“Жыць трэба асцярожна, думаючы пра тых, хто побач, захоўваючы іх сэрцы і душы,” – упэўнена бухгалтар з Ляхавіч Марыя Біза

“Жыць трэба асцярожна, думаючы пра тых, хто побач, захоўваючы іх сэрцы і душы,” – упэўнена бухгалтар з Ляхавіч Марыя Біза

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Хто з вас, паважаныя чытачы, адразу зможа прачытаць па памяці які-небудзь верш? Першыя радкі “Я помню чудное мгновенье” ці “У лукоморья дуб зеленый”, напэўна, згадае кожны, а далей? А што-небудзь з вершаў беларускіх паэтаў? Разгубіліся ці лічыце, што такіх людзей увогуле  не існуе? Яны ёсць! І не думайце, што гэта выключна настаўнікі беларускай мовы і літаратуры.
З адным такім цудоўным чалавекам давялося выпадкова сустрэцца ў Ляхавічах.  Знаёмцеся: Марыя Біза, бухгалтар, улюбёны ў беларускую паэзію і песню.  Нарадзілася акурат у сярэдзіне мінулага стагоддзя ў вёсцы Лабузы Ляхавіцкага раёна. Марыя Мікалаеўна скончыла Мінскі фінансава-эканамічны тэхнікум у 1972 годзе і 37 год працавала ў аддзеле адукацыі роднага раёна намеснікам галоўнага бухгалтара.  А цяпер – у цэнтры турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі памочнікам дырэктара па фінансава-гаспадарчай рабоце. На плячах Марыі Мікалаеўны – не толькі грошы цэнтра, але і выхаванне дзяцей. Да сталай,  мудрай жанчыны звяртаюцца па параду, а яна не толькі раіць, але і актыўна ўдзельнічае ва ўсіх мерапрыемствах. Пайсці ў паход з палаткамі? Першай выклікаецца Марыя Біза. Такой энергіі і жыццялюбству пазайздросцяць нават маладыя. “Я па-іншаму не магу, бо калі Бог дазваляе табе жыць, трэба жыць, а не існаваць”,  – упэўнена бухгалтар.
Між іншым, дзявочае прозвішча жанчыны – Высоцкая. “Можа, мы нейкія родзічы з Уладзімірам Сямёнавічам,  – жартуе мая суразмоўніца, – таму і люблю чытаць вершы?”
Так сталася, што, калі выйшла на заслужаны адпачынак, Марыя Мікалаеўна засталася адна: муж пайшоў з жыцця раней, дзеці жывуць у іншых гарадах. Яна не можа без працы і творчасці – вось і прыйшла ў  ветэранскі калектыў мастацкай самадзейнасці “Сівізна”. “Я спужалася сядзець адна дома, захацелася выйсці ў людзі”, – тлумачыць жанчына. Завітаўшы сюды шэсць гадоў таму, засталася ў ім. Ні адзін канцэрт не ладзіцца без Марыі Мікалаеўны: яна спявае, чытае вершы на раённых і абласных святах. Праз творчасць жанчына не толькі жыве, рэалізуе сябе, але і дапамагае людзям. Часта бывае ў абласной псіхіятрычнай бальніцы “Крывошын”, бо тут размяшчаюцца сацыяльныя ложкі. Каб падтрымаць людзей, падарыць ім некалькі гадзін добрага настрою. І прыязджае гэта цудоўная жанчына на ўсе святы. Ніколі – без смачных гасцінцаў.
“Мы часта з калектывам у дарозе: Брэст, Баранавічы… Гастролі – адным словам. І ў гэтым ёсць пазітыў,  – распавядае Марыя Мікалаеўна. – Не была б я часткай гэтага калектыву, сядзела б дома, хадзіла ў халаце, а так трэба сябе трымаць у форме, сачыць, як прычасана,  апранута. Каб прачытаць верш, трэба стварыць вобраз”. І яна стварае, прытым кожны раз – непаўторна, шчыра…
Размаўляе Марыя Мікалаеўна з нейкай асаблівай сардэчнасцю ў голасе і ўвесь час усміхаецца. Кажа, як цудоўна мець магчымасць жыць – то спяваць, то верш чытаць. Чулі б вы, як яна чытае! Пранікнёна, нават велічна гучыць роднае слова… Яна чытае – а ты слухаеш, слухаеш… І ўсе клопаты адыхо-дзяць на другі план.
З песняй і вершамі Марыя Біза ідзе па жыцці. Успамінае, як ноччу, калі бацька выключаў святло ў хаце, яна, лежачы на печцы, не магла дачытаць кніжку і пачынала плакаць. Вядома, там  – кульмінацыя, каханне, а бацька: “Ідзі спаць”. А потым прызнаецца: “Я чытаю вершы, бо хачу, каб усе мы годна жылі, каб ніколі не рабілі балюча ні блізкаму, ні чужому, ні грэшнаму, ні святому”.
Развітвацца з жанчынай зусім не хацелася. Столькі дабрыні, чысціні, сціпласці і душэўнага цяпла было ў ёй, што нават у  пахмурны халодны дзень нашай сустрэчы пакоі стала сонечна. Ведаеце, калі чалавек гаворыць, як адчувае, глядзіць на свет яснымі вачыма і хоча дапамагаць людзям – ён прыцягвае да сябе, здаецца нават незвычайным. Між тым, гэта самы звычайны чалавек, але вельмі шчыры, прыгожы, светлы. І яшчэ мне падумалася: пакуль сярод нас ёсць такія людзі, як Марыя Мікалаеўна, то і мова наша будзе жыць, і мы самі…
Ганна ІВАШЧАНКА, “НТ”,
г. Ляхавічы.
Фота аўтара.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Дапаможам вясне?

Следующая запись

Ганаровай граматы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь удастоены брастаўчане