Мінянская сярэдняя школа ўжо шмат гадоў моцна сябруе з прыродай
Яшчэ ў 2006-м былы дырэктар Мінянскай сярэдняй школы, што на Кобрыншчыне, Галіна Радковіч дамаглася таго, каб экалагічная скіраванасць адукацыйнага працэсу была зафіксавана ў статусе навучальнай установы. Сёння тут, як і раней, з увагай ставяцца да навакольнага асяроддзя: працягвае сваё існаванне экалагічная сцежка, папаўняецца новымі экспанатамі школьны музей, набывае прыхільнікаў уласнае лясніцтва. Адным словам, жыццё ўсё яшчэ не выйшла з экалагічнага струменя.
ЛАБАРАТОРЫЯ ПАД АДКРЫТЫМ НЕБАМ
Экалагічная сцежка Мінянскай сярэдняй школы сёлета адзначае паўналецце. Яна з’явілася 18 гадоў таму, калі настаўніца інфарматыкі Наталля Давідзюк, якой давялося ўзяць “нованаро-джаную” пад сваё крыло, працавала школьным лабарантам. Маршрут быў не надта працяглым, а яго візуальнае афармленне вылучалася сціпласцю: прыпынкі прыйшлося пазначыць з дапамогай самаробных шчыткоў, выкананых рукамі юных натуралістаў. Затое выдатнае геаграфічнае становішча цалкам кампенсавала пэўныя абмежаванні ў плане дызайну.
– Нам вельмі пашанцавала са школьным стадыёнам, каля якога раскінулі кроны велічныя дрэвы, – расказвае Наталля Давідзюк. – Ды і тутэйшыя мясціны выдатна падыходзяць у якасці ўзораў прыродных супольнасцей – іх можна вывучаць і даследаваць, нібы ў лабараторыі, але пад адкрытым небам. Бярозавы гай увогуле вырасцілі на месцы звалкі: вучні разам з настаўнікамі прыклалі максімум намаганняў, каб расчысціць тэрыторыю ад смецця і ператварыць яе ў сапраўдны райскі куточак. Ёсць прыгожы луг, меліярацыйны канал, змешаны лес, дзе прыгажуні-елкі чаргуюцца з соснамі.
Час ішоў, і сцежка таксама мянялася: драўляныя шчыткі на прыпынках саступілі вахту велізарным валунам. Сёння ж найбольш прыкметныя пункты экалагічнага маршруту пазначаны з дапамогай прыгожых стэндаў – іх замовілі пры садзейнічанні раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Карэктывы закранулі і спосабы вядзення экскурсіі: калі спачатку знаёмства з прыроднымі экасістэмамі вёскі Мінянка адбывалася ў форме пазнавальных лекцый, дык зараз яно праходзіць у выглядзе жартаўлівых міні-сцэнак, старанна падрыхтаваных і адрэпеціраваных школьнікамі, а карысная інфармацыя даносіцца да слухачоў на прыкладах казачных герояў – Лесавіка, Вадзяніка і іншых.
Дарэчы, патрабаванні да экалагічных сцежак сёння ўжо не такія, як 18 гадоў таму. Вось і аматарам прыроды з Мінянскай сярэдняй школы таксама прыйшлося “падганяць” маршрут пад новыя нарматывы. У выніку ён дасягнуў без малога 2-х кіламетраў, а колькасць прыпынкаў павялічылася да 11-ці. Аднак глабальныя перамены яшчэ наперадзе. Наталля Давідзюк і яе юныя падначаленыя маюць намер капітальна змяніць імідж сцежкі, якая сёння па праве лічыцца своеасаблівай візітнай карткай школы.
“КАМЕННАЯ” РАДЗІМА І ПАРК ЮРСКАГА ПЕРЫЯДУ
Адным з прыярытэтных кірункаў выхаваўчага працэсу ў школе з’яўляецца фарміраванне правільнага экалагічнага мыслення і адпаведнай культуры. Гэта задача, трэба сказаць, ва ўстанове выконваецца на “выдатна”. Прадстаўнікі маладога пакалення не проста вучацца жыць у згодзе з прыродай – спрабуюць шукаць крэатыўныя падыходы да такіх звычайных, на першы погляд, спраў, як, напрыклад, уборка смецця ці яго ўтылізацыя. Школа традыцыйна падтрымлівае экалагічныя акцыі “Чысты лес”, “Чысты двор” і іншыя.
Ды нават на надзённыя рэчы тут намагаюцца глядзець іншымі вачыма і з фантазіяй. Так, з лёгкай падачы Наталлі Давідзюк старыя аўтамабільныя колы аднойчы ператварыліся ў… дыназаўраў. Калі правесці аналогію са знакамітай кінастужкай “Парк юрскага перыяду” Сцівена Спілберга, дык там мадэль тыраназаўра важыла аж 6 тон, а яе памеры дасягалі 6 метраў у вышыню і 12 – у даўжыню. Вучням Мінянскай школы, вядома ж, спатрэбілася значна менш матэрыялу, каб стварыць уласную кампазіцыю – адну з сённяшніх мясцовых славутасцей, але яна нічым не саступае першакрыніцы ў плане відовішчнасці. Амаль кожная фотасесія выпускнікоў навучальнай установы праходзіць на фоне фантастычных істот. Дарэчы, паміж сабой вучні і настаўнікі называюць гэтае месца “парк юрскага перыяду”, але, у адрозненне ад экраннага цёзкі, прагулкі па ім абсалютна бяспечныя.
Чарговым нестандартным рашэннем, якое юныя натуралісты з імпэтам увасобілі ў жыццё, стала каменная інтэрпрэтацыя карты Беларусі. Межы радзімы і яе галоўных гарадоў школьнікі на чале з настаўнікамі калісьці пазначылі з дапамогай валуноў. Шкада толькі, што зараз на гэтым месцы высяцца велізарныя елкі, якія тады толькі-толькі выглядалі з глебы.
І ЛЯСНІЧЫЯ, І АРТЫСТЫ…
Яшчэ адной падставай для гонару і, адпаведна, важным складальнікам адукацыйнага працэсу ва ўстанове з’яўляецца школьнае лясніцтва “Лесавік”, якое неаднойчы трапляла ў лік лепшых у вобласці. З моманту ўзнікнення ў 2000-м і па 2004 год ім кіравала настаўніца біялогіі Тамара Булат. Потым юныя ляснічыя перайшлі ў падпарадкаванне да цяперашняга дырэктара школы Галіны Молчан, а з цягам часу справу “атрымала ў спадчыну” яе дачка Людміла.
Маладая і ініцыятыўная дзяўчына яшчэ ў школьныя гады была актыўным членам лясніцтва, а таму не па словах ведае пра яго насычаныя будні і той аб’ём работы, што патрэбна паспець выканаць у тэрмін. Юныя натуралісты ахвотна вырошчваюць расаду, удзельнічаюць у пасадцы новых зялёных насаджэнняў, агульная плошча якіх складае каля 6 гектараў штогадова. А аднойчы мінянскаму “Лесавіку” нават выпаў гонар прадстаўляць нашу краіну на Міжнародным юніёрскім лясным конкурсе ў Маскве.
Аднак і гэта далёка не ўсё з таго, што можа прыцягнуць да сябе ўвагу ў школе. Энергіі, крэатыўнасці і невычэрпнай фантазіі настаўнікаў і вучняў школы хапіла яшчэ і на стварэнне ўласнага самабытнага музея. Яго экспанаты распавядаюць гісторыю вясковай глыбінкі і дэманструюць, як калісьці выглядала тыповая беларуская хатка. Ёсць тут і экалагічны пакой.
А некалькі гадоў таму ў школе дзейнічаў экалагічны тэатр “Брыганціна”, руль кіравання якога моцна трымала настаўніца рускай мовы і літаратуры Людміла Скарабагатых. Творчая трупа актыўна ўдзельнічала ў сама-дзейных школьных мерапрыемствах, Людміла Сяргееўна сама пісала сцэнарыі і ставіла цудоўныя спектаклі. Пасля выхаду таленавітага педагога на заслужаны адпачынак яе справа, на жаль, так і засталася без пераемнікаў. Ды, хто ведае, мажліва, камусьці з сённяшніх выпускнікоў яна будзе і па сэрцы, і па сілах.
ЭНЕРГАМАРАФОН ПА-МІНЯНСКУ
Каб пералічыць усе карысныя справы, якім надаюць увагу неабыякавыя да навакольнага асяроддзя насельнікі Мінянскай СШ, пэўна, не хопіць пальцаў абе-дзвюх рук. У галіне энергазберажэння сціплай вясковай школе маглі б пазайздросціць нават буйныя арганізацыі. Ужо каторы год установа адукацыі штурмуе вяршыні рэспубліканскага конкурсу праектаў “Энергамарафон”. Летась школьны праект па эканоміі электраэнергіі быў прызнаны лепшым і на абласным, і на рэспубліканскім этапах спаборніцтваў. Пераможцы не засталіся без падарункаў: яны атрымалі сертыфікат на 300 мільёнаў рублёў на ўкараненне энерга-зберагальных мерапрыемстваў і тэлевізар з вадкакрышталічным экранам, які зараз упрыгожвае кабінет фізікі.
Сённяшні кіраўнік Мінянскай сярэдняй школы Галіна Молчан прызнаецца: тут няма асаблівых сакрэтаў ці стратэгій. Проста вясковы побыт, які часта аказваецца ўбаку ад сучасных знаходак цывілізацыі, прымушае прыстасоўвацца і шукаць уласныя варыянты выжывання.
– Восенню мы з дзеткамі звычайна нарыхтоўваем дровы для эканоміі паліва ў школе, – дзеліцца Галіна Іванаўна. – Лічу, не варта выкідваць сухастой – ён таксама можа спатрэбіцца ў гаспадарцы, а ў нас такога дабра шмат. Сёлета ўжо прыбралі 3 гектары сухастою – а гэта 4 кубы дроў.
КОЖНАЯ ЎЗНАГАРОДА – СВАЯ ГІСТОРЫЯ
Мінянская сярэдняя школа ўжо каторы год практыкуе праектную дзейнасць і, трэба сказаць, даволі паспяхова. Так, у конкурсе “Беларусь двух мораў” за свае навуковыя пошукі дыплома І ступені ўганаравана настаўніца Тамара Булат.
З ліку “свежых” ініцыятыў – праграма “Зялёная школа”, каардынатарам якой прызначана Наталля Давідзюк. Праект уключае ў сябе шэраг мерапрыемстваў па захаванні біяразнастайнасці, клопат пра ваду і адходы, эканомію электраэнергіі. Літаральна перад Новым годам мінянскіх прыродалюбаў напаткаў першы плён разгорнутай дзейнасці: установа атрымала дыплом ІІІ ступені і статус “Зялёная школа”.
Дарэчы, шматлікім адзнакам і гучным перамогам тут радуюцца ад душы, бо кожная здабытая ўзнагарода – свая маленькая гісторыя. Напрыклад, на школьных занятках нейкае дзіця, можа, і не вылучаецца асаблівымі талентамі, затое становіцца лепшым у спаборніцтвах па абраным профілі. Ад гэтага каштоўнасць асобнай маленькай перамогі павялічваецца ў дзясяткі разоў. Ды і на смак яна настолькі сакавітая, што хочацца зноў і зноў рабіць карысныя ўчынкі ў гонар матухны-прыроды.
Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”,
Кобрынскі раён.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.