Маёрскае шчасце
У Брэсце прайшоў фінал пятай рэспубліканскай акцыі “Сям’я! Служым разам!”
Гэта традыцыйная акцыя, якая штогод праходзіць па ініцыятыве Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь і Беларускай праваслаўнай царквы, заклікана падтрымаць ідэю сямейнасці. Сям’я надзвычай важная для лю-дзей у пагонах: служыць лягчэй, калі ў цябе надзейны тыл. У гэтым перакананы Наталля і Вадзім Кадзенскія. Яны пазнаёміліся ў час службы ў Маскоўскім райаддзеле міліцыі г. Брэста: Наталля была інспектарам інспекцыі па справах непаўналетніх, а Вадзім – участковым. Цяпер абое – маёры міліцыі: жонка служыць у Маскоўскім РАУС, муж – галоўны спецыяліст аддзела сувязі і аўтаматызацыі ўпраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама. Яны – шчаслівыя бацькі трох дачок. Старэйшай Паліне – 11 год. Яна вучыцца на “выдатна”, займаецца фехтаваннем і дапамагае ў выхаванні малодшых сястрычак-двайнятак Ксюшы і Сонечкі. Кадзенскія – вялікія аматары велапрагулак: у выхадныя кожны на сваім веласіпедзе з задавальненнем падарожнічаюць. Служба ў міліцыі, вядома, уносіць свае карэктывы ў іх адпачынак, але ж яна і ўмацоўвае сям’ю. Кадзенскія сталі пераможцамі акцыі “Сям’я! Служым разам!”.
Разам з нашымі землякамі на сцэну грамадска-культурнага цэнтра ў Брэсце выйшлі яшчэ 13 сямейных пар з розных куткоў Беларусі. Іх вызначылі ўзорнымі ў розных міліцэйскіх падраздзяленнях, і ўсе атрымалі тытул лепшых міліцэйскіх сем’яў краіны, а таксама падзякі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, дыпломы акцыі “Сям’я! Служым разам!”, каштоўныя падарункі. З перамогай фіналістаў павіншавалі намеснік міністра ўнутраных спраў палкоўнік міліцыі Анатоль Курылец і генерал-маёр міліцыі Уладзімір Сычэўскі. Шчырыя словы выказаў сем’ям і старшыня Брэсцкага гарадскога Савета дэпутатаў Генадзь Масько.
А потым на сцэну запрасілі юных мастакоў – дзяцей супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і ваеннаслужачых унутраных войскаў. Яны перамаглі ў конкурсе дзіцячых малюнкаў “Сям’я! Служым разам!”. Сярод тых, хто атрымаў узнагароды з рук артыстаў беларускай эстрады Аляксандры Гайдук і Тарыэла Майсурадзэ, былі Ілья Неўдах, пяцікласнік сярэдняй школы №15 г. Пінска, і Вераніка Ліпко, вучаніца 11 класа СШ №7 г. Брэста.
Сабіна ГАРАЕВА,
студэнтка БрДУ
імя А.С. Пушкіна.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.