Беларусь

  • Главная
  • Навiны
  • З 25 па 28 верасня ў Брэсце праходзіць IX Міжнародная выстава-кірмаш “Садзейнічанне здароваму ладу жыцця – 2013”

З 25 па 28 верасня ў Брэсце праходзіць IX Міжнародная выстава-кірмаш “Садзейнічанне здароваму ладу жыцця – 2013”


Добрая традыцыя, важкі складальнік работы ў сферы захавання здароўя, запатрабаваны праект – вось такія вызначэнні далі і адказныя асобы, і экспаненты, і наведвальнікі ўжо 9-га па ліку самага бадзёрага кірмашу, які падтрымалі 130 удзельнікаў з Беларусі, Расіі і далёкага Пакістана.
Адкрываючы гэтае карыснае і цікавае мерапрыемства, намеснік старшыні аблвыканкама Леанід Цупрык падкрэсліў, што навучыць людзей не хварэць, берагчы здароўе – выдатная ідэя, якую паўсюдна падтрымліваюць на Брэстчыне. Дзяржава не шкадуе грошай на стварэнне ўмоў і для аховы здароўя, і для заняткаў спортам і фізкультурай.
Нядаўна з’явіліся новы стадыён у Баранавічах і спартыўна-аздараўленчы комплекс з басейнам у Століне, будуюцца спартыўны комплекс у Іванава, Палац водных відаў спорту ў Баранавічах, футбольная акадэмія ў Пінску. “Добрае здароўе – гэта неацэннае багацце, якое няспешна і доўга назапашваецца, але якое можна лёгка страціць. Вось каб гэтага не адбылося – трэба вучыць людзей здароваму ладу жыцця, – перакананы Леанід Аляксандравіч. – Заўважу: у людзей вырас попыт на здароўе – а значыць, і прапаноў пабольшала. Гэта відаць па сёлетняй выставе-кірмашы. Калі раней у экспазіцыі было шмат вядомых лекаў, паслуг традыцыйных, дык сёння мы бачым з’яўленне высокатэхналагічных прэпаратаў і навукаёмістых паслуг, што сведчыць аб сур’ёзных падыходах да навукі быць здаровым”.
Тры паверхі Лядовага палацу паказваюць шырокі спектр тавараў і паслуг, якія маюць дачыненне да здароўя: вітаміны, прадукты харчавання, лячэбная касметалогія, спартыўны інвентар, праграмы і праекты для адпачынку, прафілактыкі шкодных звычак і навучання асновам здаровага ладу жыцця. Выстава на гэты раз “падрасла”, стала на дзень даўжэйшай – замест звыклых трох дзён працуе чатыры. Такім чынам, і ў суботу, 28 верасня, у вас ёсць магчымасць пракансультавацца ў спецыялістаў, пазнаёміцца са здароўезберагальнымі тэхналогіямі, не толькі атрымаць карысную інфармацыю, але і набыць тавары.
У многіх выстава-кірмаш пакінула ўжо прыемныя ўражанні. Менавіта на яе сцэне, напрыклад, атрымалі ўзнагароды пераможцы абласнога конкурсу “Здаровая сям’я”, які ў другі раз ладзіўся на “Садзейнічанні здароваму ладу жыцця”. Лепшымі сталі брастаўчане Вадзім і Любоў Паповы з дзецьмі Маркам, Георгіем і Лізаветай, другое месца – у сям’і Сухаверхіх з Пінска, а трэцяе – у сям’і Нікалаюк з Брэста.
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля