Пяюхі з Валішча, або Наш адказ “Буранаўскім бабулям”
Сёлета фальклорнаму калектыву “Дударыхі” з Піншчыны спаўняецца 40 год, 30 з якіх ён пачэсна носіць ганаровае званне “народны”
Глядзела ў маі па тэлевізары міжнародны песенны конкурс: за Расію на “Еўрабачанні-2012” выступалі “Буранаўскія бабулькі”. Ажыятаж вакол іх у прэсе быў неверагодны, таму цярпліва дачакалася выхаду расіянак на сцэну. Паслухала і… уражана не была. Больш таго, чамусьці адразу падумала: у нас жа ў Беларусі калектываў такога фармату шмат, а жанчынкі, напрыклад, на Берасцейшчыне куды больш галасістыя. Пацвярджэнне такому свайму меркаванню ў хуткім часе знайшла выпадкова падчас камандзіроўкі ў Пінскі раён.
На Піншчыне апынулася па пытаннях падпісной кампаніі. Правяла запланаваныя сустрэчы ў райвыканкаме, з паштавікамі. Заставаўся час, і я зазірнула да даўняга сябра “НТ” – начальніка аддзела культуры Тамары Лебядзеўскай: мо, якую тэму падкажа ці інфармацыйную нагоду напаткаю.
– А чым не інфармацыйная нагода наш народны калектыў “Дударыхі” з вёскі Валішча?! – толькі пачуўшы маё пытанне, адказала Тамара Георгіеўна. – Жанчыны ў ім прыгожыя, пявучыя і такія жыццелюбівыя! У гэтым годзе ансамблю спаўняецца 40 год. А якраз у чэрвені – 30, як “Дударыхі” сталі народным калектывам.
Вырашана – едзем у Валішчанскі сельскі Дом культуры!
Гэта было дзіўнае інтэрв’ю. Песеннае. Здавалася, “Дударыхі” любы свой адказ на пытанні журналіста могуць падмацаваць адпаведнай песняй. Напрыканцы нашай размовы мне і адказаў не трэба было –
хацелася зноў і зноў слухаць гэтыя дзівосныя галасы. Нават без музыкі (акампаніятар быў на працы, на сустрэчу прыйшлі толькі спявачкі, якія, у асноўным, на пенсіі і сваім часам больш вольныя распараджацца) песні зіхацелі, бы тыя брыльянты пад промнямі шчодрага палескага сонца. А якія прыгожыя былі вясковыя артысткі – не паленаваліся, спецыяльна для журналістаў апранулі свае сцэнічныя касцюмы! Наталіўшы песнямі сэрца, з цікавасцю глядзела, як пазіруюць жанчыны нашаму фотакарэспандэнту, а ў галаве пранеслася: “Буранаўскія бабулькі” побач з “Дударыхамі” адпачываюць!..”
У Валішчы заўсёды спявалі. Жанчыны прызнаюцца: “Мы ў ансамблі нібыта сёстры сталі. Песня нас трымае”. Насамрэч, ніхто ж пад прымусам на рэпетыцыі вясковак не ганяў і цяпер не ганяе. У 1972 годзе нарадзіўся гурт. Жонка новага старшыні мясцовага калгаса Ніна Бурдзь, якая стала загадчыкам дзіцячага садка, неяк “падслухала”, як спяваюць яе супрацоўніцы, і прапанавала стварыць ансамбль, каб выступаць на сцэне, радаваць людзей спевамі. Ніну Міхайлаўну падтрымала Марыя Лявошка, якая праз пэўны час стала кампазітарам-песеннікам – ужо дзясяткі песень напісала для калектыву, а яе “Роднае Валішча” стала візітнай карткай “Дударых”. Калі населены пункт набыў статус аграгарадка, Марыя Канстанцінаўна напісала “Песню пра аграгарадок Валішча”. Як заўсёды, знайшла сардэчныя словы пра родную вёску ды “мясцовы люд вясёлы і працавіты”.
Увогуле, фальклорна-этнаграфічны гурт “Дударыхі” вызначаецца шырокім песенным рэпертуарам. Аснову яго складаюць каляндарна-абрадавыя, сямейна-бытавыя, жартоўныя палескія народныя песні, а таксама творы Марыі Лявошка. Абрады “Радзіны”, “Калядкі”, “Замес каравая”, распрацаваныя калектывам, прыхільна прымаюць гледачы не толькі ў Валішчы. Чулі палескіх пяюх у Маскве і Луцку, у Мінску і Адэсе… Да суседзяў у Польшчу ездзілі. Па Берасцейшчыне – дык і не злічыш тых канцэртаў: на конкурсах, фестывалях, святах, юбілейных урачыстасцях. І ў скарбонцы ўзнагарод мноства.
Зараз калектывам кіруе дырэктар Валішчанскага СДК Марыя Кобец. Яна з замілаваннем гаворыць пра спявачак і з гонарам, бо, насамрэч, жанчыны таленавітыя і шчодра дзеляцца песняй з усім светам. Вольга Грышкавец, Людміла Сярэдзіч, Ганна Андрыевіч, Ганна Цэван, Лукер’я Андрыевіч, Вольга Пячагіна, Марыя Лявошка, Марыя Лазюк, Кацярына Ралінская, Ганна Аляхновіч (каторая Рыгораўна) і яшчэ адна Ганна Аляхновіч (Адамаўна) – вось у такім складзе “Дударыхі” сустрэлі
30-годдзе прысваення калектыву звання “народны” і рыхтуюцца ўвосень адзначыць 40-годдзе гурта. Яны жывуць душамі ў песні, а песня ў іх душах заўсёды. І гэта той самы выпадак, калі яна жыць дапамагае. А яшчэ – выхоўваць змену: у гурта ёсць дзіцячы калектыў-спадарожнік “Дударышкі”. Вераць жанчыны, што не згубіцца палеская песня, будзе і далей праз гады цешыць душу, саграваць сэрца і радаваць землякоў ды людзей прыезджых.
…Якія б эпітэты я не падабрала, але не пераказаць песню. Пяюх з Валішча трэба слухаць ужывую. Так што, калі дзе на свяце пачуеце: “Выступае гурт “Дударыхі”, – прыпыніцеся і паслухайце голас роднага краю.
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”,
Пінскі раён.
Фота Аляксея ГАНЧУКА, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.