Кляшчы прачнуліся і нападаюць

Кляшчы прачнуліся і нападаюць

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Сітуацыя па інфекцыях, якія перадаюцца праз укусы насякомых, застаецца напружанай
Аб тым, што кляшчы небяспечныя, многія ведаюць. Яны з’яўляюцца пераносчыкамі шэрагу хвароб, самая сур’ёзная з іх – клешчавы энцэфаліт, лячэнне якога цяжкае, здараюцца і лятальныя зыходы. Яшчэ адна сур’ёзная хвароба – Лайм-барэліёз, якая пашкоджвае скуру, нервовую сістэму, апорна-рухальны апарат і сэрца.
Чакаць таго, што клешчы вымерзлі пад уздзеяннем нізкіх тэмператур сёлетняй зімой, не даводзіцца. Яны хаваюцца ад холаду пад апалым лісцем і становяцца актыўнымі ўжо пры 5 градусах цяпла. Пасля анамальна цёплага надвор’я ў лютым кляшчы не прымусілі сябе доўга чакаць – яны ўжо прачнуліся. Перыяд зімняй спячкі істотна скараціўся. Летась кляшчы былі знойдзены яшчэ 26 снежня, а ў гэтым годзе першыя выяўлены ў другой дэкадзе лютага ў Чырвоным Двары Брэсцкага раёна.
На жаль, у сярэдзіне лютага з’явіліся і першыя пацярпелыя ад укусаў насякомых: два выпадкі ў Брэсцкім раёне, 1 – у Кобрынскім, якія здарыліся на тэрыторыі прыватных домаўладанняў. У першай дэкадзе сакавіка таксама пацярпелі два чалавекі – у парку воінаў-інтэрнацыяналістаў і на прыватным падворку ў Брэсце. Пры лабараторных даследаваннях знятых з людзей насякомых высветлілася, што яны заражаныя барэліямі.
Сітуацыя ў вобласці па інфекцыях, якія перадаюцца праз укусы кляшчоў, у апошнія гады застаецца напружанай. Так, летась зарэгістравана 27 выпадкаў клешчавага энцэфаліту і 134 – Лайм-барэліёзу. Цяпер насякомыя ёсць не толькі ў лесе, але і ў гарадскіх парках, зонах садова-агародных таварыстваў. Сярод верагодных месцаў нападзення насякомых – двары прыватных дамоў, гаражы, тэрыторыі ля вадаёмаў, могілкі і нават новабудоўлі, дзе несвоечасова праводзяцца работы па добраўпарадкаванні і касьбе травы.
Цёплае надвор’е вясновых месяцаў і далей будзе спрыяць актыўнасці кляшчоў. Таму, каб пазбугнуць іх укусаў, пры выездзе на дачу, пікнік, пры нарыхтоўцы бярозавага соку, правядзенні спартыўных мерапрыемстваў і г.д. трэба быць асяцярожным і клапаціцца аб індывідуальнай абароне. Нагадаю, што захаванне простых рэкамендацый пазбавіць вас ад непрыемнасцей. Таму апранайцеся так, каб максімальна былі закрыты адкрытыя ўчасткі цела (зашпільвайце адзенне, запраўляйце штаны ў боты, на галаву – касынка ці капюшон). Кожныя дзве гадзіны праводзьце самаабследаванне. Выкарыстоўвайце рэпеленты, якія можна купіць у аптэках і магазінах. Для адпачынку выбірайце сухія сасновыя лясы ці паляны з мінімальнай расліннасцю. Своечасова прыбірайце смецце ў двары, на садовым участку. Жывёлы выпасвайце на акультураных лугах. Аглядайце хатнюю жывёлу і вызваляйце яе ад кляшчоў.
Калі клешч усё ж укусіў, акуратна пазбаўцеся ад яго ніткай, завязанай ля хабатка, ці пінцэтам выдаліце, разгойдваючы галоўку насякомага і павярнуўшы кляшча супраць гадзіннікавай стрэлкі. Месца ўкусу прыпячы ёдам ці іншым спіртаўтрымліваючым растворам. Калі не можаце самі выдаліць насякомае, звяртайцеся ў бліжэйшую медыцынскую ўстанову. Калі ў наступныя дні будзеце сябе дрэнна адчуваць, звярніцеся да ўрача-інфекцыяніста. Само насякомае можна даставіць на даследванне ў адзін з цэнтраў гігіены і эпідэміялогіі (Брэст, Баранавічы, Бяроза, Кобрын, Пружаны) ці ў вірусалагічную лабараторыю ў абласным цэнтры (пл. Свабоды, 8).
“Сезон палявання” ў кляшчоў пачаўся рана – таму будзьце ўважлівымі!
Нэлі ГІНДЗЮК, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Брэсцкай вобласці.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Мінянская сярэдняя школа ўжо шмат гадоў моцна сябруе з прыродай

Следующая запись

Сёння ў Баранавічах завяршаецца “Энергамарафон-2014”