Беларусь

“Любоў не праходзіць ніколі”


Узвышанаму і вялікаму пачуццю была прысвечана сустрэча ў “Педагагічнай гасцёўні” аддзела адукацыі Маскоўскага раёна г. Брэста, якая прайшла ў абласным краязнаўчым музеі Кіраўнік творчай групы “Школа перадавога педагагічнага вопыту”, настаўніца гісторыі СШ №7 Надзея Капуза не хавала задавальнення: у “Педагагічнай гасцёўні” (гэта сумесны творчы праект настаўнікаў-гісторыкаў і філолагаў устаноў адукацыі Маскоўскага раёна г. Брэста) быў сапраўдны аншлаг. У зале, сцены якой упрыгожылі партрэты славутых гістарычных асоб нашага краю, сустрэліся настаўнікі, ветэраны педагагічнай працы, старшакласнікі, члены Асацыяцыі настаўнікаў РГА “Рускае таварыства”, навукоўцы, музейныя работнікі. Надзея Валянцінаўна адкрыла сустрэчу і паведаміла прысутным яе тэму: “Любоў не праходзіць ніколі”. Пазней стала зразумелым, што гаворка пой-дзе аб розных праявах гэтага, безумоўна, аднаго з самых прыгожых пачуццяў: яго ролі ў гісторыі, любоўных матывах у літаратуры, лёсе вядомых гістарычных асоб.
Завітаў на агеньчык “Педагагічнай гасцёўні” моцна ўлюбёны ў гісторыю роднага краю чалавек – кандыдат гістарычных навук, старшыня гісторыка-культурнага аб’яднання імя Т. Касцюшкі Леанід Несцярчук. Ён безапеляцыйна заявіў: “Чалавек не можа жыць без кахання”. І потым захоплена расказваў пра Касцюшку, Напалеона Орду, імператараў Аляксандра I і Напалеона (“Усе яны кахалі, каханне штурхала іх да нейкіх здзяйсненняў”), пра эпоху Станіслава Аўгуста Панятоўскага – апошняга польскага караля, які нарадзіўся ў Воўчыне, быў вельмі культурным чалавекам і з’яўляецца, на думку даследчыка, часцінкай гісторыі Беларусі. Леанід Міхайлавіч прэзентаваў сваю кнігу-даследаванне пра польскага караля, падзяліўся планамі: зацікавіўся Міхаілам Агінскім, хоча папрацаваць у замежных архівах і напісаць пра гэтага дзіўнага чалавека-творцу. І, нібы падтрымліваючы выступоўцу, загучаў паланез Агінскага – музыка простая, зразумелая.
Супрацоўнікі краязнаўчага музея падрыхтавалі выставу пра Адама Міцкевіча, з якой гасцей пазнаёміла навуковы супрацоўнік Зінаіда Кульша. Сёлета ў снежні святкуецца яго 215-годдзе. Паэт сам зведаў узнёслае пачуццё кахання, і яго прыгожая лірыка ўдала падтрымала рамантычны настрой “Педагагічнай гасцёўні”.
Прадоўжыла размову кіраўнік метадычнага аб’яднання настаўнікаў гісторыі, педагог СШ №23 Рома Кацэвіч. Рома Казіміраўна распавяла аб тым, якую цану людзі гатовыя заплаціць за любоў. Цікавыя звесткі, гісторыя кахання баварскага караля Людвіка і Лолы Монтэс нікога не пакінулі абыякавым.
А потым удзельнікі сустрэчы перайшлі ў суседнюю залу, каб паслухаць невялікі канцэрт, падрыхтаваны навучэнцамі Брэсцкага музычнага каледжа імя Р. Шырмы. Загучала скрыпка. Менавіта такой пяшчотнай музыкай і распавядаюць аб любові. Заспявала флейта – вось такой цёплай можа быць любоў… Кранаюць радкі на беларускай мове пра каханне мужчыны і жанчыны. Здаецца, усе адчуваюць дзіўную гармонію пачуцця, музыкі і паэтычнага слова. І тут я раблю маленькае адкрыццё: настаўнікі гісторыі, мовы і літаратуры нясуць дзецям не толькі веды пра гістарычныя даты, прозвішчы герояў розных часоў, творы пісьменнікаў –
яны нясуць вучням пачуцці.
А ў зале зноў гучыць паэзія Адама Міцкевіча. Потым спявае скрыпка. А следам флейта, здаец-
ца, сцвярджае: любоў не праходзіць ніколі.
Вось такая атрымалася вечарына ў “Педагагічнай гасцёўні”. Як заўважыла метадыст аддзе-
ла адукацыі адміністрацыі Маскоўскага раёна г. Брэста Святлана Смірнова, своеасаблівая форма адпачынку і зносін настаўнікаў па-за сценамі школы не толькі прыжылася, але і атрымала развіццё – таму на такія сустрэчы ахвотна ходзяць не толькі настаўнікі. І патлумачыла: для ўсіх нас важна павышаць свой культурны ўзровень, ведаць як мага болей пра край, дзе жывём, пра творцаў, якія сталі гонарам розных народаў.
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля