У Брэсце прадстаўлена новая беларуска-ўкраінская праграма
З агульнымі праблемамі суседзям лягчэй справіцца, калі вырашаць іх сумесна
Трансгранічнае супрацоўніцтва для Брэстчыны – справа знаёмая і традыцыйная. Нічога дзіўнага – мы ж жывём на граніцы! Адкрытасць для дзелавых кантактаў, сумесных праектаў эканамічнага, гуманітарнага, сацыяльнага кірункаў не раз дэманстравалася і органамі мясцовай улады, і грамадскімі суполкамі рэгіёна. Сумесныя ж праекты ды праграмы з прыгранічнымі раёнамі Польшчы і Украіны сталі дзейснай формай супрацоўніцтва. У выніку добрасуседства не проста дэкларуецца на словах, а падтрымліваецца канкрэтнымі справамі. І гэтых спраў праз пэўны час можа стаць яшчэ болей. Да такой думкі падштурхнуў нядаўні медыя-брыфінг для рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі па Праграме садзейнічання тэрытарыяльнаму супрацоўніцтву краін Усходняга партнёрства (EaPTC), які прайшоў у Брэсце. У абласным цэнтры праект падтрымлівае Брэсцкі трансгранічны інфацэнтр пад кіраўніцтвам Яраслава Лукшы.
На брыфінгу была прадстаўлена новая сумесная беларуска-ўкраінская праграма, аб падрабязнасцях якой журналістам распавялі кіраўнік групы экспертаў Аляксей Сякараў і эксперт па пытаннях інфармацыйнага ўзаемадзеяння Таццяна Дзеравянкіна. Яны звярнулі ўвагу на тое, што асаблівасць прапановы – двухбаковае супрацоўніцтва дзвюх краін (у нашым выпадку – Украіны і Беларусі) праз узаемадзеянне прыгранічных рэгіёнаў, пачынаючы ад распрацоўкі сумеснага праекта і заканчваючы яго прасоўваннем і рэалізацыяй.
Прыдумаць свой міні-праект могуць дзяржаўныя і недзяржаўныя структуры: адукацыйныя, навуковыя, культурныя ўстановы, незалежныя даследчыя цэнтры, маладзёжныя арганізацыі, прафсаюзы, асацыяцыі сярэдняга і малога бізнесу і іншыя, якія дапамогуць вырашыць пытанні, звязаныя з мясцовым і рэгіянальным развіццём. Гэта паляпшэнне ўмоў жыцця на прыгранічных тэрыторыях шляхам выканання сумесных праектаў, вырашэнне агульных для суседніх рэгіёнаў праблем у такіх сферах, як ахова навакольнага асяроддзя, змяншэнне беспрацоўя, ахова здароўя, кантакты ў галіне культуры і адукацыі, сумесныя спартыўныя мерапрыемствы і іншыя.
Ад Беларусі ў праекце EaPTC, які фінансава падтрымае Еўрасаюз, удзельнічаюць Брэсцкая і Гомельская вобласці. Арганізацыі і грамадскія аб’яднанні гэтых рэгіёнаў могуць падаваць заяўкі для супрацоўніцтва з партнёрамі з Валынскай, Ровенскай, Жытомірскай, Кіеўскай і Чарнігаўскай абласцей. Бюджэт праграмы для Беларусі і Украіны складае 3,3 мільёна еўра. Кожны з праектаў можа разлічваць на суму ад 20 да 250 тысяч еўра, пры гэтым 10 працэнтаў дае сам атрымальнік гранта.
Для ўдзелу ў праграме неабходна, каб праект быў распрацаваны і пада-дзены як мінімум двума партнёрамі – беларускім і ўкраінскім. Калі з пошукам партнёра паўстануць цяжкасці, яго можна знайсці з дапамогай сайта eaptc.eu і на сустрэчах, якія будуць арганізаваны ў рамках праграмы. Праект павінен быць разлічаны на тэрмін, які не перавышае 24 месяцы, і накіраваны на мясцовае або рэгіянальнае развіццё. Камерцыйныя або любыя іншыя прадпрыемствы, якія ставяць сваёй мэтай атрыманне прыбытку, у праграме ўдзельнічаць не могуць, гэтак жа, як рэлігійныя арганізацыі ды палітычныя партыі. Конкурс праектных прапаноў будзе адкрыты сёлета з чэрвеня па верасень. Заяўкі, якія трэба падаваць абавязкова на англійскай мове, будуць разглядаць да канца года. У студзені 2015-га з аўтарамі тых праектаў, якія выйграюць конкурс, будуць заключаны кантракты. Рэалізацыя праекта працягнецца да снежня 2016 года.
Атрымліваецца, што мінімум тры гады ўдзельнікі праекта па праграме ЕаРТС будуць мець партнёрскія зносіны, разам працаваць над актуальнай па абодва бакі мяжы праблемай, якую самі ж і выберуць для ўзаемнага прыкладання сіл. А там, глядзіш, і створаць тыя самыя спрыяльныя ўмовы для паглыблення тэрытарыяльнага супрацоўніцтва прыгранічных рэгіёнаў.
Сабіна ГАРАЕВА, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.