Пра коміксы, мультфільм і фінансавы футбол
Праект павышэння фінансавай пісьменнасці ў першую чаргу разлічаны на маладых
У БрДУ імя А.С. Пушкіна прайшоў “круглы стол” на тэму фінансавай пісьменнасці і ахопу насельніцтва Брэсцкай вобласці фінансавымі паслугамі. Удзел у мерапрыемстве прынялі прадстаўнікі ўсіх банкаў і фінансавых структур Брэстчыны, выкладчыкі і студэнты. У якасці спецыяльных гасцей выступілі намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь Сяргей Дубкоў, начальнік Галоўнага ўпраўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці Іван Пацоўскі, кіраўнік сумеснага праекта Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь і Альянсу за фінансавую даступнасць Юрый Малафей.
– Усе мы з’яўляемся калегамі ў павышэнні фінансавай пісьменнасці, – засяродзіў увагу прысутных Сяргей Дубкоў. – Гэта агульнадзяржаўная задача, таму што ад узроўню фінансавай пісьменнасці залежыць фінансавая стабільнасць краіны, што з’яўляецца асновай дабрабыту і дзяржавы, і канкрэтнага чалавека. У першую чаргу праект накіраваны на маладых. Людзей старэйшых перавучыць цяжка, ім можна дапамагчы адаптавацца.
Як адзначыў выступоўца, існаваць у фінансавай сістэме становіцца ўсё складаней. Часам праблемы ўзнікаюць з-за недахопу інфармацыі аб тых ці іншых паслугах, а часам і з-за таго, што людзі імкнуцца перакласці адказнасць за важнае фінансавае рашэнне на дзяржаву. Па словах Сяргея Дубкова, людзі бяруць крэдыты, не задумваючыся аб тым, як будуць іх выплачваць. Вядома ж, для таго, каб парадак быў у эканоміцы краіны, павінен быць парадак у так званай мікраэканоміцы асобных грамадзян, вельмі важна ўмець рацыянальна планаваць свой сямейны бюджэт.
Менавіта для таго, каб з малых гадоў беларусы ўпэўнена адчувалі сябе на фінансавай прасторы, разлічаны праект павышэння фінансавай пісьменнасці насельніцтва. Нагадаем, што Галоўным упраўленнем Нацыянальнага банка РБ па Брэсцкай вобласці арганізаваны “Маршрут фінансавай пісьменнасці”. Ён уключае экскурсіі, наведванне музея, лекцыю і камп’ютарную гульню. Як расказаў Іван Пацоўскі, дзецям вельмі падабаюцца такія мерапрыемствы, асабліва папулярнай стала гульня “Фінансавы футбол”.
На гэтым банкіры не збіраюцца спыняцца. У бліжэйшы час будзе выдадзена кніга коміксаў для дзяцей, прысвечаная фінансам. На больш маладзёжную аўдыторыю разлічана выданне “Фінансавая пісьменнасць”, якое ў хуткім часе ўбачыць свет. Яно ўяўляе сабой адаптаваны пад беларускія рэаліі падручнік Вышэйшай школы эканомікі Расіі. Дарэчы, выданне ўжо прайшло апрабацыю ў Палескім дзяржаўным універсітэце. Акрамя таго, у Мінску зняты дзіцячы мультфільм, прысвечаны фінансавай пісьменнасці.
Акурат у дзень правядзення “круглага стала” ў Брэсце завяршыўся рэспубліканскі конкурс на лепшую эмблему праграмы павышэння фінансавай пісьменнасці насельніцтва. Вынікі конкурсу будуць абвешчаны ў Міжнародны дзень зберажэнняў, які ў многіх краінах адзначаецца 31 кастрычніка.
У сваім выступленні Юрый Малафей расказаў аб шэрагу сацыяльных даследаванняў, праведзеных на тэрыторыі Беларусі, якія дапамагаюць убачыць цэласную карціну выкарыстання насельніцтвам банкаўскіх паслуг. Найбольш цікавым для прысутных стала інфармацыя даследчыкаў аб тым, што самы высокі ўзровень выкарыстання банкаўскіх паслуг сярод людзей сямейных.
Адказваючы на пытанні журналістаў і зацікаўленых асоб, Сяргей Дубкоў узняў тэму падрыхтоўкі кадраў для навучання пісьменнасці ў школах. Для гэтага ў перспектыве педагогі змогуць праходзіць спецыяльнае навучанне. Немалаважнае пытанне аб супрацоўніцтве з рэспубліканскімі “дарослымі” сродкамі масавай інфармацыі ўзняў намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Аляксандр Жук. На яго думку, лепш было б друкаваць інфармацыю для падрастаючага пакалення ў дзіцячых часопісах і газетах. Цікавіліся прысутныя і ўвядзеннем бескантактных пластыкавых картак. Сяргей Дубкоў падзяліўся інфармацыяй, што ў бліжэйшай будучыні плануецца ўстанавіць каля тысячы новых плацёжных тэрміналаў – безумоўна, гэтае ноу-хау закране і Брэсцкую вобласць.
Рэктар БрДУ імя
А.С. Пушкіна Мечыслаў Часноўскі адзначыў, што пакуль усе навінкі “прыязджаюць” са сталіцы. А між тым, і ў нас, на Брэстчыне, ёсць што прапанаваць: сацыялагічныя даследаванні правесці, зняць мультфільм і нават арганізаваць навучанне педагогаў, якія будуць выкладаць фінансавую пісьменнасць. Сяргей Дубкоў запрасіў да супрацоўніцтва і заўважыў, што, сапраўды, на месцы можна разгледзець тое, што не бачна ў Мінску. А яшчэ дадаў, што Нацыянальны банк адкрыты да супрацоўніцтва і гатовы разгледзець крэатыўныя ідэі па праграме павышэння фінансавай пісьменнасці насельніцтва.
Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.