Беларусь

Свой погляд: мадэрнізацыя жыцця


Ёю трэба займацца, каб быць суверэннай і незалежнай дзяржавай
У сваім Пасланні да беларускага народа і Нацыянальнага сходу 19 красавіка 2013 года Аляксандр Лукашэнка зноў падкрэсліў, што “сёння галоўная, стрыжнёвая ідэя для Беларусі – ідэя абнаўлення”. Пры гэтым абнаўленне павінна разглядацца не як адмова ад існуючай у Беларусі мадэлі і ранейшага шляху, а як новы этап у развіцці. І тут, паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, мы павінны абаперціся на магутныя нацыянальныя праекты, першым з якіх з’яўляецца мадэрнізацыя эканомікі.
Вядома, што практычна ўсе краіны свету ў свой час праходзілі праз мадэрнізацыю. Для адных – Англія, Францыя, ЗША і іншыя –
яна была прадыктавана ўнутранымі фактарамі, для іншых – краіны Лацінскай Амерыкі, Азіі, Расія, Беларусь –
галоўным чынам знешнімі. Таму правядзенне мадэрнізацыі сёння ў нашай краіне – гэта цалкам вытлумачальны і прадказальны з пункта гледжання сусветнай гісторыі працэс.
Сёння для Беларусі, як і для іншых краін постсавецкай прасторы, галоўнай прычынай правядзення мадэрнізацыі з’яўляецца неабходнасць павышэння канкурэнтаздольнасці эканомікі. Толькі забяспечыўшы канкурэнтныя пазіцыі нашай краіны ў свеце, мы можам гарантаваць устойлівае павышэнне ўзроўню і якасці жыцця беларусаў. Тут гаворка ідзе аб павелічэнні заробкаў, пенсій, стыпендый, усяго спектра сацыяльных дапамог, паляпшэнні работы паліклінік, бальніц, дзіцячых садкоў, школ, ВНУ, функцыянавання камунальных службаў, пасажырскага транспарту, паслуг сувязі…
Менавіта важнасцю задачы і тлумачыцца маштабнасць мадэрнізацыі, якая разгарнулася ў нашай рэспубліцы, – актыўныя пераўтварэнні ідуць у дрэваапрацоўчай, машынабудаўнічай, тэкстыльнай прамысловасці, сельскай гаспадарцы, энергетычнай, будаўнічай, нафтахімічнай галінах.
Мадэрнізацыйныя працэсы захапілі ўсе рэгіёны нашай краіны. На Брэстчыне праведзена мадэрнізацыя Бярозаўскай ДРЭС, цэха па вытворчасці драўнінна-стружкавых і ламініраваных пліт ААТ “Івацэвічдрэў”, 25 праектаў выліліся ў маштабнае тэхнічнае перааснашчэнне прадпрыемстваў канцэрна “Брэстмясамалпрам”. Актыўна ідзе працэс тэхнічнага пераўзбраення на прадпрыемствах ЖКГ і сельскай гаспадаркі.
Генеральным падрадчыкам будаўніцтва новага блока ПГУ 400 на Бярозаўскай ДРЭС выступіла Кітайская машынабудаўнічая інжынерынгавая карпарацыя (CMEC). Рэалізацыя гэтага праекта павышае надзейнасць і якасць энергазабеспячэння спажыўцоў. Штогод эканомія – 141 тысяча тон умоўнага паліва.
На працягу 2011 года было рэалізавана больш за 20 інвестыцыйных праектаў, накіраваных на мадэрнізацыю ААТ “Бярозаўскі сыраробны камбінат”. У выніку пастаянны камітэт Еўрапейскага саюза па харчовым ланцужку і здароўі жывёл з 1 ліпеня 2012 года дазволіў пастаўку малака і малочных прадуктаў з Бярозы ў краіны Еўрасаюза…
Пры правядзенні такіх маштабных пераўтварэнняў, як мадэрнізацыя эканомікі, вельмі важна ўлічваць вопыт іншых краін, на аснове якога ўжо адкрыты выразныя законы мадэрнізацыі. Сёння і навукоўцы, і эксперты сыхо-дзяцца ў меркаванні, што паспяховая мадэрнізацыя непасрэдна звязана з актыўнай і вырашальнай роляй дзяржавы. Пры гэтым часцяком дзяржава настолькі ўзмацнялася ў ходзе мадэрнізацыі, што набывала нават аўтарытарныя рысы.
Акрамя таго, важнейшую ролю ў поспеху гэтых працэсаў адыгралі моцныя і харызматычныя палітычныя лідары, адораныя і таленавітыя кіраўнікі, здольныя ісці “супраць плыні”, згуртаваць і мабілізаваць лю-
дзей для выхаду на прынцыпова іншы ўзровень развіцця краіны. У Кітаі –
гэта Дэн Сяопін, у Сінгапуры –
Лі Куан Ю, у Тайвані – Цзян Цынго, у Паўднёвай Карэі – Пак Чжон Хі. У гэтай сувязі варта адзначыць, што ў галоўных, прынцыповых падыходах Беларусь улічвае ўрокі і законы мадэрнізацыйных пераўтварэнняў у свеце.
Вядома, сёння на шляху мадэрнізацыі шмат праблем. І справа не толькі і не столькі ў тэхнічным перааснашчэнні. Важнейшы напрамак мадэрнізацыі сёння –
змена сістэмы кіравання, павышэнне тэхналагічнай дысцыпліны, псіхалагічнай, эканамічнай і прававой падрыхтаванасці насельніцтва. Неабходна ўзмацненне матывацыі да эфектыўнай працы і павышэнне адказнасці работнікаў за вынікі і якасць сваёй працы. Пры гэтым трэба захаваць тое лепшае, што было створана папярэднімі пакаленнямі. Усё гэта вельмі складаныя пытанні, якія патрабуюць намаганняў многіх сацыяльных інстытутаў для іх рашэння.
Аднак іншага шляху няма. Нядаўна Аляксандр Лукашэнка сказаў на сустрэчы з кіраўнікамі буйнейшых беларускіх СМІ: “Калі мы амбіцыйна заяўляем аб тым, што хочам быць суверэннымі і незалежнымі, і не будзем займацца мадэрнізацыяй свайго жыцця, мы ніколі такімі не будзем. Вось у чым сэнс. Немагчыма сёння жыць і не развівацца”.
Юрый АМЕЛЬЯНЮК,
г. Брэст.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля