Беларусь

Дапаможам вясне?


Мы разам можам зрабіць наш край прыгажэйшым
На Берасцейшчыне разгарнулася вялікае вясновае прыбіранне – месячнік па добраўпарадкаванні. Людзі самых розных узростаў, пасад і званняў стараюцца дапамагчы нашым гарадам і вёскам прыбрацца, пасвяжэць, папрыгажэць. У Маларыцкім раёне, напрыклад, паўсюдна праходзяць маладзёжныя працоўныя акцыі, суботнікі, дні чысціні і парадку, арганізацыяй якіх актыўна займаецца раённы камітэт Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі ў садружнасці з аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, прадпрыемствамі і арганізацыямі раёна.
– Моладзь разумее, што парадак на зямлі сам па сабе не ўтворыцца, яго неабходна пастаянна падтрымліваць, – расказвае Аляксей Дзямінскі, першы сакратар райкама БРСМ. – Мы ніколі спецыяльна не чакаем месячніка па добраўпарадкаванні, а як толькі з’яўляецца такая неабходнасць – бяромся за справу. Вось, напрыклад, байцы маладзёжнага атрада правапарадку Маларыцкага дзяржаўнага прафесіянальнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці прыбралі берагавую зону вадаёма ў райцэнтры, а вучні Лукаўскай школы добраўпарадкавалі зону адпачынку на Лукаўскім возеры. Старшакласнікі з Олтушскай школы правядуць суботнік на сваім возеры. Працуючая моладзь займаецца добраўпарадкаваннем па месцы працы.
Клопатам маладых з’яўляюцца помнікі героям Вялікай Айчыннай вайны, месцы пахавання салдат і партызан. Нядаўна пасля заняткаў разам з класным кіраўніком Аленай Чыкіта да брацкай магілы воінаў-вызваліцеляў у райцэнтры прыйшоў
9 “Б” клас сярэдняй школы №1. Школьнікі з 5-га класа шэфствуюць над гэтым месцам, тут яны стаяць на Вахце Памяці, а сёлетняй вясной ім і іншым вучням ля помніка будуць уручаны білеты членаў БРСМ. Вядома, прыбраць тэрыторыю ля брацкай магілы яны імкнуцца як мага лепш.
Актывісты БРСМ плануюць з аднадумцамі навесці парадак на магілах ветэранаў, удзельнікаў і інвалідаў вайны на старых могілках. Ёсць пахаванні, якія засталіся без догляду. Моладзі па сілах прыбраць смецце, падфарбаваць зорачкі –
сімвалы памяці і павагі да людзей, што ў Вялікую Айчынную вайну пацярпелі і змагаліся з фашысцкай навалай.
Наперадзе – і працоўная акцыя, у якой будзе ўдзельнічаць моладзь розных узростаў. Пры падтрымцы лясгаса хлопцы і дзяўчаты высадзяць Алею Славы ў гонар 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Працоўныя вясновыя ініцыятывы будуць падтрыманы ў вобласці паўсюдна, бо асабісты ўдзел у добрай агульнай справе –
выдатная форма грамадзянскага, патрыятычнага і працоўнага выхавання.
Заўтра па ўсёй Беларусі прой-дзе рэспубліканскі суботнік. Будуць добраўпарадкоўваць мемарыяльныя комплексы і памятныя мясціны, садзіць дрэвы і прыбіраць дваровыя тэрыторыі. Самы актыўны ўдзел у свяце працы прыме і Берасцейшчына. У прыватнасці, старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар з калегамі возьме ўдзел у будаўніцтве новай школы па вуліцы Калесніка ў мікрараёне Вулька абласнога цэнтра. Здачы гэтага сацыяльнага аб’екта з нецярпеннем чакаюць жыхары мікрараёна, які актыўна забудоўваецца ўжо некалькі год. А вось работнікі Брэсцкага гарвыканкама плануюць заняцца добраўпарадкаваннем вуліц у мікрараёне Паўднёвы Захад. Не застанецца ўбаку і моладзь горада над Бугам –
гарадскі камітэт БРСМ і Фонд развіцця Брэсцкай крэпасці ладзяць уборку тэрыторыі ў раёне Заходняга форта. Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі прапанавала сваім лідарам правесці суботнік на прафсаюзных аб’ектах – спартыўных, аздараўленчых базах, у дзіцячых летніках. У прыватнасці, супрацоўнікі апарату абласнога аб’яднання прафсаюзаў будуць шчыраваць на навядзенні парадку ў турыстычна-аздараўленчым комплексе “Белае возера”.
Прынамсі, месца правядзення суботніка, аб’ёмы зробленага могуць быць самымі рознымі. Галоўнае – мы самі можам зрабіць наш край трошачкі прыгажэйшым. Дапаможам вясне?
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”,
г. Маларыта – г. Брэст.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля