Рэха падзеі: Дзень Незалежнасці ў Брэсце

Рэха падзеі: Дзень Незалежнасці ў Брэсце

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

На рэспубліканскім рэферэндуме Беларусь у 1996 годзе вырашыла святкаваць свой Дзень Незалежнасці 3 ліпеня. У гісторыі нашай краіны гэта дата даўно ўжо асацыявалася менавіта з незалежнасцю і свабодай. У далёкім 1944-м у гэты дзень ад фашысцкай навалы была вызвалена беларуская сталіца – Мінск. Безумоўна, у наданні 3 ліпеня статусу Дня Рэспублікі было сімвалічнае яднанне пакаленняў у памкненні мець сваю суверэнную дзяржаву, дзеля яе працаваць і тварыць. І сёлета гэта яднанне народа, які будуе моцную і квітнеючую дзяржаву, стала лейтматывам святочных мерапрыемстваў у Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Акорды такога гучнага і яркага свята ўздымалі настрой людзей і ў вялікіх гарадах, і ў маленькіх вёсачках.
Па традыцыі ў абласным цэнтры Дзень Рэспублікі пачынаецца ў месцы з вельмі сімвалічнай назвай – на плошчы Свабоды. 3 ліпеня кіраўніцтва вобласці і горада, дэпутаты, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, дыпламаты, ветэраны і моладзь прыйшлі з кветкамі да помніка воінам-вызваліцелям. Мінутай маўчання ўшанавалі памяць загінулых за незалежнасць роднай краіны ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Гучыць залп – мірныя стрэлы рэхам коцяцца ў мінулае. Каб тыя, хто назаўжды засталіся на той вайне, ведалі: у мірным ХХI стагоддзі іх памятаюць нашчадкі, якія стваральнай працай сёння ўмацоўваюць сваю рэспубліку.
Потым удзельнікі мемарыяльных мерапрыемстваў накіраваліся ў Брэсцкую крэпасць-герой. Цытадэль над Бугам была, ёсць і будзе сімвалам мужнасці і адвагі нашага народа, гонарам Беларусі і свяшчэннай памяццю ўсіх пасляваенных пакаленняў. Да Вечнага агню ўскладаюць кветкі. Вайскоўцы брэсцкага гарнізона парадным маршам праходзяць па плошчы Цырыманіялаў…
– Калі мы сустракаем гэта свята – Дзень Незалежнасці, дык павінны думаць аб тых мільёнах лёсаў людзей, якія не зведалі шчасця. Нам трэба памятаць, што некалі дарослыя скралі дзяцінства ў мільёнаў дзяцей. Бо гэта памяць – наша духоўнасць, – гаворыць журналістам старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар і падкрэслівае: – Ніхто не будзе зараз аспрэчваць таго, што, менавіта дзякуючы цярпенню, працавітасці нашых беларусаў, з падачы Прэзідэнта краіны ад разрухі 90-х гадоў мы прыйшлі да становішча, калі смела можна гаварыць: краіна адбылася, краіна набыла незалежнасць, яна пабудавала сваю эканоміку, яе ўспрымаюць як суверэнную дзяржаву. Духоўнасць, патрыятызм, любоў да сваёй зямлі – гэта дало магчымасць за два дзесяцігоддзі зрабіць нашу краіну пазнаваемай ва ўсім свеце.
А потым горад святкаваў песнямі, танцамі, народнымі гуляннямі. На Бярозаўцы прайшло свята мікрараёна з забаўляльнай праграмай, конкурсамі для дзяцей і дарослых, паказальнымі выступленнямі падраздзяленняў пажарна-выратавальнай службы.
У парку воінаў-інтэрнацыяналістаў Дзень Рэспублікі адзначаў Маскоўскі раён. Праграму “Шаную цябе, Беларусь!” адкрыў народны хор “Вяснянка” электралямпавага завода. Канцэрт падхапілі іншыя самадзейныя калектывы, артысты эстрады, танцавальныя ансамблі.
Увечары тысячы брастаўчан і гасцей горада сабраліся на плошчы Леніна. У святочным канцэрце прынялі ўдзел 200 артыстаў. Кожнае выступленне стала музычным прызнаннем у любові сваёй Айчыне, яе народу і падзякай папярэднім пакаленням за мірную і незалежную Беларусь. Уся плошча далучылася да рэспубліканскай акцыі “Праспяваем гімн разам!”. І ўвесь горад радаваўся святочнаму салюту – 30 залпаў расквецілі начное неба дзівоснымі ўзорамі агеньчыкаў, што асвяцілі наш Дзень Рэспублікі.
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”.
Фото Аляксея ГАНЧУКА, “НТ”.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Студэнты БрДУ імя А.С. Пушкіна адкрылі трэці працоўны семестр

Следующая запись

На дабрачынным канцэрце ў Брэсце былі сабраны сродкі для рэабілітацыйнага аддзялення ГА “Дзеці ў бядзе”