Каб быць здаровым, трэба жыць у радасці

Каб быць здаровым, трэба жыць у радасці

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Праблемы  здароўя і даўгалецця заўсёды займалі розумы людзей. Многія навукоўцы хацелі стварыць цудадзейны сродак для захавання вечнай маладосці і бадзёрасці. Аднак яго пакуль не ўдалося распрацаваць нікому. Ды ўсё ж ёсць некаторыя сакрэты. Якія цуда-сродкі ведаюць нашы землякі, каб быць прыгожымі, здаровымі і бадзёрымі? Паслухаем удзельнікаў і наведвальнікаў IX Міжнароднай выставы-кірмашу “Садзейнічанне здароваму ладу жыцця – 2013”.
Сям’я Паповых,  пераможцы абласнога конкурсу “Здаровая сям’я”:
– Любіць жыццё, сябе і ўсіх навакольных –  гэта велізарны крок да здароўя. Але не трэба забываць і аб спорце, правільным харчаванні, а галоўнае – мець жаданне быць здаровымі.
Ян Шамаеў, вучань СШ № 9 г. Брэста:
– Бацькі з дзяцінства прывучылі мяне займацца спортам, фізкультурай (таму я ніколі не прапускаю яе ў школе). Быць упэўненым у сабе і нічога не баяцца, тады любую хваробу можна перамагчы. Не трэба забываць пра ўрачоў і наведваць іх часцей для прафілактыкі, а не толькі ў самых крытычных сітуацыях.
Аксана Трушкова, спецыяліст па арганізацыйна-метадычнай рабоце Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа:
– Прывучайце сябе пастаянна выконваць правілы асабістай гігіены. Гэта самы лёгкі, але вельмі важны крок да здароўя. Пачынайце кожны свой дзень з усмешкі –  змрочныя людзі хварэюць часцей. Працуйце над сабой, бо здароўе –  гэта не толькі фізічны стан, але і псіхалагічны, стан вашай душы. Чалавек павінен знаходзіцца ў спакоі, у гармоніі з сабой і навакольнымі. Быць ветлівым і з добрым настроем – тады і самаадчуванне будзе лепшым.
Аляксей Сапежук, стаматолаг:
– Прынцыпы здаровага ладу жыцця вядомыя многім, так што першаадкрывальнікам не буду. Тым не менш, гадаю яшчэ раз: не курыце, не злоўжывайце спіртным, не грэбуйце сном. Для дарослых здаровы сон –  гэта мінімум 8 гадзін у суткі. Піце як мага больш звычайнай чыстай вады. Ну, і не забывайце кожны дзень –  раніцай і ўвечары перад сном – чысціць зубы. Хачу адзначыць, што няправільнае харчаванне ўплывае і на стан зубоў. Недастатковая колькасць вітамінаў у ежы можа прывесці да таго, што ў хуткім часе вам давядзецца наведаць стаматолага. Наогул, лепш гэта рабіць адзін раз у паўгода, нават калі вы ўпэўнены, што ў вас самыя здаровыя зубы.
Клоўны валанцёрскай Акадэміі добраахвотніцтва БрДУ імя А.С. Пушкіна:
– Рабіце кожную раніцу зарадку для ўзняцця настрою і ўмацавання мышцаў. Усміхайцеся як мага больш і часцей. Не забывайце і пра добрыя справы –  рабіце іх хаця б разок у дзень. Стаўцеся з пазітывам да ўсяго, што не здарылася, радуйцеся кожнаму імгненню жыцця. Любіце людзей, і яны абавязкова адкажуць вам тым жа.

Меркаванні выслухала Сабіна ГАРАЕВА,
студэнтка БрДУ імя А. С. Пушкіна.
Фота аўтара.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

На канцэртную праграму запрашае Сяргей Кравец

Следующая запись

Пра коміксы, мультфільм і фінансавы футбол