Беларусь

Не рухацца навобмацак


На прыкладзе Ганцавіцкага і Лунінецкага раёнаў удзельнікі пасяджэння 18 студзеня абмеркавалі шляхі павышэння эфектыўнасці малочнай жывёлагадоўлі
Былі створаны дзве групы. Першая, пад старшынствам кіраўніка вобласці Канстанціна Сумара, пабывала на фермах СВК “Дубнякі” і “Бярозавец” Ганцавіцкага раёна. Даючы нізкую ацэнку рабоце жывёлагадоўлі вобласці, Канстанцін Андрэевіч заўважыў: “Застаецца нейкая закарузласць у вырашэнні наспелых праблем. Між тым, нельга ўпускаць нават дробязей, ад якіх залежыць многае і, у рэшце рэшт, складваецца вынік. Самае ж галоўнае – сістэмнасць у рабоце: не будзе яе – не будзе і плёну”.
Было бачна, у цэлым у губернатара склалася добрае ўражанне ад убачанага ў кароўніках і цялятніках. Адзін з іх, у “Дубняках”, ён вобразна назваў “сапраўдным санаторыем для цялят”, хаця тут жа зрабіў заўвагу старшыні СВК Уладзіміру Грыгарану наконт таго, што “вада тут павінна быць увесь час”. Аглядаючы яшчэ адну ферму, Канстанцін Сумар прыкмеціў: хоць будынак стары, але дыхтоўны. І тут жа звярнуў увагу на, здавалася б, драбязу – агароджу з неабчэсаных жэрдачак, якая псавала агульны выгляд і нагадвала тыповую карцінку з мінулага стагоддзя. Як бачна, не толькі аб надоях, прывагах і гаспадарскім падыходзе ва ўтрыманні фермаў, але і пра культуру, эстэтыку на аб’ектах сельгаспрадпрыемстваў таксама ішла размова.
Пасля наведвання фермаў СВК “Бярозавец” Канстанцін Сумар звярнуўся да старшынь ганцавіцкіх СВК, якія таксама ўдзельнічалі ў выязным пасяджэнні: “А што вам перашка-джае гэтак працаваць? У “Бярозаўцы” вялікія зрухі адбыліся…”
Вось пра тое, што перашкаджае працаваць з найбольшай эфектыўнасцю (не толькі ганцаўчанам – гэта тычылася ўсіх), і абмяркоўвалася, калі дзве групы сустрэліся ў Лунінцы (другая, на чале з намеснікам старшыні аблвыканкама Мікалаем Токарам, пабывала на фермах Лунінецкага раёна). “А недахопаў у нас пакуль што процьма, асабліва адносна якасных параметраў, – зазначыў Канстанцін Сумар. – Нельга іх проста сузіраць – патрэбна ўхіляць”.
Што меў на ўвазе кіраўнік вобласці – вынікала з даклада старшыні аблсельгасхарчу Сцяпана Радкаўца. Летась у сельгасарганізацыях вобласці, а таксама ў Лунінецкім і Ганцавіцкім раёнах, зніжаны тэмпы росту прадукцыі жывёлагадоўлі. Больш чым на 6 працэнтаў дапушчана зніжэнне валавой вытворчасці малака ў Лунінецкім раёне, на 3,9 – у Ляхавіцкім, на 2,8 – у Столінскім, амаль на 1 працэнт – у Баранавіцкім, Брэсцкім, Драгічынскім, Івацэвіцкім і Кобрынскім раёнах. На 70 кілаграмаў упаў па вобласці надой малака на карову, а ў Лунінецкім раёне на – 314, у Брэсцкім, Ляхавіцкім і Столінскім – больш чым на 200 кілаграмаў. Нізкі ўзровень таварнасці малака – на Століншчыне (86,1 працэнта), у Жабінкаўскім раёне (86,5), Ганцавіцкім, Драгічынскім, Камянецкім, Лунінецкім і Ляхавіцкім рэгіёнах… Называліся і прычыны вышэйагучаных пралікаў – такія, як недахоп травяністых кармоў і канцэнтратаў, дэфіцыт бялку ў рацыёне жывёлы, адсутнасць належнага кантролю з боку спецыялістаў за ўтрыманнем і кармленнем жывёлы.
Іншым часам выклікае здзіўленне: чаму пры аднолькавых умовах гаспадарання атрымліваюцца абсалютна розныя вынікі? Губернатар перакананы: усё залежыць ад людзей. А намеснік старшыні аблсельгасхарчу Сяргей Буткевіч дакладна назваў прычыны існуючых недахопаў, надаўшы самую пільную ўвагу захоўванню тэхналогіі: “Тэхналогіі ледзь-ледзь не бывае. Яна ёсць альбо няма!” На яго думку, кармавая база для малочнай вытворчасці патрабуе не ўдасканалення, а кардынальнай перабудовы. Каб не дапусціць страт пагалоўя, захаваць маладняк, неабходна захоўваць тэхналогію. Яшчэ адна задача – аснасціць фермы абсталяваннем, якога не хапае. І, бадай, найважнейшая – работа з кадрамі, з людзьмі, ад якіх, сапраўды, залежыць усё.
“Трэба вызначыцца літаральна па кожнай гаспадарцы, і вызначыцца з розумам, – сказаў, завяршаючы пасяджэнне, Канстанцін Сумар. – Нельга рухацца далей навобмацак. Павінны сур’ёзна прааналізаваць атрыманыя вынікі, выпрацаваць пэўную стратэгію, намеціць канкрэтную работу на бліжэйшыя гады. І працаваць!”
Галіна МАЗІНА, “НТ”,
Ганцавіцкі – Лунінецкі раёны.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля