Гаспадыня вялікага дома, або Як збылася дзіцячая мара Аксаны Мешчараковай

Гаспадыня вялікага дома, або Як збылася дзіцячая мара Аксаны Мешчараковай

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Гісторыя стварэння гэтай сям’і старая, як жыццё: сустрэліся, пакахалі, ажаніліся. Хоць адметнасць адна і была. Будучая жонка Мікалая Мешчаракова, 18-гадовая Аксана, пагадзілася на шлюб  з ім пры ўмове, што ў сям’і будзе не менш за трое дзяцей. Чаму не адно-двое, як прынята ў большасці сем’яў? Магчыма, таму, што  яны з сястрой у бацькоў былі  ўдваіх. І ў маленстве дзяўчынка  шчыра зайздросціла сяброўкам,  якія выхоўваліся  ў вялікіх сем’ях. Там  і работа любая  разам ішла спарней, і святы праходзілі весялей. Ды і бацькі Аксаны выхоўваліся ў шматдзетных сем’ях. У мамы было чацвёра братоў і сясцёр, а ў таты – пяцёра. Чым не прыклад для пераймання?
Яшчэ Аксана хацела, каб у іх быў свой дом. Не  кватэра ў шматпавярхоўцы – у такой яна жыла са сваімі бацькамі, а вялікі дыхтоўны асабняк. З прасторнай кухняй, у якой ёй, як гаспадыні  сямейства, было б дзе развярнуцца, з пакоямі для дзяцей, з утульнай залай для сумесных сустрэч вечарамі. І абавязкова –
участак зямлі каля дома. Вельмі ж смачныя гурочкі з градкі, перац і кавуны, вырашчаныя сваімі рукамі. Ды і яйкі ад хатніх курэй ні ў  якое параўнанне не ідуць з тымі, што прадаюць у магазіне…
Пра ўсё гэта гаспадыня дома №51 па вуліцы Гандлёвай у Кобрыне расказвала падчас сустрэчы, якая адбылася незадоўга да Дня маці. Нагодай для яе паслужыла  ўзнагароджанне  Аксаны Мешчараковай ордэнам Маці – за нараджэнне і выхаванне пяці і больш дзяцей.  У сям’і Мешчараковых іх – аж дзевяць! Утрая больш, чым перад замужжам планавала Аксана. Галоўнае багацце бацькоў: дзве дачушкі – Наталля і Ангеліна, а таксама сем сыночкаў –
Багдан, Дзіма, Жэня, Майсей, Данііл, Самуіл і Веньямін. Дарэчы, шасцёра старэйшых ужо ходзяць у школу. Данііл і Самуіл наведваюць дзіцячы сад. І толькі самы малодшанькі Веня, якога ў сям’і ласкава называюць Вітамінкам, увесь час з мамай.  Прымосціцца ёй на калені, пяшчотна прытуліцца да грудзей – і няма  для абаіх большага шчасця…
Выхаваннем дзяцей у сям’і Мешчараковых займаецца мама. Яна збірае і  адпраўляе іх у школу і дзіцячы сад, сустракае пасля заняткаў, гатуе ім абеды, дапамагае рыхтаваць урокі. Заўсёды цікавіцца справамі сваіх музыкантаў: Наташа, Ангеліна, Дзіма і Багдан займаюцца яшчэ і ў музычнай школе. Дзяўчынкі –
па класе фартэпіяна, Багдан іграе на скрыпцы, Дзіма – на трубе.
І хоць спраў у хатняй гаспадыні  (менавіта такі статус зараз у Аксаны) хапае,  абавязкова знойдзе вольную хвілінку для свайго любімага занятку. З нядаўняга часу яна займаецца вырабам заколак для валасоў. І атрымліваюцца яны ніколькі не горшыя за тыя, што прадаюцца ў магазінах. Іх з задавальненнем носяць  як свае, так і суседскія дзяўчынкі. Бывае, што і заказы на іх выраб атрымлівае. А гэта, хоць і невялікія грошы,  –  яе асабісты ўклад у сямейны бюджэт.
Галоўны здабытчык у сям’і – муж Мікалай. Ён працуе рэзчыкам пластмасы ў сумесным таварыстве з абмежаванай адказнасцю “ВП “Палессе”, а яшчэ –
на падпрацоўках, бо на адну зарплату такой вялікай сям’і пражыць зараз цяжка. Асабліва калі надыходзіць час збіраць дзяцей у школу. Таму ў планах на перспектыву ў шматдзетнай маці –
вывучыцца на швачку. Каб самой шыць дзецям нешта асаблівае, не такое, як ва ўсіх. А пакуль што вывучылася на вадзіцеля і зараз сама адвозіць дзяцей  на машыне ў школу і сад, а вечарам – забірае. Яшчэ за гады замужжа Аксана навучылася тынкаваць, рабіць дэкаратыўную лепку. Зараз жанчына не без гонару паказвае плён сваёй працы ва ўласным доме. Вельмі ганарыцца, што ў яе ёсць прасторная кухня, у дзяцей –
свае пакоі, а ў дадатак вялікая зала з піяніна ды ўчастак зямлі, на якой яны дружна працуюць.
– А муж дапамагае ў выхаванні дзяцей? – пытаюся ў Аксаны.
– Муж у мяне – цудоўны чалавек. З іншым я, магчыма, і не радзіла б столькі дзяцей. Ён і есці ім прыгатуе, калі дома, і ўрокі праверыць. Нават калі я ў бальніцы бываю, мы не звяртаемся па дапамогу да бабуль. Коля сам спраўляецца з дзецьмі.  А ёсць час – з задавальненнем арганізоўвае для нас выезд на прыроду з пікнікамі і  спартыўнымі гульнямі. Дарэчы, мы з задавальненнем наведваем славутыя мясціны Беларусі. Сёлета, напрыклад, пабывалі  ў Брэсцкай крэпасці. Летась ездзілі ў Кіеў да знаёмых. У планах – наведванне страусінай фермы і Белавежскай пушчы.
Летам Мешчараковы былі ў запаведным лесе. Але маці марыць, каб дзеці ўбачылі заснежаную пушчу – а гэта прыгажосць неапісальная!.. Вось толькі ўмясціцца ў аўтамашыну такой вялікай камандзе з кожным годам становіцца ўсё складаней…
Размаўляючы з Аксанай,  я пацікавілася, ці прыцягвае яна да выхавання малых старэйшых дзяцей.
–  А навошта? Я – хатняя гаспадыня, таму з Веньямінам сама цалкам спраўляюся. Тым больш, што Данік і Самуіл хо-дзяць у садок. Старэйшыя ў нас і так загружаны па поўнай праграме: урокі, музычная школа, падрыхтоўка дамашняга задання. А ім жа яшчэ і пагуляць хочацца, з сябрамі сустрэцца. Ну хіба што, калі на вуліцы бываюць разам. Тады старэйшыя без напаміну за малымі самі прыглядваюць…
Падчас нашай сустрэчы маладая жанчына неаднаразова паўтарала, што з дзяцінства марыла пра вялікую сям’ю. А ў канцы прызналася, што хацела б узяць на выхаванне яшчэ дзяцей з дзіцячага дома. Праўда, муж да гэтага пакуль не гатовы. Але яны з Мікалаем яшчэ вернуцца да гэтага пытання. Пазней, калі падрастуць дзеці…
Надзея ЯЦУРА, “НТ”,
г. Кобрын.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Беларусь на 41-м месцы па паказчыках развіцця тэхналогій

Следующая запись

У вобласці ідзе масавая імунізацыя насельніцтва супраць грыпу