На Брэстчыне створаны прататып суда 400-гадовай даўніны
Яшчэ ў Вялікім Княстве Літоўскім ісцец і адказчык маглі самі выбіраць суддзяў, якія разглядалі б іх спрэчку, – гэта быў так званы “палюбоўны” суд. Зараз такая магчымасць з’явілася і ў нас, ды яшчэ з іншымі шматлікімі пазітыўнымі момантамі. Жыхары і прадпрыемствы вобласці для вырашэння гаспадарчых, карпаратыўных, працоўных, шлюбна-сямейных, зямельных і жыллёвых спрэчак цяпер могуць звярнуцца ў першы на Брэстчыне трацейскі суд грамадскага аб’яднання “Саюз прадпрымальнікаў Брэсцкай вобласці”, прэзентацыя якога адбылася напрыканцы мінулага тыдня.
Трацейскі суд – гэта недзяржаўны суд, бо дзяржаўныя органы, у тым ліку і органы мясцовага самакіравання, не могуць яго ўтвараць. У спіс трацейскіх суддзяў увайшлі 20 кваліфікаваных юрыстаў. Гэта адвакаты, дырэктары, намеснікі кіраўнікоў прадпрыемстваў, якія спецыялізуюцца на аказанні юрыдычных паслуг, а таксама юрысты вядомых арганізацый.
Калі бакі пажадалі звярнуцца ў трацейскі суд, дык самі выбіраюць суддзяў, што павышае давер да суда (калі не выбралі, іх прызначае старшыня суда). Яны могуць разгледзець справу ў зручным для бакоў месцы (або ў памяшканні трацейскага суда) і з меншымі затратамі, чым пры звароце ў дзяржаўны суд. У дадатак хутчэй вырашаць спрэчку, бо тэрміны разгляду справы іншыя, і захаваюць канфідэнцыяльнасць, таму што судовы разбор з’яўляецца закрытым –
а гэта значыць, што асобы, якія не ўдзельнічаюць у працэсе, не могуць прысутнічаць на пасяджэнні без згоды бакоў (у дзяржаўным судзе, наадварот, большасць спраў разглядаецца ў адкрытым пасяджэнні).
Каб разгледзець спрэчку ў трацейскім судзе, неабходна ў пісьмовай форме заключыць пагадненне аб тым, што бакі перадаюць спрэчку на вырашэнне трацейскага суда, або проста запісаць такі пункт у дагавор, які заключаны паміж бакамі.
Рашэнне трацейскага суда падлягае абавязковаму выкананню. Калі яно не выканана добраахвотна, то здзяйсняецца прымусова судовым выканаўцам на аснове выдадзенага дзяржаўным судом дакумента.
На прэзентацыі старшыня гаспадарчага суда Брэсцкай вобласці Сяргей Кулак адзначыў, што трацейскія суды – гэта альтэрнатыўны спосаб вырашэння прававых канфліктаў і цывілізаванае развіццё прававой дзяржавы, а таксама прапанаваў трацейскім суддзям першыя 5-10 спраў разгледзець бясплатна.
Лілія КАШТАНЮК, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.