Як адрозніць каштоўныя камяні і металы ад іх імітацыі?
На розных выставах-кірмашах, рынках ды часам у магазінах нядобрасумленныя прадаўцы прапануюць не арыгінальныя мінералы ці каштоўныя металы, а іх імітацыі. Падробку, між тым, можа распазнаць не толькі спецыяліст, але і пакупнік.
САСНОВЫЯ СЛЁЗЫ
Упрыгажэнні з бурштыну (янтаря – па-руску) вельмі падабаюцца жанчынам. Але ж калі купляць – дык сапраўдны камень, а не падробку.
Калі правесці па паверхні бурштынавага вырабу нават не вельмі вострым лязом, натуральны камень дасць дробную крошку, а імітацыя з пластмасы – закручаную стружку. Калі крошку з дапамогай спіртоўкі падпаліць, дык у сапраўднага бурштыну з’явіцца прыемны лёгкі сасновы пах, а ў падробкі – рэзкі непрыемны пах і куродым, падобны на той, што ўзнікае ад аўтапакрышкі, якая гарыць.
Ёсць і больш просты спосаб праверкі. У звычайнай вадзе бурштын тоне, але ў саляным растворы (8-10 чайных лыжак паваранай солі на шклянку вады) усплывае, у той час як абсалютная большасць падробак так і застаецца на дне.
Вядома ж, з нажом, спіртоўкай, слоікам вады і пачкам солі на выставу ці ў магазін не пойдзеш, але калі вы прапануеце прадаўцу правесці з таварам згаданыя эксперыменты, упэўнены, ён адразу ж успомніць – натуральны ў яго камень ці штучны.
ШУКАЙЦЕ ЗУБРА!
Каб не купіць падробнае ці “палёнае” ўпрыгажэнне з каштоўнага металу, перш-наперш шукайце на ім кляймо Дзяржаўнай інспекцыі прабірнага нагляду. Беларускае прабірнае кляймо – з выявай зубра.
Па дзеючым заканадаўстве ўсе без выключэння ювелірныя вырабы з золата, плаціны і серабра, закупленыя за межамі Беларусі, неабходна “зазубрыць” у інспекцыі, а потым ужо прадаваць. Нават калі на вырабах ёсць кляймо з расійскім “какошнікам”, украінскім “трызубцам” ці яшчэ якім-небудзь замежным знакам. Кляймо з беларускім зубрам – знак адпаведнасці ўтрымання каштоўных металаў у ювелірных вырабах. Напрыклад, лік 875 побач з зубрам азначае, што на 1000 частак сплаву прыпадае 875 частак срэбра. Астатнія элементы ў залежнасці ад маркі сплаву (нікель, медзь, цынк, хром або алюміній) неабходныя для моцы ювелірных вырабаў, бо каштоўныя металы ў чыстым выглядзе мяккія, лёгка дэфармуюцца і драпаюцца.
Не знайшлі на кляйме зубра? Лепей не купляйце такое ўпрыгажэнне, бо можна занадта дорага заплаціць за танную рэч з тампаку (сплаў цынку і медзі), гольдзіну (медзі і алюмінію), бельджыкі (хрому, нікелю і жалеза), мельхіёру (медзі і нікелю), нейзільберу (медзі, цынку і нікелю) і іншых сплаваў.
Альберт БАГДАСАРАЎ,
прафесар геалогіі,
г. Брэст.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.