Беларусь

  • Главная
  • Актуальна!
  • На асенніх кірмашах, якія па выхадных праходзяць у абласным і раённых цэнтрах, гараджане назапашваюць на зіму бульбу, гародніну і… журавіны з Ганцавіч

На асенніх кірмашах, якія па выхадных праходзяць у абласным і раённых цэнтрах, гараджане назапашваюць на зіму бульбу, гародніну і… журавіны з Ганцавіч


Самым ажыўленым месцам у цэнтры Брэста па суботах становіцца ўвогуле спакойная і нешматлюдная вуліца Гогаля. Менавіта сюды з самага ранку ў выхадныя спяшаецца люд, з’язджаюцца аўтамабілі, гружаныя сельгаспрадукцыяй з Брэсцкага, Камянецкага, Жабінкаўскага, Кобрынскага, Маларыцкага, Пружанскага, Бярозаўскага і нават Ганцавіцкага раёнаў. Ганцаўчане на кірмашы рэалізавалі сваю фірменную ягаду – журавіны. Іх у мінулую суботу можна было набыць па 20-22 тысячы рублёў за кілаграм.
Як паведамілі рэдакцыі ва ўпраўленні гандлю і паслуг аблвыканкама, у вобласці адбылося ўжо 46 кірмашоў: ва ўсіх райцэнтрах (у некаторых – па два) і 4 – у Брэсце. Падчас іх толькі ў  абласным цэнтры насельніцтву рэалізавана больш за 470 тон бульбы, амаль 114 тон капусты, каля 50 тон сталовых буракоў і каля 70 тон морквы. Попытам карыстаюцца цыбуля і зерне. Іх прададзена адпаведна амаль 184 і 117 тон.
У Брэсце, акрамя цэнтра, назапасіць на зіму бульбу (па цане ад 800 да 1100 рублёў за кілаграм) і гародніну (моркву – па 1920, капусту – ад 1900 да 2000 за кілаграм) гараджане маглі таксама ў мікрараёнах Усход і Вулька. Тут жа набыць сельгаспрадукцыю брастаўчане змогуць і заўтра, а 27 кастрычніка ў абласным цэнтры адбудзецца пашыраны кірмаш. У гэты дзень бульба, гародніна, мёд, рыба, а таксама мясамалочныя вырабы, акрамя названых адрасоў, будуць прадавацца на вуліцах Крупскай, 16, Адамкоўскай, 44а, Дуброўскай, 15а, Машэнскага, 82, Валгаградскай, 19, Сяброўскай, 61/1, Жукава, 2.
Адначасова з рэалізацыяй сельгаспрадукцыі на кірмашах у вобласці працягваецца фарміраванне стабілізацыйнага фонду на 2012-2013 гады. Па стане на 12 кастрычніка заданне па закладцы бульбы ўжо выканана на 86 працэнтаў, а яблыкаў – на 99. З запланаваных 7030 тон гародніны на гэтую дату было закладзена 2353 тоны. У абласным упраўленні гандлю і паслуг запэўнілі: да 1 лістапада стабілізацыйны фонд будзе сфарміраваны поўнасцю – гародніна ёсць! Уборка капусты, морквы і сталовых буракоў зараз у самым разгары.
Надзея ЯЦУРА, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля