Тут Купалы і Коласа песні гучаць…
Народны тэатр Івацэвіцкага ГДК шырока прапагандуе нацыянальную літаратурную спадчыну і гісторыю роднага краю
Наша размова з Валянцінай Кулецкай, рэжысёрам народнага тэатра, яшчэ толькі пачыналася, калі ў памяшканне, дзе праходзяць рэпетыцыі, зайшоў заклапочаны вайсковец, на якім былі пагоны лейтэнанта. Як аказалася, у маладога чалавека незапланаваная камандзіроўка і ўдзельнічаць у чарговай адказнай пастаноўцы ён не мае магчымасці. Адразу падумалася, што ў рэжысёраў прафесійных тэатраў хоць бы такія праблемы не маюць месца…
Год нараджэння тэатра – 1990-ы. У гэты час Валянціна Пятроўна з мужам пераехалі ў Івацэвічы з Камянеччыны, дзе працавалі на працягу 18 гадоў у сельскім Доме культуры: Юрый Пятровіч – рэжысёрам, яна – мастацкім кіраўніком. Юрый Кулецкі адразу ж заняўся пошукам таленавітых выканаўцаў. “Ён, – успамінае Валянціна Пятроўна, – быў інтэлектуальна багатым чалавекам, меў адметны талент гумарыста, яму не было роўных як рэжысёру лубка”.
У 1995 годзе тэатр атрымаў званне народнага. На жаль, рэжысёр Юрый Кулецкі рана пайшоў з жыцця. Апошнія пяць гадоў на яго месцы працуе Валянціна Пятроўна, якая “рэжысёрам сябе не лічыць – залішне гучна, – хутчэй кіраўніком”.
У тэатры моцны склад акцёраў, многія працуюць тут ледзьве не з часу яго заснавання. Валянціна Кулецкая паважае самадзейных выканаўцаў за добрасумленную працу, энтузіязм. Яе правая рука – харэограф тэатра і сцэнарыст Наталля Куратнік. Сённяшні народны тэатр нельга ўявіць без такіх таленавітых артыстаў, як Ала Мельянчук, Нона Чырко, Мікалай Дылько, Васіль Разумейчык, Аляксандр Сарока, Дзмітрый Міхнікевіч, Павел Грэчны, Аляксей Халадовіч, Валерый Брычыкаў… Усіх не назавеш, бо трупа самадзейнага тэатра (з маладзёжнай студыяй, у якой 16 старшакласнікаў) – гэта 55 чалавек. А ёсць жа яшчэ падшэфны дзіцячы драматычны калектыў, у якім 30 дзяцей (харэаграфічная і акцёрская групы). Задача рэжысёра – дапамагчы кожнаму рэалізаваць свае магчымасці.
– А ці проста стаць артыстам народнага тэатра? – пацікавіўся я ў Валянціны Пятроўны.
– Так, каб грукалі ў дзверы двума кулакамі – вазьміце мяне! – не бывае, –
прызналася жанчына. – Як не бывае і такой неабходнасці, бо калектыў даволі стабільны. А ў нашай справе лішняя мітусня толькі перашкаджае.
– А як з білетамі?
– Няма ніякіх праблем. Нам ніколі не даводзіцца іх, як раней казалі, “распространять”. З 500 месцаў у зале ніводнае не пустуе.
Рэпертуар тэатра даволі адметны. У Івацэвічах не імкнуцца абагнаць час і хапацца за навамодныя п’есы-аднадзёнкі сваіх і замежных аўтараў. А вось літаратурная спадчына ў павазе тут яшчэ з часоў Юрыя Кулецкага. Так, у мінулым годзе тэатр браў удзел у свяце роднай мовы “Жывыя вытокі” ў Брэсце з музычна-пластычным спектаклем па паэме Янкі Купалы “Адплата кахання”. Асабіста мне давялося прысутнічаць на ім: выдатная музыка, дзяўчаты ў белых сукенках і, вядома ж, несмяротныя вершы класіка беларускай літаратуры… “Тут навідавоку талент харэографа, ну і я “на двойку” папрацавала, – адзначае Валянціна Пятроўна. (“На двойку” папрацавала” – любімая прымаўка рэжысёра Валянціны Кулецкай, але каб жа мы ўсе так працавалі!)
Самая важкая ўзнагарода артыстаў – Гран-пры абласнога фестывалю “Тэат-ральнае Палессе” ў Івацэвічах за пастаноўку спектакля па матывах п’есы Яна Райніса “Вей, ветрык” у кастрычніку 2011 года. З гэтым спектаклем артысты ездзілі на Мінскі абласны фестываль “Бярэзінская рампа”. Пастаноўка пакарыла як прафесійнае журы, так і гледачоў. Сама Марыя Захарэвіч, зорка Купалаўскага тэатра, назвала працу артыстаў бліскучай, а акцёрскі склад – моцным і каларытным. Адразу ж на фестывалі паступіла прапанова арганізаваць тэатральнае турнэ з гэтым спектаклем па Прыбалтыцы. Чаму Райніс? Як вядома, паэт быў добра знаёмы з Янкам Купалам, выдатна ведаў наш фальклор. Беларускай па паходжанні была і ягоная маці.
У рэпертуары тэатра значыцца і гумарыстычная праграма “Брава, акцёр!”, у аснову якой ляглі эстрадна-гумарыстычныя мініяцюры і балада “Рыбка” (па творчасці Адама Міцкевіча).
Не забылі і другога Міцкевіча – Якуба Коласа. Па яго творах тэатрам падрыхтавана кампазіцыя “На дарозе жыцця”. Маналог Лабановіча пачуццёва прагучаў на Дні беларускага пісьменства ў Ганцавічах, дзе пачынаў сваю працоўную дзейнасць народны паэт.
І, вядома ж, тут не маглі пакінуць без увагі вобраз найбольш слыннага прадстаўніка Івацэвіччыны Тадэвуша Касцюшкі. Берасцейская пісьменніца Зінаіда Дудзюк спецыяльна для тэатра напісала п’есу “Нарадзіўся я ліцвінам”. Назіраюць гледачы ў зале і за тым, як Касцюшка пазнае першыя ўрокі жыцця (у Марачоўшчыне бліз Косава прайшлі яго дзіцячыя гады), блізка да сэрца прымаюць пачуцці закаханага Тадэвуша. Аўтар сцэнарыяў абодвух спектакляў сама Валянціна Кулецкая.
Вядома ж, і Касцюшка, і Купала, і Колас ідуць па-беларуску. Райніс –
пакуль што на рускай мове, крыху “не дацягнулі”: доўга шукалі беларускамоўны варыянт п’есы, а пасля было позна.
А ў канцы года тэатр абавязкова паказвае сваю “візітоўку” – “А, знаёмыя ўсе твары!”. Звычайна гэта своеасаблівая справаздача за год. І яшчэ таму яна заўсёды ў праграме, што ў спектаклі не можа быць задзейнічаны ўвесь калектыў, а ў праграме такога кшталту гэта цалкам магчыма. У пастаноўцы – гумар, харэаграфія, песні.
Тэатр – гэта яшчэ і дэкарацыі, і касцюмы. Што да дэкарацый, то тут Валянціна Пятроўна сама (зноў жа, “на двойку”) распрацавала ідэю арыгінальнага сцэнічнага “трансформера”. Ім асабліва зручна карыстацца на выездзе, бо гэта ў адной “асобе” і стол, і вароты, і рачны абрыў. А вось рэалізавалі гэтую і іншыя ідэі ў папраўчай калоніі №5. Касцюмы ж артыстам шыюць Вольга Шыбайка ды Жанна Кулецкая дома на ўласных машынках.
Па словах Валянціны Пятроўны, найбольш цяжка ў любым спектаклі – пачаць. Яшчэ складана выбраць артыста на ролю, пераканаць яго, што ўсё абавязкова атрымаецца. Пасля ідзе падрыхтоўка, рэпетыцыі (у сярэднім – паўгода). Затое пасля бывае прэм’ера: запамінальная сустрэча з высокім мастацтвам, “якую нельга адкладваць на потым”, для гледача і хвалюючыя імгненні для артыстаў народнага тэатра Івацэвіцкага ГДК, якім кіруе апантаны чалавек, майстар сваёй справы Валянціна Кулецкая.
Мікола СЯНКЕВІЧ, “НТ”,
г. Івацэвічы.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.