Беларусь

  • Главная
  • Экалогія
  • У Белавежскай пушчы адбылося 3-е пасяджэнне Савета ў галіне аховы навакольнага асяроддзя пры Інтэграцыйным камітэце ЕўрАзЭС

У Белавежскай пушчы адбылося 3-е пасяджэнне Савета ў галіне аховы навакольнага асяроддзя пры Інтэграцыйным камітэце ЕўрАзЭС


Напярэдадні яго ўдзельнікі пабывалі на экскурсіі ў Белавежскай пушчы, пра якую многія раней толькі   чулі. Дакрануцца ж да старажытнага лесу, які ў 1992 годзе рашэннем ЮНЕСКА ўключаны ў Спіс сусветнай спадчыны чалавецтва, змаглі толькі зараз, а таксама  ў  Музеі прыроды. Таму падчас пасяджэння яны не хавалі свайго захаплення ад убачанага і таго, што зроблена  і робіцца ў Беларусі для захавання гэтага ўнікальнага куточка Берасцейшчыны. А дырэктар Дэпартамента міжнароднага супрацоўніцтва Міністэрства прыродных рэсурсаў і экалогіі Расійскай Федэрацыі  Нурытдзін Інамаў пасяджэнне Савета ў гэтым запаведным месцы назваў “добрым знакам”. Маўляў, яно, у адрозненне ад таго, што адбылося ў 1991 годзе, калі быў падпісаны “прыгавор” існаванню СССР, скіравана на аб’яднанне краін. Няхай нават і ў галіне аховы навакольнага асяроддзя…
У пасяджэнні Савета, якое прайшло пад старшынствам віцэ-міністра аховы навакольнага асяроддзя  Рэспублікі Казахстан Ерлана Нысанбаева, удзельнічалі  кіраўнікі прыродаахоўных службаў дзяржаў-членаў  ЕўрАзЭС, а таксама прадстаўнікі Сакратарыяту Інтэграцыйнага камітэта ЕўрАзЭС з пяці краін: Беларусі, Расіі, Казахстана, Кіргізіі і Таджыкістана.
ДАВЕДКА: Савет у галіне аховы навакольнага асяроддзя пры Інтэграцыйным камітэце Еўразійскай эканамічнай садружнасці створаны рашэннем   Інтэграцыйнага камітэта ЕўрАзЭС 28 студзеня 2011 года. Асноўнымі задачамі Савета з’яўляюцца распрацоўка прапаноў, накіраваных на развіццё супрацоўніцтва ў галіне аховы навакольнага асяроддзя, і рашэнне агульных экалагічных праблем краін-удзельніц, а таксама садзейнічанне ў рэалізацыі адпаведных рашэнняў органаў Садружнасці.
Аб актуальных экалагічных праблемах у сваіх дзяржавах і пра шляхі іх вырашэння на пасяджэнні Савета расказалі  міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі Уладзімір Цалка, віцэ-міністр аховы навакольнага асяроддзя Казахстана Ерлан Нысанбаеў, дырэктар Цэнтра дзяржаўнага рэгулявання ў галіне аховы навакольнага асяроддзя і экалагічнай бяспекі Дзяржаўнага агенцтва аховы навакольнага асяроддзя і лясной гаспадаркі пры Урадзе Кыргызскай Рэспублікі Байгабыл Талангутаў, дырэктар Дэпартамента міжнароднага супрацоўніцтва Міністэрства прыродных рэсурсаў і экалогіі Расійскай Федэрацыі Нурытдзін Інамаў і Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Таджыкістан у Рэспубліцы Беларусь Казідаўлет Каімдодаў.
“Пытанні экалогіі і аховы навакольнага асяроддзя сёння не могуць вырашацца толькі адной краінай, яны набываюць глабальнае значэнне. У гэтым плане Савет пры Інтэграцыйным камітэце ЕўрАзЭС з’яўляецца пляцоўкай для эфектыўнага супрацоўніцтва эколагаў. Беларускі вопыт, асабліва ў сферы ўтылізацыі стойкіх арганічных забруджвальнікаў, мы ўзялі ўжо на ўзбраенне”, – канстатаваў падчас пасяджэння Ерлан Нысанбаеў. Прадстаўнік Казахстана  адзначыў таксама неабходнасць гарманізацыі прававой экалагічнай базы і большай інтэграцыі ў гэтай галіне.
На пасяджэнні Савета  былі абмеркаваны праекты Палажэння аб Каардынацыйным тэхнічным цэнтры ЕўрАзЭС у сферы аховы атмасфернага паветра, Пагаднення аб супрацоўніцтве дзяржаў-членаў Еўразійскай эканамічнай садружнасці ў галіне аховы навакольнага асяроддзя і Плана мерапрыемстваў па рэалізацыі  асноўных кірункаў супрацоўніцтва  дзяржаў-членаў ЕўрАзЭС у галіне аховы навакольнага асяроддзя на 2013-2014 і наступныя гады.
У прыроды няма мяжы. Таму працаваць па яе ахове і захаванні неабходна штодзённа і ўсім – незалежна ад таго, дзе жыве чалавек. Менавіта на гэта скіраваны прапановы Савета і падпісаны пратакол пасяджэння.
“Сёлетні год у СНД аб’яўлены  Годам экалагічнай культуры. У Беларусі ў гэтым кірунку зроблена вельмі многа, – сказаў у інтэрв’ю журналістам Уладзімір Цалка. – Па чысціні паветра і вады, рабоце з адходамі краіна займае лідзіруючыя пазіцыі на тэрыторыі Садружнасці. Поспехі нашай дзяржавы заўважаны і падтрыманы еўрапейскай супольнасцю. Так, за апошнія тры гады ЕС, Сусветны банк і Глабальны экалагічны фонд уклалі ў рэалізацыю экалагічных  праектаў каля 20 мільёнаў еўра. Сваім вопытам у вырашэнні экалагічных праблем  мы гатовы  падзяліцца з калегамі  па ЕўрАзЭС”.
Квітнеючым вынікам 3-га пасяджэння Савета стала алея маладзенькіх дрэўцаў, якую госці з Расіі, Казахстана, Кыргызстана і Таджыкістана пасадзілі ў абласным цэнтры.
Надзея ЯЦУРА, “НТ”.

Тамара ЯЛКОЎСКАЯ, старшыня абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя:
– Я ўпершыню ўдзельнічала ў мерапрыемстве такога маштабу, і мне было цікава даведацца пра экалагічную сітуацыю ў краінах, прадстаўнікі якіх выступалі на пасяджэнні Савета, пра тое, як там вырашаюцца пытанні ў галіне аховы навакольнага асяроддзя. Прыемна, што і ў суседняй Расіі, і ў больш далёкіх Казахстане, Кіргізіі і Таджыкістане нямала робіцца ў плане захавання прыроды, што, акрамя прыняцця заканадаўчых актаў, ажыццяўляецца шмат практычных праектаў.
Са свайго боку нам было пра што расказаць сваім калегам: у Беларусі назапашаны багаты вопыт па захоўванні водна-балотных угоддзяў і аднаўленні парушаных экалагічных сістэм, многа робіцца па захаванні стойкіх арганічных забруджвальнікаў. Ёсць што і паказаць таксама. Перш за ўсё, нашу галоўную славутасць – Белавежскую пушчу. Між іншым, члены Савета самі прасілі правесці 3-е пасяджэнне ў Нацыянальным парку.  Замілавальна было назіраць, як госці ўжывую ўспрымалі наш запаведны лес, тых жа зуброў, пра якіх многія з іх ведалі толькі са школьных падручнікаў. Здзейснілася іх жаданне пабываць у нашай святыні – Брэсцкай крэпасці. Спадзяюся, што знаходжанне на Берасцейшчыне пакінула ў душах гасцей глыбокі след…

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля