Сябраваць з зімой

Сябраваць з зімой

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

У абласным цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя прайшла прэс-канферэнцыя, прысвечаная праблеме ўздзеяння холаду на чалавека
Цёплае надвор’е ў снежні і палове студзеня прытупіла нашу пільнасць, а маразы, якія прыйшлі напрыканцы мінулага тыдня, многія назвалі стрэсам для арганізма. Ён, наш арганізм, не можа ў імгненне вока перабудавацца, таму паклапаціцца аб тым, каб не стаць ахвярай холаду, павінны мы самі. Такое меркаванне прагучала падчас прэс-канферэнцыі, прысвечанай праблеме ўздзеяння мінусавай тэмпературы на чалавека. Свае рэкамендацыі выказалі галоўны хірург упраўлення аховы здароўя аблвыканкама Руслан Бярозкін, загадчык апёкавага аддзялення абласной бальніцы Аляксандр Семянюк і ўрач-валеолаг абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Валянціна Машэнская.
Як адзначылі спецыялісты, зіма штогод не ў самы лепшы бок змяняе медыцынскую статыстыку. З пачатку года ў вобласці да медыкаў звярнуліся па дапамогу амаль 1200 чалавек з халадовымі траўмамі, 160 з іх былі шпіталізаваны. На жаль, двое памерлі ад пераахалоджвання. У медыцынскія ўстановы ў студзені па дапамогу ўжо звярнуліся больш за 2 тысячы чалавек з рознымі траўмамі: пераломы, вывіхі і інш.
Мы ведаем, што працяглы ўплыў холаду прыводзіць да абмарожання, але, па словах Аляксандра Семенюка, людзі забываюць пра небяспеку; між тым, у 60 працэнтаў  пацыентаў, якія сур’ёзна пацярпелі ад холаду, усё заканчваецца ампутацыяй канечнасцей і інваліднасцю.
– Хачу засяродзіць увагу на тым, што 90 працэнтаў грамадзян, якія атрымалі абмарожанне (у пераважнай большасці – мужчыны), знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення. Гэта ілюзія, што спіртное ў халодную пару сагравае. Адначасова павышаецца цеплааддача арганізма, і атрымаць халадовую траўму можна хутчэй. Чалавек крытычна не ацэньвае свой стан – а значыць, не можа своечасова заўважыць пагрозу здароўю.
– Калі вы бачыце чалавека, што ляжыць на зямлі, – не праходзьце міма, – заклікае Руслан Бярозкін. – Выклікайце “Хуткую”, а не адварочвайцеся са сварлівымі словамі ў адрас п’янчугі. Сітуацыі ж бываюць розныя: хтосьці перабраў са спіртным, а ў дыябетыкаў на вялікім марозе можа здарыцца кома, у кагосьці – гіпертанічны крыз, зрыў сардэчнага рытму. І памятайце пра бяспеку дзяцей (20-ці ўжо была аказана сёлета дапамога па прычыне абмарожання і траўм).
Калі ўсё ж такі чалавек трапляе ў абдымкі марозу, дык самалячэнне катэгарычна забаронена. Ніякіх гарачых ваннаў, печак, бо пры хуткім адаграванні часта не аднаўляецца крываток – таму і адбываецца некроз тканак. Да прыезду ўрача пацярпелага можна сагрэць: напаіце яго цёплым чаем, захутайце ў коўдру, на абмарожаную паверхню накладзіце цеплаізаляцыйную павязку (у крайнім выпадку – світар, шаль), а калі гэта канечнасць –  яе варта абезруховіць.
Простыя ў выкананні рэкамендацыі дае і Валянціна Машэнская:
– Правільна апранайцеся зімой: раўнамерна, шматслойна, пачынаючы з баваўнянай маечкі і заканчваючы цёплай курткай ці паліто. Не выходзьце на мароз без рукавіц, шапкі і шаліка. Калі мерзнуць вушы, дык трэба зняць нават завушніцы. Карыстайцеся ахоўным крэмам для твару. Гуляючы з дзіцём, памятайце пра час, а сагрэцца можна, зайшоўшы ў аптэку, магазін, майстэрню… І не выходзьце на мароз галоднымі, інакш вашаму арганізму не хопіць энергіі, каб сагрэцца.
Зручны абутак, правільная бялізна і вопратка, элементарная ўвага да тэмпературы паветра, адмова ад курэння на марозе, табу на алкаголь – усё разам дапаможа засцерагчыся ад холаду. З зімой трэба сябраваць – і тады ніякія халады не сапсуюць ні настрою, ні здароўя.
Ганна ІВАШЧАНКА,
студэнтка
БрДУ імя А.С. Пушкіна.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Кіраўнік вобласці прадставіў свайго новага намесніка Андрэя Клеца

Следующая запись

Прадукцыя кампаніі “Савушкін прадукт” атрымала адразу тры прэміі