Беларусь

  • Главная
  • Актуальна!
  • Першай сярод абласцей рэспублікі Брэстчына падвяла вынікі работы сістэмы адукацыі

Першай сярод абласцей рэспублікі Брэстчына падвяла вынікі работы сістэмы адукацыі


Першай сярод абласцей рэспублікі 29 студзеня Брэстчына падвяла вынікі работы сістэмы адукацыі ў Год кнігі
Цяпер мала быць пісьменным – напісаць сваё прозвішча, палічыць грошы, умець чытаць. Сёння неабходна абавязкова быць адукаваным: мець шырокі кругагляд, высокі інтэлектуальны ўзровень – карацей кажучы, адпавядаць сучаснасці. Як заўважыў начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Міхаіл Ціханчук: “Асноўнае для нашай сістэмы – гэта якасна вырашаць усе пытанні, каб даць рэальную магчымасць бацькам навучыць сваіх дзяцей на ўсіх узроўнях адукацыі”. Вось чаму даклад па выніках работы сістэмы адукацыі рэгіёна ў 2012 годзе і задачах на 2013-ы і яго абмеркаванне выклікалі асацыяцыю з лабараторнай работай, калі пад мікраскопам няспешна разглядаюцца нават самыя малюсенькія складальнікі даследуемага прэпарата. Хоць наўрад ці ў сістэмы адукацыі нейкія састаўныя часткі могуць лічыцца малюсенькімі…
Ці ж можна, скажам, назваць драбязой дашкольную адукацыю?! Яна ўжо даўно вырасла з узросту немаўляці, а дзіцячы сад перастаў успрымацца бацькамі выключна як месца, дзе дзіця знаходзіцца пад апекай, есць і спіць, пакуль таты з мамамі працуюць. У 2012-2013 навучальным годзе ў вобласці функцыянуе 490 устаноў дашкольнай адукацыі і 112 вучэбна-педагагічных комплексаў “дзіцячы сад – школа”, у якіх выхоўваюцца і навучаюцца 60529 дзяцей – на 1377 больш, чым у 2011-м. І хоць па вобласці сацыяльны стандарт забяспечанасці месцамі ў дашкольных установах складае 102,1 працэнта, ды ў некаторых сельскіх населеных пунктах і раёнах масавай жыллёвай забудовы ў гарадах існуе чарга на дзіцячыя сады. Каб задаволіць патрэбы ўсіх бацькоў, сёння неабходна дадаткова больш за 3000 месцаў, у тым ліку ў Брэсце – 1940. Вобласць летась змагла пабудаваць садкі ў Брэсце і Пінску, Столінскім і Пружанскім раёнах. Сёлета плануецца адкрыць новыя дашкольныя ўстановы ў Баранавічах, Іванава, вёсцы Рамель на Століншчыне. Але ж пакуль выклікаюць незадавальненне тэмпы набыцця ў дашкольныя ўстановы сучасных сродкаў навучання, гульнявога абсталявання. Міністэрства ж адукацыі папракае Брэстчыну тым, што ў нас, можна сказаць, не развіваецца такая форма ахопу дашкалят, як прыватныя дзіцячыя садкі. Дарэчы, у сваім выступленні на калегіі намеснік міністра адукацыі Віктар Якжык засяродзіў увагу на падыходах у аплаце за дашкольныя ўстановы: “Бацькі павінны ведаць, колькі каштуе знаходжанне іх дзіцяці ў садку. Трэба актыўней прапаноўваць ім плаціць за паслугі, якія дашкольная ўстанова дае”. Але, па словах Віктара Віктаравіча, аднолькавай платы для ўсіх устаноў быць не можа, бо адна справа, калі садок новы, з басейнам, сучасным абсталяваннем, і калі ўстанова не мае навамодных даброт.
Сістэма агульнай сярэдняй адукацыі ў вобласці функцыянуе ўстойліва. Другі год запар у нас назіраецца рост колькасці першакласнікаў. З бю-джэту фінансавалася паляпшэнне матэрыяльнай базы, набыццё вучэбна-метадычных камплектаў для факультатыўных заняткаў, камп’ютарызацыя школьных бібліятэк. Сёлета будуць выдаткаваны сродкі на набыццё 39 спецыяльна абсталяваных кабінетаў фізікі…
Вядзецца работа па падтрымцы адораных навучэнцаў. Летась школьнікі вобласці атрымалі больш дыпломаў на рэспубліканскіх прадметных алімпіядах, але ўжо каторы год на п’едэстал рэгіён узысці не можа. Вось і па цэнтралізаваным тэсціраванні палепшылі вынікі па шэрагу прадметаў, але ў цэлым, як і ў 2011-м, у рэспубліцы Брэстчына па ЦТ на 7-ым месцы (а мела ж у 2010-м 3-е!). Так што адной з асноўных задач на гэты год педагогі ставяць перад сабой удасканаленне якасці навучання.
Абмеркавалі і праблемы спецыяльнай адукацыі, і работу сістэмы прафесійна-тэхнічнага навучання, і занятасць дзяцей у пазашкольны час, і выхаваўчую ды творчую работу ва ўстановах адукацыі. Па-ранейшаму актуальнай застаецца праблема аптымізацыі сістэмы адукацыі. У вобласці 91 школа, дзе менш чым 50 вучняў. Таму ўжо ідзе прапрацоўка пытання аб закрыцці сёлета 19 малакамплектных устаноў адукацыі і рэарганізацыі яшчэ 11-ці. Міністэрства адукацыі хоць і лічыць аптымізацыю важным працэсам, але ж пераканана: у рэгіёне павінны браць пад увагу спецыфіку той ці іншай мясцовасці, разглядаць сітуацыю комплексна, пралічваць усё, каб не надарыліся пралікі. Віктар Якжык звярнуў увагу на неабходнасць перагледзець статус некаторых устаноў, бо ёсць, напрыклад, выпадкі, калі гімназія нават па колькасці вучняў быць гімназіяй не можа. Новыя падыходы чакае і сістэма вячэрніх школ і міжшкольных вучэбных камбінатаў.
Трэба пашыраць прафарыентацыю на рабочыя прафесіі. Прафесійная адукацыя павінна быць больш сучаснай. Напрыклад, толькі ў дзвюх установах прафесійна-тэхнічнай адукацыі прапануюць завочную форму навучання. Магчыма, трэба перагледзець і падыходы да арганізацыі вышэйшай адукацыі, бо ў ВНУ, на жаль, ідуць нават тыя, хто не мае здольнасцей да вучобы ў іх. “Эканоміка адукацыі павінна прайсці па ўсіх узроўнях, і толькі комплексам мер па павышэнні заработнай платы педагогам пытання не вырашыш”, – заявіў Віктар Якжык.
На парадку дня – і павелічэнне нагрузкі настаўнікаў да 20 вучэбных гадзін, і мадэрнізацыя выхаваўчага кампанента ў адукацыйным працэсе, і дэбюракратызацыя праз змяншэнне дакументазвароту…
Хоць адукацыю адносяць да адной з самых кансерватыўных галін, але яна не можа таптацца на месцы. Добрую будучыню стварыць па сілах толькі людзям адукаваным, а якасць гэтай адукаванасці не павінна ставіцца пад сумненне.
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля