Беларусь

  • Главная
  • Актуальна!
  • Экспазіцыя “Брэст і Брэсцкая крэпасць у 50-я гады XX стагоддзя” праходзіць у Брэсце

Экспазіцыя “Брэст і Брэсцкая крэпасць у 50-я гады XX стагоддзя” праходзіць у Брэсце


Экспазіцыя “Брэст і Брэсцкая крэпасць у 50-я гады XX стагоддзя” мастака Івана Мядзведзева адкрылася ў выставачнай зале ля Холмскіх варот у мемарыяльным комплексе
Наколькі змяніўся абласны цэнтр трошкі больш чым за паўстагоддзя, выдатна прадэманстравала экспазіцыя мастака Івана Мядзведзева “Брэст і Брэсцкая крэпасць у 50-я гады XX стагоддзя”. У акварэльных пейзажах, прадстаўленых у выставачнай зале ля Холмскіх варот, пазнаюцца рысы пасляваеннай крэпасці, чыгуначнага вакзала і іншых славутасцей горада.
Іван Мядзведзеў ствараў свае работы якраз тады, калі яшчэ не астылі камяні пасля страшэнных падзей у Брэсцкай крэпасці. Можа, таму яны пранізаны нейкай таямнічай трывожнасцю ці маўклівым спачуваннем. Гадаць можна бясконца, бо кожны з прысутных на экспазіцыі адчуў нешта сваё, гледзячы на гэтыя ціхія сведкі няўмольнасці часу. Ды адно мы ведаем дакладна: Іван Мядзведзеў не проста адлюстраваў асобныя фрагменты гісторыі крэпасці, але стварыў тым самым адну з яе новых старонак.
На суд прысутных выстаўлена 34 работы з прыватнай калекцыі Ірыны Кузняцовай – дачкі мастака. І гэта толькі невялічкая іх частка, усяго ж у скарбонцы Ірыны – больш за 700 твораў бацькі. Менавіта ёй належыць ініцыятыва правядзення выставы ў Брэсце, прысвечанай, дарэчы, 100-гадоваму юбілею майстра.
– Я сама мастак, і мой муж таксама, – прызналася Ірына Кузняцова, – а таму не па чутках ведаю, як цяжка атрымаць добрую выставачную залу для экспазіцыі. У Брэсце ў гэтым плане ўсё арганізавана на самым высокім узроўні. Спачатку думала, што памяшканне дадуць на дзень-два – не больш, а тут прапанавалі прадоўжыць працу экспазіцыі аж да зімы (яна завершыцца 1 студзеня – Н. Л.). У сваю чаргу, таксама хачу прэзентаваць падарунак музею: я фатаграфавала тыя мясціны, якія пісаў бацька, потым зраблю камп’ютарную графіку – і разам з гэтымі акварэлямі атрымаецца цэлая канцэпцыя. Людзі, якія прыйдуць на выставу, змогуць убачыць, што сёння сабой уяўляюць намаляваныя аб’екты, і параўнаць, наколькі яны змяніліся. Пасля гэтай экспазіцыі брастаўчане пабачаць і серыю работ, прысвечаных Белавежскай пушчы. Таму гасцінна запрашаем!
Нагадаем, Іван Мядзведзеў – удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Якраз пасля яе завяршэння – у 1946 годзе –  майстар атрымаў дыплом Акадэміі мастацтваў у Ленінградзе. У гэты ж перыяд Іван Васільевіч заняў пасаду галоўнага мастака тэатра оперы і балета ў Вільнюсе і адначасова выкладаў у мясцовым мастацкім інстытуце. З 1959 па 1967 гады ён – галоўны мастак Мінска пры Мінгарвыканкаме, прычым таленавітага майстра асабіста запрасілі ўлады БССР для ажыццяўлення грандыёзных архітэктурных работ па рэканструкцыі сталіцы.
Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля