Да Дня беларускай навукі: Трываласць металу і ідэй
Першы прарэктар Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта Вячаслаў Драган прымаў актыўны ўдзел у праектаванні касмічнага карабля “Буран” – знакамітага савецкага аналага амерыканскага чоўна “Шатл”
На другім паверсе ўніверсітэта – пастаянна дзеючая выстава інавацыйных распрацовак выкладчыкаў і лепшых студэнцкіх работ. Тут жа прыгожа аформленыя стэнды, на якіх – дзясяткі ўзнагарод: дыпломы шматлікіх прэстыжных выстаў, граматы за паспяховыя рашэнні складаных тэхнічных задач, медалі, прывезеныя з разнастайных міжнародных салонаў і кірмашоў. Адным словам, красамоўная ацэнка вынікаў навуковай дзейнасці калектыву вышэйшай навучальнай установы. Самае прамое дачыненне да гэтай дзейнасці мае першы прарэктар БрДТУ, кандыдат тэхнічных навук Вячаслаў Ігнацьевіч Драган. Напярэдадні Дня беларускай навукі з ім гутарыць карэспандэнт “НТ”.
– Вячаслаў Ігнацьевіч, як прыйшлі ў навуку? Чым абумоўлена рашэнне звязаць сваё жыццё з гэтай капрызнай “дамай”? Сямейная традыцыя? Мара дзяцінства? Выпадковасць?
– Не першае, не другое і не трэцяе. Мае бацькі – самыя звычайныя людзі, ніякім чынам з навуковай дзейнасцю не звязаныя. Тата ўсё жыццё працаваў простым рабочым на чыгунцы, матуля – калгасніцай. У дзяцінстве, якое прайшло ў роднай вёсцы Прыбарава Брэсцкага раёна, таксама аб гучных навуковых адкрыццях не марыў. Аднак і выпадковасцю свой жыццёвы выбар не лічу. Проста я заўсёды вельмі любіў вучыцца – можа, гэта і дзіўна для вясковага хлопца. Сярэднюю школу закончыў амаль выдатнікам – толькі дзве чацвёркі было ў атэстаце, па рускай і беларускай мовах. Асабліва падабаліся фізіка, хімія, матэматыка. Як бачыце, сапраўдны “тэхнар”, мусіць, ад нараджэння. Пасля заканчэння школы ў 1969 годзе з першай спробы паступіў у Брэсцкі інжынерна-будаўнічы інстытут (так тады называўся наш тэхнічны ўніверсітэт). Праз пяць гадоў атрымаў дыплом…
– Чырвоны, напэўна?
– Не (смяецца). Гэта жонка мая Людміла, з якой мы вучыліся ў адной групе і пабраліся шлюбам на чацвёртым курсе, атрымала чырвоны, а я звычайны, сіні.
– І адразу ў навуку?
– Не адразу. Пасля інстытута чатыры месяцы працаваў майстрам-будаўніком у Кобрынскай ПМК-70, потым – служба ў арміі, год работы настаўнікам чарчэння ў СШ №22 г. Брэста. І толькі пасля гэтага працоўнага “навучання і выхавання”, у 1976 годзе, асмеліўся падаць дакументы на конкурс на замяшчэнне вакантнай пасады асістэнта на адну з кафедр свайго роднага Брэсцкага інжынерна-будаўнічага інстытута. Конкурс выйграў, мяне ўзялі. Вось гэта ўжо быў, можна сказаць, першы крок у сур’ёзную навуку. Ну, а далей – такі ж
шлях, як і ў тысяч іншых навуковых супрацоўнікаў. Аспірантура ў Інстытуце праблем трываласці Акадэміі навук Украіны, абарона кандыдацкай дысертацыі, тэма якой звязана з даследаваннямі трываласці металаў пры пераменных нагрузках. Менавіта ў той час былі апублікаваны мае першыя навуковыя работы.
– Тэма Вашай кандыдацкай дысертацыі знайшла працяг у далейшай рабоце ва ўніверсітэце?
– Яна стала тэмай усяго майго далейшага жыцця! Я і сёння працую над праблемамі вывучэння трываласці металаў, усе поспехі і дасягненні ў маёй навуковай дзейнасці звязаны з металамі і іх прымяненнем у будаўніцтве.
– Напрыклад, што асабліва запомнілася? Над якімі праектамі давялося працаваць?
– Можаце ўявіць, літаральна напачатку сваёй навуковай дзейнасці, як толькі абараніў кандыдацкую дысертацыю і вярнуўся ў родны інстытут, атрымаў вельмі сур’ёзнае заданне па падрыхтоўцы да вытворчасці матэрыялаў для канструкцый і вузлоў будучага касмічнага карабля “Буран” – савецкага аналага амерыканскага чоўна “Шатл”. У інстытуце была створана спецыяльная лабараторыя, якая стала займацца даследаваннямі трываласці металаў. Яе даверылі ўзначаліць мне. Сваю задачу мы выканалі. Пабудаваны па нашых распрацоўках карабель злятаў у космас і паспяхова вярнуўся…
– Медаль на пінжаку не за той праект?
– Гэта было яшчэ ў СССР. Мы тады нават не ведалі, над чым працавалі. Прыходзілі канкрэтныя заданні з Масквы пад нейкімі кодавымі лічбамі: даследаваць, як будзе паводзіць сябе той ці іншы метал пад моцнымі нагрузкамі. І толькі значна пазней даведаліся, што ўсе тыя работы былі завязаны на “Буран”. А медаль “За працоўныя заслугі” атрымана ўжо ў незалежнай Рэспубліцы Беларусь у 2007 годзе за выкарыстанне новай металічнай структурнай канструкцыі сістэмы “БрДТУ” на будаўніцтве Летняга амфітэатра для “Славянскага базару” ў Віцебску.
– Што за сістэма такая “БрДТУ”?
– Гэта гонар нашага ўніверсітэта! Спецыяльны вузел для мантажу металічных канструкцый, які я прыдумаў, а потым з групай маладых вучоных распрацаваў, калі ўзводзіўся ў Брэсце Палац спорту “Вікторыя”. Ён ідэальна сябе зарэкамендаваў і ў далейшым знайшоў самае шырокае прымяненне ў будаўніцтве. Назвалі яго “БрДТУ” ў гонар Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта. З дапамогай гэтага ўніверсальнага вузла ўзведзена ўжо 19 вядомых далёка за межамі Беларусі аб’ектаў, у тым ліку будынак Нацыянальнага алімпійскага камітэта ў Мінску, Летні амфітэатр у Віцебску, стадыён у Магілёве, амфітэатры ў Кобрыне, Брэсце, Хойніках, Лядовы палац у Пружанах, спартыўны комплекс “Мінск-Арэна” і іншыя. Толькі за распрацоўку розных мадыфікацый вузла “БрДТУ” наш універсітэт атрымаў ужо 20 патэнтаў.
– Вячаслаў Ігнацьевіч, не шкадуеце, што звязалі свой лёс з навукай? Калі б пачынаць жыццё спачатку, памянялі б прафесію?
– Ні ў якім разе! Я люблю навуку і адчуваю, што не дарэмна праседжваю свае штаны за рабочым сталом. А аб тым, што гэта так, сведчыць і наступны факт: абодва мае сыны – і старэйшы Аляксандр, і малодшы Аляксей –
пайшлі па маім шляху. Аляксандр жыве і працуе ў Брэсце, абараніў ужо кандыдацкую дысертацыю, стаў дацэнтам, дэканам машынабудаўнічага факультэта БрДТУ. І Аляксей – кандыдат навук, дацэнт, таксама працуе ў нашым універсітэце, на кафедры архітэктурных канструкцый.
– Сапраўды, дастойны працяг. Застаецца толькі павіншаваць Вас, а таксама ўсіх супрацоўнікаў Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта з Днём беларускай навукі і пажадаць новых творчых дасягненняў.
– Дзякуй. І я, у сваю чаргу, хачу пажадаць калегам, асабліва маладым, пачынаючым вучоным, каб яны ніколі не спыняліся на дасягнутым, не лічылі сябе карыфеямі ў навуцы, а знаходзіліся ў пастаянным пошуку і зведвалі толькі адну пакуту – творчую.
Гутарыў
Вячаслаў БУРДЫКА, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.