Жыццё з працягнутай рукой, ці Сумленне супраць нахабства
Паразважаць на трапяткую тэму прымусіла даволі распаўсюджаная сітуацыя, ахвярай якой, пэўна, станавіліся многія. Аднойчы па дарозе на работу мяне спыніла прыстойнага выгляду бабулька і амаль са слязьмі на вачах папрасіла даць грошай на білет да Кобрына. Дапамагла і з чыстым сумленнем пайшла далей. Аднак праз некаторы час на тым жа маршруце знаёмая ўжо незнаёмка зноў падышла з аналагічнай просьбай. Вядома ж, засумнявалася ў шчырасці яе слоў, але міласціну ўсё роўна падала.
Бурная фантазія адразу намалявала гаротнае жыццё гэтай старой, якая, мажліва, вымушана ісці па свеце з працягнутай рукой і адпрацоўваць хлеб менавіта такім чынам. Дык навошта ж тады падманваць? А можа, усё зусім не так, як я сабе намроіла? Пытанне засталося адкрытым…
Было невыносна думаць, што гэта мілая бабулька банальна зарабляе грошы ці, крый божа, збірае на пляшку… Кажуць, міласціна – падатак на сумленне. Ды пакуль адны кіруюцца законамі гэтага самага сумлення, больш нахабныя наладжваюць бізнес. Што рабіць у падобных сітуацыях і каму давяраць – разважаюць жыхары Брэстчыны.
Андрэй ВАСЕЧКА, студэнт, г. Столін:
– Лічу, што трэба падаваць міласціну. Ды ёсць катэгорыі людзей, якім не даваў і не даю прынцыпова – гэта цыгане, алкаголікі.
Наконт астатніх… У Століне нячаста сустрэнеш тых, хто просіць грошы менавіта на хлеб. Аднойчы сядзелі з сябрам у мясцовым бары. Зайшоў мужчына. У твар яго ведаю – бяднота. Прысеў за суседні столік і агледзеўся ў надзеі пад’есці. Наведвальнікаў было няшмат, таму ён асабліва пільна пазіраў на нас. Сядзеў хвілін 20 і пры гэтым нешта мармытаў сабе пад нос. Відавочна, жаданне задаволіць голад у яго было значна мацней за жаданне выпіць, таму з сябрам вырашылі пачаставаць мужчыну вялікім хот-догам. Пакуль аплачвалі пакупку, гаротнік выйшаў на вуліцу і адзінока прысеў на лавачку. Аддалі ежу, а ён падзякаваў і прыступіў да справы. Вядома, гэта была кропля ў моры, але нават яна – лепш, чым нічога. Таксама стараюся дапамагаць бабулям, якія стаяць каля царквы, не шкадую грошай і для музыкантаў.
Ганна МАРОЗ, эканаміст, г. Брэст:
– Раней падавала часцей: пажылым, інвалідам, людзям з жывёламі ці з маленькімі дзеткамі. Гэта было ў родным Брэсце. Калі ж жыла ў Санкт-Пецярбургу, таксама спачатку шмат ахвяравала. Сябры іранізавалі: “Прыпыні! Яны зарабляюць больш, чым усе мы разам узятыя!” Неяк не верылася. А потым стала цікавіцца пытаннем, чытаць, распытваць. Высветліла, што для большасці – гэта, сапраўды, бізнес. І афганцы, і людзі з жывёламі, і дзеці… Самае жахлівае для мяне: сабак накачваюць рознымі прэпаратамі, каб яны ляжалі ціха, не кормяць, а потым увогуле выкідваюць, як адпрацаваны матэрыял… Тое ж адбываецца і з немаўлятамі – толькі значна страшней. Іх пояць гарэлкай ці, бог ведае, чым яшчэ, каб не плакалі і не патрабавалі ўвагі. Нават не хочацца думаць, што потым адбываецца з гэтымі дзеткамі.
Назірала і адваротнае: жанчына падбірала з вуліцы шчанюкоў, шыла ім сімпатычныя гарнітурчыкі і прасіла грошы на ежу малым або прапаноўвала людзям узяць да сябе чатырохногага сябра. Бывае, выйсці на вуліцу з працягнутай рукой чалавека прымушае крайняя патрэба. У такіх – вочы сумленныя, таму ім дапамагаю з лёгкім сэрцам. Словам, я супраць міласціны, калі гэта бізнес, жорсткі і нялюдскі.
Яўген МАШНОЎ, індывідуальны прадпрымальнік, г. Брэст:
– Асабіста маё меркаванне: падаваць міласціну трэба! Гэта па-хрысціянску. Аднак тут таксама шмат нюансаў. У мінулым ахвяраваў грошы амаль усім, хто звяртаўся з такой просьбай. Сёння ж пераасэнсаваў некаторыя моманты і падыходжу да праблемы выбарча. Калі чалавек сваім знешнім выглядам і паводзінамі выклікае давер – чаму б не дапамагчы? Жанчынам увогуле адмовіць не магу.
Юлія ЯХНАВЕЦ, спецыяліст Столінскага тэрытарыяльнага цэнтра абслугоўвання насельніцтва:
– Нам духоўны айцец, які, на жаль, ужо памёр, раіў дапамагаць людзям хлебам – не грашыма. Дасі грошы – а ён пойдзе і нап’ецца, дык награшыць яшчэ больш. Таму стараюся дзяліцца ежай. Часам ахвярую і грошы, але толькі тым, каму цяжка зарабляць самастойна – калекам і нямоглым. Зрэшты, даваць міласціну неабходна, асабліва калі чалавек багаты.
Чула нядаўна гісторыю пра жанчыну: ёй сніўся муж, які скончыў жыццё самагубствам. У шматлікіх начных “з’яўленнях” небарака пакутаваў у пякельным полымі. Святар растлумачыў: неабходна ратаваць душу мужа, але гэта магчыма выключна праз міласціну. Жанчына пачала дапамагаць бедным, аж пакуль не раздала ўсю наогул маёмасць. Толькі тады муж перастаў “гарэць”…
Запісала Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.