Школьнікі Берасцейшчыны вызначыліся ў рэспубліканскім творчым конкурсе, які праводзіў дзіцячы часопіс “Качели”
Гэтае творчае спаборніцтва доўжылася ні многа ні мала – аж два гады. Рэдакцыя папулярнага дзіцячага часопіса “Качели” прапанавала школьнікам конкурс “Каб бацькоўская мова непаўторнаю кветкай цвіла…”. Вершы і казкі, легенды і эсэ, заметкі і нават навуковыя даследаванні даслалі дзеці і падлеткі ў Мінск. Шэраг работ былі надрукаваны за гэты час у часопісе. Іх аб’яднала павага да роднай мовы, любоў да беларускага слова, хваляванне за яго будучыню. А на зімовых школьных канікулах у сталіцы ўшанавалі пераможцаў і прызёраў, таксама актыўных удзельнікаў конкурсу.
Не без гонару можна зазначыць, што ў рэспубліканскім творчым спаборніцтве вызначыліся і школьнікі Брэстчыны. Так, у ліку тых, хто заняў 1-е месца, – вучань СШ №8 г. Брэста імя Героя Беларусі Уладзіміра Карвата Аляксей Таболіч. Узнагароды за 2-е месца прысуджаны Марыі Паўловіч з гуртка “Юны журналіст” Цэнтра дзіцячай творчасці г. Івацэвічы, выпускніцы СШ №1 г. Жабінкі, юнкару “Народнай трыбуны” Дар’і Ніканчук. Сярод атрымаўшых узнагароды за 3-е месца – Валерыя Мамончык з СШ №2 г. Баранавічы, Аляксандра Сергяйчук з клуба “Спадчына” Стайкаўскай СШ Івацэвіцкага раёна і Аліна Цвікевіч з паэтычнага клуба “Альтанка” гімназіі г. Іванава, творы якой знаёмыя чытачам “НТ”. Юлія Пунчык, таксама з “Альтанкі”, адзначана заахвочвальным прызам.
Вось такі плён прынесла беларускае слова школьнікам, у якіх, будзем спадзявацца, застанецца жаданне любіць і ведаць бацькоўскую мову, карыстацца ёю ў паўсядзённасці.
Вольга ЛЕАНАВЕЦ, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.