Беларусь

Дзясяткі вызначэнняў-эпітэтаў можна даць беларускай мове


Гнуткая і цвёрдая, гаючая і спеўная, цёплая і праўдзівая, адвечная і гучная, высакародная і дзівосная –  такія розныя, нават супрацьлеглыя па сэнсе эпітэты выкарыстоўваюцца для характарыстыкі аднаго паняцця –  мовы. Нашай, беларускай! Яны, быццам каштоўныя зіхатлівыя каменьчыкі, невялікія памерам, але маюць вялікую вартасць, усе разам складаюць скарб, мець які можа кожны. Усяго толькі і трэба, што дакрануцца да мовы, прыняць яе, быць з ёю.
Жыццё мовы, як і жыццё чалавека, ніколі не цячэ плаўна, можа, таму што інакш яно страціла б сэнс: цяжкасці заўсёды вымагаюць барацьбы, супраціўлення, яны разбураюць звыклую руціну паўсядзённасці, загартоўваюць мужнасць, абуджаюць чалавека, бо паказваюць, што толькі яму аднаму па сілах змяніць становішча.
Мова правярае чалавека, падкідвае яму выпрабаванні, а сама назірае, што ён зробіць: ці апусціць рукі і здасца, ці яго жаданне будзе такім моцным, што дапаможа пераадолець цяжкасці. Тым, хто з годнасцю вытрымаў экзамен, адкрываецца цуд: магчымасць бачыць рэчы ў розных вымярэннях, разумець схаваны ад неспрактыкаванага вока сэнс слова.   Увага да кожнага слова дазваляе адчуваць прыгажосць мовы, успрымаць яе ў гуках, фарбах і руху.
На жаль, не змагла наша мова пакуль што справіцца з усімі цяжкасцямі, што ўзніклі на яе шляху. I зараз яшчэ застаецца актуальным пытанне пашырэння сфер яе ўжытку, бо паступова яна становіцца быццам бы той святой рэччу, якую ставяць на пачэснае месца, заўсёды з  трымценнем праходзяць каля яе, а ўзяць не асмельваюцца: ці то баяцца кары, ці то не хочуць запэцкаць. Мне здаецца, што палымяныя заклікі тут не дапамогуць. Выйсце трэба шукаць у пашырэнні літаратуры, музыкі, мастацтва на беларускай мове. Менавіта праз слова чалавек пазнае свет, ён будзе аддаваць перавагу той мове, на якой ён знайшоў тлумачэнне незразумеламу, адказы на свае пытанні, якія ўзнікаюць заўсёды: пра сяброўства, шчасце, сэнс жыцця…
Немагчыма сілком прымусіць чалавека зазірнуць у чарадзейны свет мовы, але можна дапамагчы яму адчуць у гэтым патрэбу, калі паступова паказваць яе хараство і запатрабаванасць у грамадстве.
Анастасія ДАВІДОЎСКАЯ,
вучаніца ДУА “Дубайскі вучэбна-педагагічны
комплекс яслі-сад-сярэдняя школа”,
Столінскі раён.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля