Патрыёт роднага слова
Дзіцячае “дырэктарства” і аўтарытэт школьных настаўнікаў сталі вызначальнымі для Міколы Жуковіча, вядомага педагога і краязнаўцы, у выбары прафесіі
Мікола Жуковiч родам з вялiкай i старажытнай вёскi Здзiтава, што на Бярозаўшчыне. Яго землякi вылучаюцца трапным, гаваркiм словам, тонка адчуваюць гумар i ўмела карыстаюцца iм.
Настаўнiкам Мікола хацеў стаць з ранняга дзяцiнства, выступаючы iнiцыятарам гульнi ў школу, за што бацькi далi свайму старэйшаму мянушку Дырэктар, як бы прадчуваючы, кiм той стане на доўгiя гады жыцця. Яны перадалi ў спадчыну сыну любоў да народнай песнi i казкi, да кнiгi. Школьныя настаўнiкi паглыбiлi гэтую любоў i прадвызначылi жыццёвы выбар – быць настаўнiкам беларускай мовы i лiратаратуры. Сам Мікола Жуковiч пра гэта скажа так: “Любоў да народнай песнi i казкi, ваеннай прозы Кузьмы Чорнага i Васiля Быкава, дзiцячае “дырэктарства”, аўтарытэт школьных настаўнiкаў-фiлолагаў сталi складальнiкамi выбару спецыяльнасцi, пра што нi разу не пашкадаваў”.
Пачатак настаўнiцкай дзейнасцi Мiколы Жуковiча (у 1985 годзе ён закончыў Брэсцкі педінстытут і вярнуўся на працу ў родны раён) прыпаў на цiкавы перыяд у гiсторыi беларускай школы. Знятая жалезная заслона наблізіла настаўнiкаў да навацый у замежнай методыцы, патроху вярталіся i нацыянальныя педагагiчныя набыткі 1920-х гадоў.
Малады настаўнiк з Бярозаўшчыны з энтузiязмам вывучаў айчынную i замежную метадычную спадчыну, правяраў практыкаю яе эфектыўнасць, шукаў новыя спосабы i формы правядзення ўрокаў беларускай мовы i лiтаратуры. Складанасць заключалася ў тым, што трэба было перанесцi ўсё на нацыянальную глебу. Гэтага ад яго найперш чакалi ў творчай групе настаўнікаў-беларусазнаўцаў “Жывіца”, якая працавала пад кіраўніцтвам метадыста раённага аддзела адукацыі Ніны Якуш.
Свае высновы Мiкола Васiльевiч спачатку вынес на суд педагогаў раёна, а затым –
вобласцi i рэспублiкi. На той час ён быў ужо лектарам у Брэсцкiм iнстытуце ўдасканалення настаўнiкаў. Слухачы яго знаходкi ўхвалiлi. Гэта падбадзёрыла i надало ўпэўненасцi. У 1991 го-дзе з’явiлася першая публiкацыя Мiколы Жуковiча “У паэтычным садзе: урок-конкурс” (“Беларуская мова i лiтаратура”, №3). З таго часу ён пачаў смялей выходзiць у друк. Стаў сталым аўтарам часопiсаў “Беларуская мова i лiтаратура”, “Роднае слова”, “Настаўнiцкай газеты”.
Пачатак 1990-х гадоў у гiсторыi беларускай школы пазначаны спачатку абнаўленнем, а затым распрацоўкай варыянтнасцi зместу лiтаратурнай адукацыi. Мікола Жуковiч становiцца гарачым прыхiльнiкам праграмы па беларускай лiтаратуры, распрацаванай выкладчыкамi Брэсцкага ўнiверсiтэта, уваходзiць у склад калектыву тых, хто займаецца яе метадычным забеспячэннем. Яму давялося распрацоўваць сiстэму ўрокаў па вывучэннi твораў вялiкай формы, даваць рэкамендацыі наконт таго, як арганiзаваць чытанне аповесцi цi рамана вучнямi да іх вывучэння на ўроках.
На жаль, варыянтнасць зместу лiтаратурнай адукацыi ў Беларусi праiснавала нядоўга. Мікола Жуковiч спадзяваўся адстаяць права настаўнiкаў на выбар праграм. Абараняў, як мог, праграму берасцейскiх аўтараў, паказваў яе перавагi, аднак яго намаганнi аказалiся марнымi. Цяпер яго радуе хiба тое, што ўсё-такi змест лiтаратурнай адукацыi па беларускiм мастацкiм слове за апошні час значна абнавiўся, што для вывучэння прапаноўваюцца высокай вартасці, у цэлым цiкавыя для школьнiкаў творы. Сёння Мiколу Васiльевiча вельмi трывожыць скарачэнне гадзiн, бо гэта наносiць шкоду не толькi філалагічнай адукацыi школьнiкаў, але таксама і выхаванню iх мастацкiм словам.
Мікола Жуковiч прапагандуе такiя спосабы i формы правя-
дзення ўрокаў, як абарона любiмай кнiгi, КВЗ, мультымедыйныя тэхналогіі, тэле- i камп’ютарныя ўрокi, педагагiчная майстэрня, тэставыя тэхналогii i iншыя. Нядаўна ўключыўся ў асэнсаванне педтэхналогii “актыўная ацэнка” i нават прыняў удзел у семiнары па гэтай праблеме ў Варшаве. Выразна ўсведамляючы, што навучыць i выхаваць школьнiкаў, у свет якiх цi не з нараджэння ўваходзiць тэлевiзар, камп’ютар, толькi традыцыйнымi метадамi i прыёмамi нельга, Мiкола Васiльевiч выступае прапагандыстам выкарыстання на ўроках сучасных дасягненняў тэхнiкi. Трэба, аднак, адзначыць, што ён не пераацэньвае гэтыя тэхналогii, не сцвярджае, што яны вырашаць усе праблемы вывучэння беларускай мовы i лiтаратуры, i не супрацьпастаўляе iх традыцыйным спосабам арганізацыі заняткаў.
Творчыя пошукi разнастайных спосабаў, форм, тэхналогiй правядзення ўрокаў настаўнiка з Бярозаўшчыны вылiлiся ў асобнае выданне – кнiгу “Сучасныя педагагiчныя тэхналогii на ўроках беларускай мовы i лiтаратуры” (Мінск: “Аверсэв”, 2007 г.). Новых матэрыялаў у Мiколы Васiльевiча хапiла і яшчэ на адну кнiгу – “Сучасныя адукацыйныя тэхналогіі на ўроках беларускай мовы, літаратуры і пазакласных мерапрыемствах”, якая з’яўляецца арганічным працягам, дапоўненым і дапрацаваным, папярэдняй і павінна з’явіцца ў гэтым жа выдавецтве напярэдадні юбілею. Дапаможнік, безумоўна, будзе запатрабаваным.
Ёсць у Міколы Жуковiча яшчэ адзiн вельмi значны напрамак творчых зацiкаўленасцей –
жыццё i лiтаратурная дзейнасць пiсьменнiкаў-землякоў Нiны Мацяш i Мiколы Арахоўскага. Дырэктар-краязнаўца – даўнi i шчыры прапагандыст творчасцi слыннай паэткi. З першых крокаў педагагiчнай дзейнасцi ён iмкнуўся захапiць сваiх вучняў асобай i вершамi аўтаркi “Паэмы жнiва”. Менавiта Мiкола Васiльевiч дамогся таго, што Нiна Мацяш напiсала яму, настаўнiку, для працы з вучнямi сваю бiяграфiю, якая пасля стала набыткам масавага чытача. Калi паэткi-зямлячкi не стала, Мікола Жуковiч апублiкаваў цікавыя ўспамiны пра сустрэчы з ёю (дарэчы, яны былі і ў “НТ” – ад рэдакцыі).
Цяпер Мікола Васільевіч са сваiмi вучнямi збiрае матэрыял пра Мiколу Арахоўскага. Важнасць гэтай працы заключаецца яшчэ i ў тым, што вясной 2012 года згарэла хата драматурга i мастака, яго карцiны, загiнуў бацька. Фотакопii карцін засталiся толькi на здымках Мiколы i яго выхаванцаў. На аснове бiяграфiчнага матэрыялу напісаны навуковы артыкул. З iм юныя краязнаўцы прынялi ўдзел у конкурсе даследчых работ школьнiкаў, наладжаным Саюзам пiсьменнiкаў Беларусi i часопiсам “Роднае слова”. За сваю працу вучнi настаўнiка-юбiляра атрымалi дыплом
II ступенi, граматай адзначаны i iх кiраўнiк.
У
Міколы Жуковiча ў самым пачатку яго настаўнiцкай дзейнасцi выявiлiся яшчэ i кiраўнiчыя здольнасцi. Яны былi заўважаны і высока ацэнены ў раёне, вобласцi i рэспублiцы, аб чым сведчаць шматлiкiя ганаровыя граматы, дыпломы, прэмii. З 1994 года і па сёння Мiкола Васiльевiч шчыруе на пасадзе дырэктара сярэдняй школы № 1 iмя Віктара Галаўко горада Бярозы.
Дырэктар па сутнасцi – настаўнiк настаўнiкаў. У ліку выпускнiкоў школы, якую ўзначальвае Мікола Жуковiч, нямала тых, хто пад яго ўплывам абраў педагагiчную прафесiю, сярод iх – яго двое сыноў. Старэйшы ўжо працуе настаўнiкам. Малодшы збiраецца iм стаць, а пакуль што ён – студэнт апошняга курса Брэсцкага дзяржаўнага ўнiверсiтэта імя А.С. Пушкіна. Выразна вымалёўваецца настаўнiцкая дынастыя Жуковiчаў.
Вельмі многае пра асобу Мiколы Васiльевiча скажа i такi штрых ягонай бiяграфii. Асiрацеў пляменнiк дырэктара. У лiсце да мяне Мiкола пiша: “Вырашылi з жонкай забраць дзiця да сябе: выгадавалi сваiх –
выгадуем i яго. Аформiў апякунства да 18 гадоў”. “Выгадуем” у разуменні Міколы Васільевіча –
дагледзiм, забяспечым фiзiчнае i духоўнае здароўе, перадамо i яму тое вызначальнае, што з’яўляецца сутнасным у сям’і.
Дом, дырэктарскiя, настаўнiцкiя i грамадскiя абавязкi (а iх шмат!) у Мiколы Васiльевiча разумна спалучаюцца з творчасцю. Многае зроблена, шмат задум. Дай Бог яму сiл, здароўя, натхнення і ўдачы iх рэалiзаваць!
Вера ЛЯШУК,
кандыдат філалагічных
навук, прафесар,
г. Мыцішчы,
Расійская Федэрацыя.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.