Калядкі – добрыя святкі
Каляды – адно з самых містычных і ў той жа час самае вясёлае і любімае ў народзе свята, якое нараджае ў душы светлыя пачуцці
На Каляды “нараджалася новае сонца”. Нашым продкам яно ўяўлялася ў вобразе дзіцяці, якое вызваляецца з палону цёмных сіл і паступова “сталее”. Само слова “каляды” паходзіць ад лацінскага calendae –
назва першага дня кожнага месяца (ад таго ж кораня пайшоў і “каляндар”).
Да Каляд грунтоўна рыхтаваліся: прыбіралі хату, рамантавалі гаспадарчыя будынкі на падвор’і. А яшчэ стараліся пашыць новае адзенне, дарабіць пачатыя справы, разлічыцца з пазыкамі. Вечарам 6 студзеня, як толькі заходзіла сонца, уся сям’я па-святочнаму апраналася і сядала за стол, засланы сенам і накрыты абрусам. Асноўнай стравай была куцця – каша з пшанічных ці ячменных круп. Яе варылі з самай раніцы, у час прыгатавання не спрабавалі на смак і нават не перамешвалі. Лічылася, што якая куцця – такі будзе і год. Калі яна “вылазіла” наверх ці гаршчок аказваўся надтрэснутым, – асцерагайся бяды. Звараная куцця да заходу сонца ставілася на покуці (адсюль і назва стравы) на сена.
Наступным днём святкавалі непасрэдна Каляды зноў жа ў сямейным коле. З гэта часу пачыналі хадзіць калядоўшчыкі. На Палессі насілі “звязду” – рухомую шматпрамянёвую зорку, асветленую знутры. Са старадаўніх часоў хаджэнне калядоўшчыкаў мела магічны сэнс. Праз падобныя рытуалы, як лічылі продкі, можна заручыцца падтрымкай багоў на ўвесь будучы год. А яшчэ меркавалася, што вясёлае, шумлівае гулянне можа напалохаць злыдняў, што павылазілі з таго свету, ды аберагчы ад іх людзей. Падышоўшы пад акно ці дзверы, адзін з гурту прасіў дазволу спяваць. Калядоўшчыкам давалі грошы, сала і каўбасы, частавалі гарэлкай. Бывала (хоць і вельмі рэдка), што ім адмаўлялі, гаворачы: “У нас была Каляда” або “Няма дома гаспадара”. Пакрыўджаныя певуны спявалі ў адказ:
У гэтый хаты
Нэма чого даты:
Соломку товкуть –
Пырогы пыкуть.
І гэта яшчэ былі не самыя крыўдныя словы…
На працягу ўсіх Каляд забаранялася займацца гэтак званымі “крывымі” працамі (шыць, віць, плесці, сячы, майстраваць крывое і колападобнае), бо ў адваротным выпадку, казалі, дзеці і жывёла, якія павінны з’явіцца на свет, абавязкова народзяцца “крывыя”, пакалечаныя. Надта не пажадана было пазычаць у гэтыя дні што-небудзь з хаты, асабліва хлеб, дзежку для рошчыны – гэта магло прывесці да няўроду, да нястачы ў гаспадарцы. На Каляды хавалі з вачэй кудзелі, верацёны, нават грабянцы.
На Каляды варажылі, пачынаючы ад поснай куцці і да самых Вадохрышчаў. Напярэдадні свята дзяўчаты з-пад абруса выцягвалі некалькі травінак і на іх гадалі, які лён уродзіцца, – чыя травінка даўжэйшая, у той і лён будзе лепшы. Хлопцы ўначы абносілі барану вакол вёскі, каб ніводная дзяўчына ў чужую вёску замуж не пайшла.
Дзяўчаты любілі і такое гаданне. У хаце сыпалі на дошку зерне, побач клалі кавалачкі гліны, налівалі ў сподак вады, ставілі побач люстэрка. Пасля ўпускалі ў хату пеўня і назіралі за ім. Калі птушка клявала зерне, значыць, дзяўчыне быў суджаны багаты жаніх; калі падыходзіла да гліны – спадарожніцай магла быць бяда; калі певень піў ваду – муж мог аказацца п’яніцам, а калі падыходзіў да люстэрка – яшчэ горш: ён мог аказацца гулякам…
Каляды – свята дзяцінства. Асабіста для мяне яно і да гэтага часу сугучнае са словам “канікулы”… Закончылася другая чвэрць, прайшлі навагоднія ёлкі, і наперадзе – амаль два тыдні вольнага часу. За вёскай ледзяны прастор – замёрзлае да самага гарызонту балота. Зімовыя забавы былі самыя розныя, аднак у памяці найперш наш “керат”. Для таго, каб зладзіць яго, кола ад воза насаджвалі на ўмарожаную ў лёд вось. Да кола прывязвалі жардзіну метраў на чатыры, а да яе прымацоўвалі санкі. З дапамогай дручкоў, што ўстаўляліся ў кола, яно раскручвалася ўсё хутчэй і хутчэй – і вось ужо санкі з шалёнай хуткасцю апісваюць круг за кругам. Куды там цяперашнім паркавым атракцыёнам – сапраўдная “цэнтрыфуга” для падрыхтоўкі касманаўтаў! Утрымацца ў такой “ракеце” можна было, толькі лежачы ніцма і да болю ў пальцах сціскаючы капылы ці перакладзіны санак. Як цяпер разважыць, забава не такая і бяспечная. Смех, крык захаплення і жаху!.. Асабліва калі санкі зрываліся з круга і ляцелі, падпарадкоўваючыся законам фізікі, дзясяткі метраў па слізкім лёдзе. У горшым выпадку, калі наперадзе трапляла перашкода, “пілот” “катапульціраваўся” не па сваёй волі. Але ж Бог мілаваў, не пазабіваліся, не паламалі рукі-ногі…
А яшчэ назаўсёды ў памяці, як напярэдадні свята да нас прыходзілі суседзі-мужчыны і бацька даставаў са скрынкі, абклеенай сіняй матэрыяй, “машынку” стрыгчы. Ён атульваў “кліентаў” шырокімі хусткамі, якія тыя прыносілі з сабою. Пасля – “за адным разам” – даводзіліся да ладу і нашы з братам галовы. Да гэтага часу не забылася стракатанне той бліскучай “машынкі”, засталося адчуванне цяпла напрацаванай бацькавай рукі, якая час ад часу апускалася на макаўку, каб выштукаваць модную на той час “польку”.
Каляды – гэта час, калі забывалі пра ўзаемныя крыўды людзі, якія варагавалі. На другі ці трэці дзень свят той, хто маладзейшы, а мо проста больш разважлівы, браў “паўбутылак” ды ішоў мірыцца, бо трэба ж некаму зрабіць крок насустрач. А хто будзе трымаць у сабе ведзьму-крыўду, калі, кажуць, на Каляды сам Бог-сын сыходзіць на зямлю? Былыя ворагі ладзіліся, рабіліся сябрамі, а зло, сагнутае, вартае жалю, адпускала чалавечыя сэрцы, адпаўзала ў ноч ад людскіх парогаў…
На парозе – Каляды і дзень Божага Нараджэння. Дабаўляецца ўсмешак на тварах у людзей. У імя Яго нехта дараваў бліжняму, працягнуў руку нямогламу, пазбавіўся ад зла ва ўласнай душы. Свята ж… І што мы без свят?!.
Мікола СЯНКЕВІЧ, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.