Беларусь

Царква ў гонар Божай Маці ў Ізбійскім Бары бліз Ганцавіч будзе адкрыта


Можна не сумнявацца: царква ў гонар Божай Маці ў Ізбійскім Бары бліз Ганцавіч будзе адкрыта
На 20-м кіламетры аўтадарогі Ганцавічы – Будча ёсць месца, дзе позірк затрымлівае паласа гонкіх соснаў з завязанымі на іх (наколькі дастае рука) каляровымі стужкамі. Ізбійскі (Узбійскі, Узбіцкі) Бор – так называецца гэта месца.
– Некалі тут, гэта метраў за 50 ад дарогі, стаяла царква ў гонар Прасвятой Багародзіцы, – гаворыць Лідзія Занька, загадчык аддзела ідэалагічнай работы Ганцавіцкага райвыканкама, якая знаёміць нас, журналістаў “НТ”, з гісторыяй больш як 150-гадовай даўнасці. – Кажуць, манах Бернард, ратуючыся ад уніятаў, схаваў ікону Багародзіцы ў лесе паміж Дзяніскавічамі і Будчай. Яе знайшоў селянін-пастух, які збіраў пагубленых кароў. Ён заўважыў святло, што праменіла з-пад дрэва, – гэта была ікона. Захавалася і яшчэ адна легенда: мясцовыя людзі ўпэўнены, што, як і ў Жыровічах, Маці Божая сама сыходзіла сюды. Раней тут струменілі крыніцы, якія мелі гаючую, ачышчальную сілу. Гэта і паклікала ў Ізбійскі Бор шматлікіх паломнікаў. На святым месцы пабудавалі капліцу, а пасля –
і царкву. Як сказана ў выпісцы з архіўных дакументаў, што захоўваюцца ў Свята-Ціханаўскім храме горада Ганцавічы, “с разрешения Минской Духовной консистории по указу 20 июля 1859 года за № 4807 тщением священника Людвига Горбацевича и старосты церковного Герасима Глеба”.
Мы стаім на месцы былой царквы, якая была зруйнавана ў 40-ыя гады мінулага стагоддзя. Захаваўся, хоць і не цалкам, падмурак будынка.
Дарэчы, ужываць у адносінах да згаданай царквы азначэнне “былая” не зусім правільна, бо сутнасць не ў сценах. І нічога, што цяпер замест іх – сосны і бярозы, а замест даху –
блакітны нябесны купал…
– Летась,  28 жніўня, на Успенне, адбылося асвячэнне гэтага месца, – працягвае Лідзія Мікалаеўна. – Але і раней штогод сюды ад вёскі Будча ішоў  хрэсны ход, праводзілася святочная служба. Людзі з навакольных вёсак (і не толькі з іх) бываюць тут і ў звычайныя дні.
Пра тое, што вернікі не забываюць святое месца, сведчаць стужкі на дрэвах і крыжах. Па словах нашай суразмоўцы, крыжы на яе памяці былі тут заўсёды. На асобных з іх мы заўважылі прымацаваныя іконы з выявай Божай Маці.
– Наша царква абавязкова адродзіцца. І, ведаеце, чаму? – задае пытанне прадстаўнік раённай улады. – Бо за яе ўзнаўленне ўзяўся не хто іншы, як протаіерэй Пётр Піліпчук, настаяцель Свята-Ціханаўскага храма. Гэта чалавек, які ніколі не спыняецца на паўдарозе. Праўду сказаць, вернікі суседніх прыходаў некалькі раўніва адносяцца да таго, што менавіта айцец Пётр узяўся за будаўніцтва. Дзеля гэтага нават спецыяльнае рашэнне аблвыканкама было прынята, каб урочышчам Ізбійскі Бор  дапоўніць тэрыторыю дзейнасці прыхода Свята-Ціханаўскага храма.
У райвыканкаме нам яшчэ напярэдадні паездкі паказалі дакументы, з якіх вынікала, якая вялікая падрыхтоўчая работа выканана протаіерэем Пятром Піліпчуком па адраджэнні святыні. Так, на цяперашні час узгоднена з адпаведнымі структурамі ў Савеце Міністраў месца размяшчэння зямельнага ўчастка для будаўніцтва капліцы ў гонар Успення Божай Маці. Апякунскі савет пры ганцавіцкім храме абавязаўся фінансаваць будаўніцтва ва ўрочышчы Ізбійскі Бор. Маецца пагадненне аб дапамозе тэхнікай на час узвядзення аб’екта будаўнічымі арганізацыямі з Ганцавіч, закуплены патрэбныя піламатэрыялы, падрыхтаваны і адпраўлены на экспертызу праект будынка…
А крынічку мы знайшлі зусім недалёка ў лесе, метраў за 10 ад падмурка былой царквы. Крынічка нежывая, ці, можа, яна проста схавалася ад няўдзячных людзей, якія некалі зруйнавалі святое месца. Пройдзе не так многа часу, і добрыя людзі ўзновяць царкву, ачысцяць ад глею крынічнае дно. І загучыць вада ў ёй у суладдзі з царкоўнымі званамі. Чамусьці менавіта тут, ля падмурка былой і будучай царквы, прыйшоў на памяць наказ старога настаўніка з вядомага шамякінскага рамана. “Не забывайце, калі ласка, пра крыніцы, –
прасіў моладзь мудры пражытым чалавек, – а то заплывуць, заб’юцца, перасохнуць… Крыніцы павінны быць чыстыя”.
Мікола СЯНКЕВІЧ, “НТ”,
Ганцавіцкі раён.
Фота Аляксея ГАНЧУКА, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля