Свой погляд: не хачу быць пабочным назіральнікам на выбарах
23 сакавіка 2014 года ў Беларусі пройдуць выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў ХХVII склікання. Як звычайна, перад важнай палітычнай падзеяй грамадства падзяляецца на дзве часткі: адны лічаць сваім абавязкам пайсці на выбарчыя ўчасткі і аддаць свой голас за таго ці іншага кандыдата, а другія чамусьці ўпэўнены, што мясцовыя органы ўлады нічога не рашаюць і траціць на іх выбары свой час зусім не абавязкова. Дык хто з іх мае рацыю? І сапраўды, якую ролю ў жыцці нашага грамадства адыгрываюць сельскія, гарадскія, раённыя, абласныя Саветы дэпутатаў? Што яны на самай справе вырашаюць? Давайце спакойна, без спешкі разбяромся.
Так, мясцовыя органы ўлады агульнадзяржаўных законаў не прымаюць, і, на першы погляд, ад іх рашэнняў стан спраў у краіне ў цэлым не залежыць. Некаторыя выбаршчыкі не цікавяцца палітыкай, таму і не жадаюць прымаць удзел у выбарах: маўляў, якая розніца, каго там выберуць, мне ад гэтага ні холадна, ні горача. Але ж, упэўнены, нават такому апалітычнаму чалавеку не ўсё роўна, у якім мікрараёне будуюцца дзіцячыя садкі і школы, якія дарогі ў родным горадзе ці вёсцы, якую ваду мы п’ём і якім паветрам дыхаем.
Насамрэч, кожнаму нармальнаму чалавеку хочацца, каб яго штодзённае жыццё было камфортным. Між тым, менавіта мясцовыя органы ўлады, і Саветы дэпутатаў не ў апошнюю чаргу, вырашаюць гэтыя надзённыя праблемы. І ад таго, хто ўвойдзе ў іх склад, будзе залежаць, наколькі якасна і аператыўна тыя праблемы вырашацца. Дык чаму б гэтаму не паспрыяць, прыняўшы ўдзел у галасаванні?
Але важна не толькі прыйсці на выбарчыя ўчасткі. Самае галоўнае – выбраць дэпутатам такога чалавека, які шчыра, прынцыпова і бескампрамісна будзе вырашаць праблемы нашага горада, пасёлка, раёна, чалавека неабыякавага да чужой бяды і разумнага, які валодае неабходным багажом ведаў і жыццёвым вопытам. Крытыкаваць уладу за пэўныя недаробкі намнога прасцей, чым рабіць канкрэтную справу. Сапраўды, асобныя “свядомыя” грамадзяне, якія імкнуцца ў дэпутаты, штучна спекулююць на відавочных недахопах. Скажам, не ўсе вуліцы ў населеных пунктах заасфальтаваны, не ва ўсіх яшчэ вёсках ёсць прыродны газ. Ды шмат якіх іншых нявырашаных праблем існуе ў нашым жыцці!..
Аднак давайце будзем рэалістамі. Нават дылетанту, думаю, няцяжка здагадацца, што ўсе пытанні адначасова вырашыць нельга. Ды проста грошай не хопіць – не такі ўжо бюджэт наш багаты. І медыцыну трэба падтрымліваць, і адукацыю, і культуру… Вось толькі некалькі лічбаў – ды вельмі красамоўных. Дапамога дзяржавы ў сувязі з нараджэннем першага дзіцяці складае больш чым 11,2 мільёна рублёў, другога – 15,5 мільёна. Расходы на вучобу аднаго вучня ў сярэдняй школе за год –
13,5 мільёна рублёў, у прафтэхустановах – 27, у ВНУ – 24,5 мільёна. На аднаго хворага ў рэанімацыйным аддзяленні выдаткоўваецца кожны дзень 2361000 рублёў… І гэты спіс можна працягваць бясконца. Санаторнае лячэнне, будаўніцтва жылля для шматдзетных і маладых сем’яў, праезд у грамадскім транспарце, паслугі жыллёва-камунальнай гаспадаркі… І нават перад тварам смерці дзяржава не пакідае родзічаў памерлага сам-насам з праблемай: 5,9 мільёна рублёў складае на сённяшні дзень дапамога на пахаванне. Дзякуючы збалансаванай сацыяльна-эканамічнай палітыцы, у тым ліку і на мясцовым узроўні, дзяржава знаходзіць такія гіганцкія сродкі.
А што атрымліваецца тады, калі сацыяльная накіраванасць дзяржавы знікае? Галеча, беспрацоўе, рэвалюцыі… Як у той жа, скажам, Украіне ці ў іншых краінах былога сацыялістычнага лагера, дзе людзей кінулі ў бездань стыхійнага рынку.
Вядома ж, чалавека заўсёды больш хвалюе свая “балячка”, чым чужая. Той жа жыхар Бярозаўкі, напрыклад, чаму парадуецца ў першую чаргу? Якаснаму асфальтаваму пакрыццю на той вуліцы, па якой ён штодня ходзіць, ці новай тратуарнай плітцы ў цэнтры Брэста? А жыхар Іванава будзе дбаць пра дабрабыт свайго райцэнтра ці пра выгоды кабрынчаніна і пінчука? Пытанні рытарычныя, а адказы –
элементарныя. І гэта па-чалавечы зразумела –
свая кашуля ўсё ж бліжэй да цела…
Аднойчы чуў, як кандыдат у дэпутаты гарсавета ад апазіцыйнай партыі (не буду называць прозвішча, каб не рабіць яму рэкламы) хваліўся, што гэта ён, маўляў, дабіўся, каб у абласным цэнтры адкрылі новы тралейбусны маршрут. На каго разлічана такая дэмагогія? Без сумнення, на тых людзей, якія ўвогуле не цікавяцца грамадскім жыццём. А дэмагогу толькі такія выбаршчыкі і трэба! Бо толькі яны могуць паверыць, быццам гэта не ўлада будуе новыя жылыя дамы і бальніцы, развівае адукацыю і культуру, пракладвае новыя транспартныя артэрыі, а нейкі грамадзянін Н., да таго ж яшчэ і беспрацоўны.
Таму давайце будзем думаць і самі вырашаць, каму мы даверым прадстаўляць нашы інтарэсы ў органах улады. І абавязкова прыйдзем на выбарчы ўчастак. Каб не застацца ў ролі пабочнага назіральніка за тымі працэсамі, якія нас непасрэдна датычацца.
Дарэчы, з дзяржаўнага бюджэту на мясцовыя выбары выдаткоўваецца 100 мільярдаў рублёў. Не хочацца, каб гэтыя сродкі былі затрачаны марна – на дэмагогаў і пустасловаў…
Віктар ІВАНЮК,
г. Брэст.
Даведка “НТ”
Кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых Саветаў па Брэсцкай вобласці зарэгістраваны 3339 чалавек – у сярэднім па 1,1 чалавека на адзін мандат. Найбольшы конкурс зафіксаваны ў абласны Савет – 2,1.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.