Беларусь

  • Главная
  • Актуальна!
  • У Брэсцкім абласным цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя прайшла прэс-канферэнцыя галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача вобласці Івана Даўжука

У Брэсцкім абласным цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя прайшла прэс-канферэнцыя галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача вобласці Івана Даўжука


Эпідэміялагічная бяспека і санітарна-гігіенічны дабрабыт насельніцтва магчымыя толькі пры арганізацыі эфектыўнага і выніковага дзяржаўнага санітарнага нагляду – гэтае меркаванне галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Брэстчыны Івана Даўжука стала своеасаблівым лейтматывам яго сустрэчы з журналістамі. Іван Аляксеевіч засяродзіў увагу на дзяржсаннаглядзе за прадпрыемствамі, якія ажыццяўляюць вытворчасць і рэалізацыю  прадуктаў харчавання, за ўстановамі для дзяцей і падлеткаў, санітарным станам і добраўпарадкаваннем тэрыторый, удасканаленнем  дзейнасці па ажыццяўленні дзяржаўнага нагляду ў рамках рэалізацыі Пагаднення Мытнага саюза па санітарных мерах і інш.
У прыватнасці, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач рэгіёна адзначыў, што не страціла актуальнасці пытанне выканання санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства гандлёвымі аб’ектамі, рынкамі, аб’ектамі грамадскага харчавання і прыдарожнага сэрвісу. Так, за 9 месяцаў парушэнні санітарна-гігіенічных патрабаванняў выяўлены на 60% рынкаў. І гэта парушэнні як іх матэрыяльнай базы (нездавальняючы санітарна-тэхнічны і гігіенічны стан туалетаў, адміністрацыйна-бытавых памяшканняў), так, і невыкананне элементарных патрабаванняў па ўмовах захоўвання, рэалізацыі прадукцыі (асабліва той, якая хутка псуецца), парушэнні правіл асабістай гігіены прадаўцоў. Лік штрафаў ідзе на сотні тысяч рублёў, але па-ранейшаму ў магазінах, напрыклад, прадаюць сапсаваныя тавары (тэрмін рэалізацыі закончыўся, а яны – на паліцах).
Санітарная служба заўсёды надавала ўвагу захаванню здароўя  дзяцей і падлеткаў. Паводле слоў Івана Аляксеевіча,  асаблівая ўвага будзе нададзена арганізацыі харчавання. З 1 верасня па 10 кастрычніка праверкамі і маніторынгам было ахоплена 110 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Парушэнні выяўлены ў 50 з іх. Самыя распаўсюджаныя – парушэнні па ўмовах і тэрмінах захоўвання харчовых прадуктаў, невыкананні рэжыму мыцця посуду. “У рэспубліцы абвешчаны пачатак тэматычнай праверкі ўмоў арганізацыі харчавання ў дзіцячых калектывах. Вывады будуць зроблены да 15 лістапада, абавязкова дадзім і рэкамендацыі па паляпшэнні сітуацыі”, – паведаміў Іван Даўжук.
У полі зроку санітарнай службы вобласці знаходзіцца і стан тэрыторый. Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Брэстчыны праінфармаваў: “На пачатак кастрычніка былі праведзены праверкі санітарнага ўтрымання 28826 аб’ектаў нагляду і тэрыторый. Парушэнні ва ўтрыманні тэрыторый былі выяўлены на 6299 аб’ектах – а гэта амаль 22 працэнты ад правераных. Выяўлена 347 несанкцыянаваных  звалак, 338 з іх ужо ліквідаваны. Па фактах выяўленых парушэнняў вынесена 1659 пастаноў аб накладанні адміністрацыйных спагнанняў. Агульная сума штрафаў склала 609 мільёнаў 225 тысяч рублёў. З накіраваных 3772 прадпісанняў аб ухіленні парушэнняў выканана 3572”.
На прэс-канферэнцыі прагучала шмат лічбаў. Безумоўна, санітарна-гігіенічная служба праводзіць работу па забеспячэнні санэпіддабрабыту насельніцтва. І хоць дасягнуты пэўныя зрухі ў гэтай справе, але праблемы застаюцца. Многія звязаны з нявыхаванасцю людзей і нядобрасумленнасцю ў адносінах да сваіх службовых абавязкаў. Можа, санслужбе трэба не толькі правяраць і караць штрафамі, але і выхоўваць, дабівацца павышэння адказнасці грамадзян за іх жа санітарна-эпідэміялагічны дабрабыт?
Сабіна ГАРАЕВА,
студэнтка БрДУ імя А.С. Пушкіна.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля