Беларусь

Як тата скажа…


У беларускай мове ёсць ёмкае слова “бацькі”. Так на ўзроўні мовы нашы продкі ўшанавалі культ таго, на кім спрадвечна трымалася сям’я, – бацькі. У беларускіх сем’ях менавіта за ім было апошняе слова: “Як тата скажа, так і будзе”…
На жаль, у сучасным грамадстве роля бацькі значна прыніжана. У самой сям’і прадстаўніцы цудоўнай паловы чалавецтва робяцца ўсё больш уладна-ваяўнічымі. Мужчына маўчыць, бо выдатна разумее, што ў сварцы не нараджаецца ісціна, ці проста не жадае адказваць на беспадстаўныя прыдзіркі. Ён сыходзіць да знаёмых, сяброў, другой жанчыны, урэшце, проста ў нікуды.  Не сакрэт, штодзённыя істэрычныя разборкі для многіх сучасных жанчын зрабіліся стылем жыцця, разрадкай пасля працоўнага дня. Спакой – гэта не для іх. Мой знаёмы, клапатлівы бацька і прыкладны сем’янін – цяпер ён адзін – неяк расказваў: калі ў доме два дні была цішыня, спакой і адносны лад,  яго палавіна не вытрымлівала  ідыліі і пускала ў ход сваю каронную фразу, як кажуць, “цяжкую артылерыю”: “Ну, а як жывуць твае каханкі?” Мэта была дасягнута: чалавек узрываўся.
Уладная, неўраўнаважаная гаспадыня дома досыць часта разбурае характар сваёй палавіны: спакваля, год за годам, месяц за месяцам незаўважна затушоўвае ў ім мужчынскія рысы. На вытворчасці прадстаўнікі моцнай паловы чалавецтва  выконваюць самыя адказныя віды працы: вараць сталь, пракладваюць лініі метро, будуюць масты і дарогі. Яны ж абараняюць краіну, клапоцяцца аб грамадскай бяспецы. А дома мужчына нярэдка здае пазіцыі. Ці трэба яго асуджаць, калі ён робіць гэта дзеля захавання сям’і?.. Так атрымалася, што ажаніўся чалавек з жанчынай, якая аніякіх прыкмет не падавала, што будзе крыклівай, жорсткай. Меў рацыю геніяльны англічанін Уільям Блэйк, які з горкім гумарам сцвярджаў: “Пока не женимся, сказать мы не сумеем, не склеены ли у жены колени клеем”. Дык што, кідаць яе з дзецьмі і бегчы куды вочы глядзяць?.. Можа, і добра, што не ўсе так разважаюць.
Балючая памяць… Уласная.  Працягам амаль у два дзесяцігоддзі… У свой час яна  вылілася на старонкі аповесці “У аперацыйным блоку холадна”, па вялікім рахунку – біяграфічнай. Невялікі фрагмент з яе хочацца прывесці.
“Маці спачатку доўга стаяла на каленях перад абразамі. Хлопчык крадком зазіраў у пакой, як адчуваў, што павінна нешта здарыцца. На трохі адышоўся да тэлевізара, але не ўседзеў, зноў наблізіўся да дзвярэй: маці перахрысцілася на пусты іканастас, паварушыла губамі і ўзялася за ручку агромністага скуранога чамадана. У імгненне Віталь бухнуўся на калені ў вузкім праходзе, расставіў рукі ўшыркі.  Спачатку ён толькі прасіў, пасоўваючыся на каленях да маці:
– Хто мне будзе пячы дранікі? Ма-а-ма? Хто мне будзе варыць суп?
– Бацька будзе, – маці глядзела на дзверы паверх яго галавы. –
Адыдзі зараз жа,  інакш я цябе здам у міліцыю!
З чамаданам і тоўстай дарожнай сумкай цераз плячо маці паспрабавала праціснуцца ўздоўж сцяны. І тады Віталька заплакаў, закрычаў, загаласіў што ёсць сілы:
– Не пушчу-у-у!!!
Нешта грымнула ў зале, і за  сынавай спінай у тую ж хвіліну стаў бацька.
– А паспрабуй толькі, толькі паспрабуй пераступіць цераз дзіця! – выгаварыў ён ледзяным, не сваім голасам.
Яшчэ хвіліну пастаяў, грымнуў дзвярыма.
Маці адступіла, села на ложак. Засталася… Яшчэ на чатыры дні. Яе рэчы знікалі паступова. Віталька гэта заўважаў і пра ўсё расказваў бацьку. Той адно маўчаў і гладзіў сына па галаве.
Маці знікла назусім за дзень да пачатку заняткаў у школе. У той дзень бацька знайшоў яго на сажалцы за мікрараёнам. Падышоў, узяў за руку: “Пайшлі, сірата, дамоў”, – і больш ні слова за ўсю дарогу…”
Яна адгукнулася праз 10 гадоў, пераслала ўжо дарослым дзецям некалькі каробак цукерак, большасць з якіх былі з перавышаным тэрмінам захоўвання…
На маю думку, у рэаліях сённяшняга дня, калі няма патрэбы ні шыць, ні ткаць, мужчына (калі ён не горкі п’яніца) здольны прасякнуцца сваім бацькоўскім абавязкам і выканаць да канца прадвызначанае лёсам.
Бацькі-адзіночкі яшчэ больш пачынаюць даражыць уласнымі дзецьмі, яны не крычаць на ўсіх скрыжаваннях пра тое, што выхоўваюць дзяцей адны. Яны рэдка патрабуюць ільгот, аліментаў, матэрыяльнай дапамогі. А яшчэ не прыводзяць у хату, дзе жывуць з малымі, новую “маці”, бо памятаюць, як пачынаюцца казкі “Дванаццаць месяцаў”  і  “Папялушка”, а таксама народную мудрасць: бацька, які прыводзіць у дом мачаху, сам становіцца айчымам…
А што да новага свята?.. Мая прапанова: Дзень маці – свята, якое паступова заваёўвае права на сваё існаванне, “пераназваць” у Дзень Бацькоў (пісаць абодва словы з вялікай літары) і адзначаць яго на дзяржаўным узроўні. І тады ў вечна занятых дзяцей з’явіцца яшчэ адна нагода наведаць бацькоў ці ўспомніць, якімі клапатлівымі і ахвярнымі былі тата і мама, з якой  высокай чалавечай  годнасцю прайшлі па жыцці.
Мікола СЯНКЕВІЧ, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля