Чароўны куфэрак свята
У V абласным фестывалі фальклорнага мастацтва “Радавод”, які прайшоў у мінулыя выхадныя ў Іванаве, прынялі ўдзел больш як 180 фальклорных калектываў вобласці, а таксама госці з Расіі і Польшчы
“БЕРАСЦЕЙСКІ КУФАР” І “БАБУЛІНА КУХНЯ” Ў “ГОРАДЗЕ МАЙСТРОЎ”
За гадзіну, быццам па ўзмаху чарадзейнага кіёчка, на плошчы Леніна ўтварыўся сапраўдны “Горад майстроў”. Так называўся конкурс дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Дарэчы, экспазіцыі кожнага раёна мелі свае рэгіянальныя асаблівасці: пінчане былі адметныя вырабамі разьбяроў па дрэве, баранавіцкая “хата” – мудрагелістымі шыкоўнымі саламянымі капелюшамі, бярозаўскія ўмельцы – цудоўнымі льнянымі лялькамі…
У кожным двары “Горада майстроў” мелася свая “Бабуліна кухня”. Як тут забыць, што беларусы славяцца гасціннасцю: велічныя караваі, стравы ў гаршчочках, разнастайнае печыва і нават смажаныя ўюны. На імправізаваным паркане вялікімі літарамі было напісана: “Дзе ж тыя госці?”. А гасцей паціху прыбаўлялася. Яны з ахвотай частаваліся традыцыйнымі палескімі стравамі і нахвальвалі гаспадароў. А з печы, як з таго цудоўнага рога багацця, сыпаліся піражкі “Выхватні з макам”, хвораст “Лядзяцкія хрушчы”, пірог “Кучаравая храпа”… Юныя гаспадынькі-беларусачкі з густам накрылі сталы, на якіх былі не толькі пірагі, але і вясковыя каўбасы, запечаныя парасяты, бярозавы квас, травяныя напоі. “Таркаванка”, “Льнянікі”, “Бяздушнікі”, “Каплун”, “Скрылькі” – да бясконцасці можна пералічваць адмысловыя і прыгожыя найменні страў.
“Пружанская гасцёўня”, “Кобрынская скарбонка”, “Ляхавіцкі карагод” і многія іншыя выставы з розных рэгіёнаў яскрава дэманстравалі, што багацце народа – гэта не толькі развітая эканоміка, але, у першую чаргу, высокая нацыянальная сама-свядомасць, веданне гісторыі свайго народа, яго культуры і традыцый.
Звяртанне да фальклору сёння мае глыбокі сацыяльны сэнс, з’яўляючыся сродкам эстэтычнага, духоўнага і патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі. З улікам гэтага і быў распрацаваны праект “Радавод”.
МАГІЧНАЯ СІЛА НАРОДНЫХ АБРАДАЎ
Якіх толькі мерапрыемстваў не было падчас фестывалю!
Святочнае шэсце ўдзельнікаў фальклорных калектываў з усёй Брэстчыны па вуліцы Савецкай ператварылася ў вяснова- летні абрад «Юр’я». Яго славяць словамі: «Святы Юры, дапамажы нам ва ўсім дабром, дай нам меру сонца, цяпла, дажджу, здароўя людзям і нашай скацінцы». Затым гучыць абрадавая песня «Ды мы Юрыя сустракаем». І тут здзейсніўся цуд: пайшоў цёплы з бурбалкамі дождж, якога доўга чакалі іванаўцы. Ну, як тут не паверыць у магічную сілу народных абрадаў?!
Пакуль дзяўчынкі ў нацыянальных касцюмах падносілі хлеб-соль ганаровым гасцям, з пляцовак толькі і чуліся сардэчныя прывітанні на местачковых гаворках, а гледачам выпала магчымасць пазнаёміцца з юнымі таленавітымі артыстамі Берасцейшчыны, Расіі, Польшчы. Сярод ганаровых гасцей фэсту быў Міхаіл Ціханчук – начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама, Юрый Бісун – старшыня Іванаўскага райвыканкама.
На працягу ўсяго фестывалю не спыняліся канцэртныя праграмы на шасці пляцоўках: каля гарадскіх школ, на міні-рынку “Альфард”, каля міні-маркета “Святлана” і на сцэне летняй эстрады ў гарадскім парку. Фальклорныя калектывы мяняліся адзін за адным: па-добраму захаплялі таленты з усіх рэгіёнаў Брэстчыны. Здзіўлялі сваёй разнастайнасцю іх нумары. Каля 1200 удзельнікаў фестывалю стварылі сапраўднае свята. Ад такіх шчымлівых музыкі і песень сэрца напаўнялася дабрынёй, ад смачнай бабулінай ежы настрой станавіўся лагодным, а ад мілагучнай роднай мовы нарастала любоў да Айчыны.
Непаўторна выступалі змешаныя фальклорныя калектывы, інструментальныя фальклорныя групы, фальклорныя танцавальныя групы, выканаўцы на старадаўніх музычных інструментах, салісты –
выканаўцы абрадавых песень. Былі конкурсы сямейных фальклорных гуртоў, касцюма, танцавальных пар, вядучых народных гульняў і гульнявых праграм…
ВЕДАЦЬ. ШАНАВАЦЬ. ПАМНАЖАЦЬ
Трэба было бачыць, з якім імпэтам выступалі юныя артысты! Адна за другой, быццам у калейдаскопе, змяняліся на сцэне яркія самабытныя карцінкі: абрад Куста, Купалле, палескае вяселле, гуканне вясны, вясковыя гулянні ў рэлігійныя святы, побытавыя сцэнкі… Прычым, у прадстаўнікоў кожнага рэгіёна –
сваё адзенне, свая манера выканання, свая гаворка. Для журы было нялёгкай справай вызначыць лепшых з лепшых.
Дыпломы “За развіццё і зберажэнне фальклорнага мастацтва” – як узнагароду аддзелам адукацыі тых раёнаў, чые калектывы яскрава праявілі сябе ва ўсіх напрамках фестывальнай праграмы, – падрыхтавала ўпраўленне адукацыі аблвыканкама. Гран-пры атрымалі прадстаўнікі Іванаўшчыны, дыплом першай ступені – Камянецкага, а другой і трэцяй – Столінскага і Маларыцкага раёнаў адпаведна. Дарэчы, Гран-пры іванаўцы заваёўваюць ужо не першы год. Гэта сведчыць пра тое, што мясцовыя настаўнікі надаюць вялікую ўвагу захаванню культурнай спадчыны свайго рэгіёна і выхаванню падрастаючага пакалення на прыкладзе яе лепшых традыцый.
Марыя ФЕДАРУК, “НТ”,
г. Іванава.
Фота аўтара.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.