi захацелася ўзгадаць родную мову. Прычым пераход гэты я зрабiў цалкам непрыкметна для сябе.
Трэба было бачыць вочы суразмоўцы, якiя то звужалiся, то раптам расплюшчвалiся, то мігалi, як начныя святлафоры. Я нават пачаў сумнявацца ў адэкватнасцi старога таварыша.
– Ты ж, я чуў, у рускамоўнай газеце працуеш, – такi не вытрымаў ён i спынiў мяне на паўслове.
– Так, але ж да гэтага працаваў у беларускамоўнай…
– Паважаю, – зноў перабiў ён, моцна ўчапiўся ў маю далонь, патрос яе i… пайшоў.
Чаму сябра з майго мінулага так здзiвiўся? Бо ведаў, што гадоў з дваццаць таму я i двух слоў на матчынай мове звязаць не мог.
Дзяцiнства маё прайшло ў дварах на брэсцкай плошчы Ленiна. Так здарылася, што ў вёску да бабулi з дзедам па бацькоўскай лiнii не ездзiў. А матуля мая – полька. Мабыць, таму мы часцей глядзелi польскую “тэлевiзiю”, чым нашу. Ды й што там было глядзець на савецкiх блакiтных экранах на пачатку васьмiдзясятых! Вось я i блытаў на школьных занятках беларускія нашы словы з польскiмi. А ва ўнiверсiтэце на факультэце замежных моў налягаў, зразумела, на англiйскую, якую на пару з польскай ведаў куды дакладней за родную.
Так бы i працягвалася надалей, калi б лёс не звязаў мяне ў сярэдзiне дзевяностых з “Народнай трыбунай”, дзе прыйшлося не толькi размаўляць, але i думаць на мове, якую я, беларус, больш чым 20 гадоў i роднай не лiчыў.
Месяц сур’ёзнай практыкi, работа са слоўнiкамi, перачытаў яшчэ раз васьмiтомнiк Уладзiмiра Караткевiча, якi залпам праглынуў у студэнцкiя гады (прызнаюся, быў у мяне, заўзятага iншамоўцы, такi “грашок”). I пайшло-паехала!
Хэпi-энд? Не, забыўся пра галоўнае. Пра тых, хто быў побач, хто быў для мяне другой сям’ёй, хто дапамагаў трывала стаць на ногi ў журналiстыцы. Расцiслаў Пратасевiч, Iрына Арлова, Георгiй Лебедзеў, Мiкола Панасюк, Уладзiмiр Барысюк, Барыс Зiнкевiч, Сцяпан Супрун, Фёдар Сыцiн, Святлана Таболiч, Святлана Шаблiнская. Дзякуй вам, калегi! Дзякуй, “НТ”! Шчыра вiтай матчынай мовай доўгiя гады! I сей роднае слова так, каб яно гучна адгукалася ў нашых сэрцах. Прынамсi, як гэта здарылася са мною.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.