Беларусь

Навука жывіць вытворчасць


Распрацоўкі берасцейскіх навукоўцаў “прапісаліся” на заводзе буйнапанэльнага домабудавання КУП “Брэстжылбуд”

Сваю гісторыю завод буйнапанэльнага домабудавання “Брэстжылбуда” пачаў адлічваць з 1985 года. “Да пачатку 2000-ых абсталяванне фізічна і маральна састарэла, – расказвае намеснік галоўнага інжынера КУП “Брэстжылбуд” Віктар Магірка. – У 2006 годзе была зацверджана Дзяржаўная комплексная праграма развіцця матэрыяльна-тэхнічнай базы будаўнічай галіны, а ў 2009-м у яе ўнеслі змяненні, адпаведна якім наша прадпрыемства атрымала заданне выйсці да 2011 года на выпуск 150 тысяч метраў квадратных агульнай плошчы жылых дамоў. Зразумела, на старых вытворчых магутнасцях зрабіць гэта было немагчыма”.
“Брэстжылбуд” пачаў рэканструкцыю свайго падраздзялення – завода буйнапанэльнага будавання. Сваімі сіламі ўзвялі два новыя фармовачныя пралёты, устанавілі сучаснае абсталяванне нямецкай фірмы “EBAWE” і наладзілі вытворчасць панэлей сценавых вонкавых і панэлей перакрыццяў, што дазволіла перайсці на новую серыю дамоў. Дарэчы, будаўніцтва фармовачных пралётаў пачалося ў кастрычніку 2009-га, а ўжо з ліпеня 2011-га новыя тэхналагічныя лініі запрацавалі.
У час рэканструкцыі будаўнікам актыўную і дзейсную дапамогу аказалі навукоўцы Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта. Менавіта да іх звярнулася кіраўніцтва “Брэстжылбуда” з узніклымі вытворчымі пытаннямі. Напрыклад, каб якасна забетаніраваць падлогу на велізарнай плошчы двух новых фармовачных пралётаў, неабходна было скарыстаць такую сыравіну, каб у маналіце бетону не ўтварыліся трэшчыны. Падключылі кафедру тэхналогіі бетону і будаўнічых матэрыялаў. Распрацоўкамі кіраваў загадчык кафедры, доктар тэхнічных навук, прафесар Віктар Тур. Па прапанове навукоўцаў у састаў бетону быў уведзены спецыяльны мадыфікатар, які дапамог атрымаць такую масу, што ідэальна падыходзіла для выкарыстання на вялікіх плошчах.
“Бетоннай рэцэптурай” для “Брэстжылбуда” тэхнічны ўніверсітэт заняўся і пры вытворчасці панэлей новай серыі дамоў. Іх сталі вырабляць “тварам уніз”, а каб выкарыстоўваць для панэлей фасадныя фарбы, неабходна было мець на выхадзе ідэальна гладкую паверхню. Навукоўцы дапамаглі падабраць патрэбны састаў бетону.
Плённа працуе з будаўнічым прадпрыемствам і кафедра будаўнічых канструкцый, якую ўзна-чальвае кандыдат тэхнічных навук, дацэнт Мікалай Шалабыта. У час рэканструкцыі завода буйнапанэльнага домабудавання спецыялісты БрДТУ правялі работы па ацэнцы тэхнічнага стану канструкцый на бетоназмяшальным вузле і на галерэі выдачы бетону, які ў спецыяльнай ёмістасці па падвесным монарэльсавым шляху планавалася хутка дастаўляць у вызначанае месца. Былі адкрыты фундаменты, разлічаны нагрузкі, вызначаны фактычны стан канструкцый і г. д. Яшчэ некалькі тэхнічных рашэнняў, прапанаваных камандай БрДТУ, выкарысталі пры рэканструкцыі завода, а сёння гэтыя навуковыя распрацоўкі рэальна працуюць.
Узгадваюць у “Брэстжылбудзе” і тое, як разам з тэхнічным універсі-тэтам вырашалі праблему папярэджання прагрэсуючага разбурэння панэльных канструкцый. Пры пераходзе на новыя будаўнічыя нормы былі ўведзены, кажучы спецыяльнай лексікай, сувязі для папярэ-джання згаданага разбурэння – унутраныя сцены цяпер “звязаны” паміж паверхамі, што ўмацоўвае надзейнасць будынка нават у надзвычайных сітуацыях. Менавіта на кафедры будаўнічых канструкцый і прапанавалі тэхнічнае рашэнне гэтай задачы, што дазволіла скараціць расход металу, а адна секцыя стала таннейшай на 33,5 мільёна рублёў.
Відавочна, КУП “Брэстжылбуд” знайшоў у тэхнічным універсітэце надзейнага партнёра. Высокая кваліфікацыя навуковых кадраў ВНУ дазваляе вырашаць разнапланавыя пытанні будаўнічай вытворчасці. Навукоўцы прапануюць будаўнікам самыя сучасныя тэхнічныя і тэхналагічныя рашэнні.
Генеральны дырэктар КУП “Брэстжылбуд” Аляксандр Раманюк перакананы: “Развіваць сучасную вытворчасць без супрацоўніцтва з навукай немагчыма. Наша прадпрыемства падтрымлівае добрыя партнёрскія сувязі з навукоўцамі Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта. Таму скарыстаюся магчымасцю і сардэчна павіншую з Днём беларускай навукі рэктара БрДТУ Пятра Пойту і яго калег. Няхай нараджаюцца новыя ідэі, адбываюцца новыя адкрыцці і абавязкова знаходзяцца магчымасці выкарыстоўваць іх на практыцы, у вытворчасці дзеля росквіту нашай роднай Беларусі!”
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля