Беларусь

Непрыдуманыя гісторыі: ЗМЯЯ


Спакойнае, размеранае жыццё Юрыя Кузняцова закончылася ў той дзень, калі ён, малады, здаровы мужчына, нечакана адчуў моцнае недамаганне.
Была субота. Вялікі аматар “ціхага палявання”, Юрый не мог адмовіць сабе ў тым, каб пабываць у лесе. Напоўніўшы кошык грыбамі, ён перабраўся ў чарнічнік. Вялікая паляна была ўсыпана буйнымі спелымі ягадамі. Стоячы на каленях, мужчына спрытна спраўляўся з работай і ўяўляў пры гэтым смак гарачых варэнікаў. Бутэрброды, якія прыгатавала жонка, Юрый забыў дома і цяпер наталяў голад спелымі сакавітымі ягадамі, зрэдку кідаючы іх у рот жменькамі. Раптам пачуццё голаду праявілася мацней: засмактала пад лыжачкай, у вачах пацямнела. На нейкі час давялося нават прыпыніць збор чарніц. Кроплі халоднага поту выступілі на твары. Юрыю і раней даводзілася заставацца без абеду, аднак сённяшняя рэакцыя арганізма на голад устрывожыла не на жарт. Крыху перадыхнуўшы, ён усё ж дабраў слоік даверху і рушыў з лесу.
Дома добра паеў і прылёг адпачыць. Але сон не ішоў, а потым і ўвогуле ў жываце нешта здрыганулася і гарачай хваляй прайшлося па страўніку. “Што ж гэта можа быць?” – не разумеў мужчына. Абед, як заўсёды, у жонкі Аксаны атрымаўся свежы і вельмі смачны, ды яна ніколі і не гатавала стравы на некалькі дзён. Юрый незадаволена пакруціўся з боку  на бок, некалькі разоў правёў далонню па жываце, прыслухаўся: боль нечакана сцішыўся, і мужчына заснуў.
Некалькі дзён усё было нармальна, боль знік, і Юрый пачаў ужо забываць пра той непрыемны выпадак. Аднак хутка зразумеў, што рана супакоіўся. Як толькі ўзнікала пачуццё голаду – адразу ж з’яўляўся нейкі непрыемны рух у страўніку. Потым круцілася галава, ён некалькі разоў нават страчваў прытомнасць. Давялося звярнуцца ў мясцовую паліклініку…
Аналізы нічога сур’ёзнага не паказалі, і Юрый зноў супакоіўся. Ды толькі праз пэўны час стаў імкліва худнець, хоць пастаянна адчуваў жаданне есці. Яго нездаровы стан заўважыла Аксана, давялося расказаць жонцы аб сваім незразумелым недамаганні. Аксана настаяла, каб муж лёг у гарадскую бальніцу. Юрыя абследавалі на самым сучасным абсталяванні, зноў узялі аналізы і… нічога не знайшлі.
За бальнічным парогам у галаву палезлі непрыемныя думкі. Мужчына вырашыў, што медыкі не гавораць яму праўды, а жыць, напэўна, засталося нядоўга. Юрый ніколі не злоўжываў спіртнымі напоямі, аднак цяпер вырашыў выпіць. Па дарозе якраз натрапілася нейкае кафэ. Ён зайшоў, заказаў сто грамаў гарэлкі, потым яшчэ, і яшчэ…
Юрый моцна захмялеў і не памятаў, як дабраўся дадому. Пераступіў парог кватэры, упаў на падлогу… Усё, што выпіў і з’еў у кафэ, ірванулася вон… Жонка, вярнуўшыся з работы, вельмі здзівілася: яна ўпершыню бачыла мужа ў такім непрывабным стане. “Пэўна, зусім кепскія ў яго справы, калі так набраўся!” – мільганула трывожная думка. І ў гэты момант сярод мужавых ванітаў заўважыла нейкі шараваты доўгі шнурок, які варушыўся. “Гліст? – чамусьці падумалася ёй. – Але ж з галавой…”. Аксана запіхнула невядомую істоту ў слоік і аднесла ў лабараторыю пры мясцовай бальніцы.
Адказ медыкаў шакіраваў: “У страўніку вашага мужа гадавалася… змяя. Ёй не спадабалася спіртное, якое трапіла ў страўнік, і яна выйшла вонкі”.
Аксана ўспомніла, як аднойчы Юрый у спякотнае надвор’е піў ваду з ляснога возера. Тады, пэўна, і трапіў у страўнік зародак змяі, прысмактаўся да сценкі і пачаў імкліва развівацца, ствараючы чалавеку шмат непрыемнасцей. Жанчына з палёгкай уздыхнула, што страшнае засталося ў мінулым, а наперадзе… Яна загадкава ўсміхнулася…
Вера ПРАКАПОВІЧ,
Брэсцкі раён.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля