Беларусь

Музычны тыдзень у Брэсце


Вясна мае шмат традыцый. Адна з іх – творчая імпрэза пад назвай “Тыдзень музыкі для дзяцей і юнацтва”, якая пройдзе ў Брэсце ўжо ў 13-ы раз.  Некалі гэтыя Тыдні былі надзвычай папулярнай традыцыяй у СССР. У абласным цэнтры яе адрадзілі ў 2002 годзе.
Своеасаблівы фэст адбудзецца з 22 па 29 сакавіка на дзвюх сцэнічных пляцоўках: у Брэсцкім музычным каледжы імя Р. Шырмы і Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы. Нефармальнае адкрыццё музычных дзён адбылося за тыдзень да афіцыйнай даты. Студэнты каледжа з’ездзілі ў госці да школьнікаў у Жабінку, Камянец і Кобрын, а ў панядзелак, 17 сакавіка,  навучэнцы сярэдняй школы № 9 г. Брэста прыйшлі ў каледж на канцэрт.
– Ведаеце, – распавядае дырэктар кале-джа Рамуальд Жабінскі, – я заўсёды ўважліва сачу за паводзінамі моладзі. Здзіўляюся:  яны, хоць заўсёды гучна крычаць і скачуць на канцэртах сучаснай музыкі ці дыскатэках, робяцца спакойнымі і ўважлівымі да высокай музыкі. Усё ж такі класіка выхоўвае, таму кожны год і ладзіцца гэты фэст.
Удзел у мерапрыемствах Тыдня музыкі прымаюць як прызнаныя артысты, лаўрэаты рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, салісты Прэзідэнцкага аркестра, госці з замежжа (такім госцем сёлета стане Хрысціенас Магелінскас з Літвы), так і тыя, хто толькі пачынае ўзыходжанне да вяршыні музычнага алімпу. Напрыклад, студэнтка 3 курса фартэпіяннага аддзялення Алена Носава 27 сакавіка будзе іграць упершыню з сімфанічным аркестрам на вечары “Эвалюцыя жанра фартэпіяннага канцэрта”. Дзякуючы гэтаму праекту, у студэнтаў каледжа ёсць выдатная магчымасць папрацаваць з аркестрам.
Распачне ж Тыдзень “Берасцейскі музычны кірмаш” – канцэрт традыцыйнай нацыянальнай музычнай культуры, які прысвечаны 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Уваход вольны. Трэба толькі прыйсці 22 сакавіка ў каледж у 11.00. Спяваць і іграць для вас будуць ансамбль цымбалістаў “Лілея” (кіраўнік Аксана Літвінчук) і хор народнай песні “Купавушка” (кіраўнік Людміла Кучур).
Знайсці інфармацыю па афішы Тыдня музыкі для дзяцей і юнацтва можна на афіцыйным сайце каледжа.
Ганна ІВАШЧАНКА, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля