Дзяржаўная палітыка: курс на мадэрнізацыю
У мінулую сераду старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар правёў у Пружанах выязную нараду па пытанні мадэрнізацыі прадпрыемстваў і арганізацый вобласці
Пра важнасць абмяркоўваемага пытання гаварыў не толькі спіс асоб, запрошаных на нараду, сярод якіх – кіраўнікі гаррайвыканкамаў і адміністрацый раёнаў Брэста, абласных арганізацый і ўстаноў банкаў, структурных падраздзяленняў абл-выканкама, а таксама ўдзел у ёй памочніка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Пятра Пракаповіча. Пётр Пятровіч напярэдадні наведаў некаторыя раёны, дзе знаёміўся з ходам выканання даручэння Кіраўніка краіны па мадэрнізацыі прадпрыемстваў і арганізацый. Тое, што зроблена на месцах на 1 студзеня, у Пружанскім раёне ў прыватнасці, выклікала занепакоенасць памочніка Прэзідэнта: на некаторых прадпрыемствах няма нават планаў правядзення мадэрнізацыі. А няма дакументаў – няма і работы. І калі б не невялікі тэрмін Міхаіла Сяркова на пасадзе кіраўніка раёна (менш чым два месяцы), канстатаваў Пётр Пракаповіч, то яму за гэта давялося б паплаціцца ёю…
Адкрываючы нараду, старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар зазначыў, што задачы па мадэрнізацыі прадпрыемстваў і арганізацый і сама работа па іх ажыццяўленні не новыя. Ды на месцах па іх рэалізацыі фактычна пакуль нічога не робіцца. Размовы вядуцца, задачы ставяцца, а праблемы застаюцца.
Чаму? Адказ на гэтае пытанне паспрабаваў даць першы намеснік старшыні аблвыканкама Міхаіл Юхімук, які выступіў перад удзельнікамі нарады са справаздачай “Аб Праграме мадэрнізацыі прадпрыемстваў і арганізацый вобласці”. Выступоўца яшчэ раз агучыў колькасць прадпрыемстваў, якія падлягаюць мадэрнізацыі, і за кошт якіх сродкаў яна будзе весціся, давёў да ведама прысутных, што маюцца таксама планы яе правядзення. Праблема маруднай іх рэалізацыі, на думку Міхаіла Юхімука, у высокім узроўні працэнтных ставак па крэдытах, якія выдаюцца на правядзенне запланаванага.
А вось пра тое, што канкрэтна ўжо зроблена на месцах і што яшчэ не зроблена, пачуць не давялося, на што звярнуў увагу кіраўнік вобласці. Канстанцін Сумар зазначыў таксама, што гаворка павінна весціся не толькі пра тыя 293 прадпрыемствы, якія ўключаны ў праграму мадэрнізацыі. Неабходна дайсці да ўсіх прадпрыемстваў, якія маюцца на Брэстчыне.
Дапоўнілі выступоўцу кіраўнікі рэгіёнаў і абласных арганізацый. Старшыні Пінскага і Баранавіцкага гарвыканкамаў Аляксандр Гордзіч і Віктар Дзічкоўскі, Кобрынскага, Бярозаўскага, Ганцавіцкага і Пружанскага райвыканкамаў Мікалай Кенда, Юрый Наркевіч, Аляксандр Саланевіч, Міхаіл Сяркоў, кіраўнік адміністрацыі Маскоўскага раёна Брэста Аляксандр Рагачук, генеральны дырэктар абласнога вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Аляксандр Тыцык, генеральны дырэктар БАУП “Упраўленне ЖКГ” Сяргей Лабанаў, генеральны дырэктар аб’яднання “Брэстаблсельбуд” Пётр Масальскі правялі своеасаблівы лікбез для калег. У кагосьці гэта атрымалася лепш, у кагосьці – горш. Але кожны кіраўнік спрабаваў давесці да ўдзельнікаў нарады свае напрацоўкі ў плане мадэрнізацыі прадпрыемстваў і разлікі эфектыўнасці, якую яна прынясе. Даць тым самым ацэнку сваёй рабоце ў гэтым кірунку, а калегам –
магчымасць параўнаць з тым, што зроблена ў іх.
На прадпрыемствах жыллёва-камунальнай гаспадаркі акцэнт бу-дзе зроблены на зніжэнне сабекошту паслуг, нормаў расходу энергіі на адзінку выпускаемай прадукцыі, страт пры транспарціроўцы энергіі, расходу гаруча-змазачных матэрыялаў, аўтаматызацыю працэсаў, якія дазволяць скараціць ручную працу. А вось у будаўніцтве згодна з планам мадэрнізацыі прадпрыемстваў будзе набывацца і абнаўляцца абсталяванне і транспарт, хоць і таго, што ёсць, па словах Пятра Масальскага, дастаткова, каб выйсці на запланаваныя на пяцігодку паказчыкі. Будзе зроблены таксама ўпор на паляпшэнне ўмоў працы і аптымізацыю колькасці арганізацый. У лесагаспадарчым аб’яднанні мадэрнізацыю звязваюць і з набыццём высокапрадукцыйных “харверстараў” – да канца 2015 года тут плануюць купіць яшчэ 11 такіх агрэгатаў. Адна такая машына замяняе 30 лесарубаў…
Падагульняючы размову, памочнік Прэзідэнта Пётр Пракаповіч засяродзіў увагу прысутных на тым, што практычна ва ўсіх праектах мадэрнізацыі няма самага галоўнага – за кошт чаго яна будзе праведзена і колькі будзе каштаваць. Акрамя тэхнічнай і тэхналагічнай мадэрнізацыі, на якую зроблены акцэнт, варта было б звярнуцца і да эканамічнай, эфект ад якой значна большы. Таму пытанні эканамічнай мадэрнізацыі таксама павінны прапрацоўвацца. Нельга забываць і пра аптымізацыю вытворчасці. Задача сённяшняга дня –
неадкладная рэалізацыя бізнес-планаў мадэрнізацыі. А яшчэ –
стварэнне новых прадпрыемстваў і новых рабочых месцаў за кошт малога і сярэдняга бізнесу.
Свой погляд на пачутае выказаў Канстанцін Сумар: “Мы ўжо нагаварыліся. Зараз усе планы неабходна пераводзіць у практычную плоскасць. Таму раз у два месяцы на спецыяльных пасяджэннях выканкама будзем аналізаваць, што зроблена ў плане мадэрнізацыі і на якія параметры выходзім. Галоўныя сярод іх – як расце выручка і дабаўленая вартасць на аднаго работніка і заработная плата”.
Надзея ЯЦУРА, “НТ”,
г. Пружаны.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.