Сляза
Вы бачыце мяне, людзі? Глядзіце сюды – на тварык гэтага мілага і сімпатычнага малога. Бачыце-бачыце, я сцякаю па ягонай шчацэ. Так-так, я – дзіцячая сляза. Вялікая. Празрыстая кропелька крыўды. Першай крыўды. Толькі што на малога накрычаў тата. Малы проста занадта гучна паказваў трактар. А тата, седзячы на лаўцы, чытаў газету. І “трактарнае” бурчанне сына раззлавала яго. І ён насварыўся на малога. А той заплакаў. І вось так з’явілася я – дзіцячая сляза крыўды…
Вы бачыце мяне, людзі? Гэй, я тут, на шчацэ кучаравага падлетка. Так-так, я – падлеткавая сляза злосці. Празрыстая, але зусім не прыгожая. Толькі што бацька адмовіў сыну ў просьбе купіць мапед. Сын паспрабаваў пагутарыць з ім, але той звыкла раўнуў: “Адчапіся! Я сваё слова ўжо сказаў”. І пайшоў курыць на балкон. Сын падумаў: “Вось так заўсёды, ён сваё слова ўжо сказаў…” І па-здрадніцку пабегла я – сляза яго злосці…
Вы бачыце мяне, людзі? Ну вось жа я – пабліскваю ў куточку вока высокага юнака. Маленькая слязінка юнацкай нянавісці. Я толькі што сабралася з малюсенькіх кропляў гэтай самай нянавісці, якая аплятала сэрца маладога чалавека ўжо даўно. Бо яго ж з дзяцінства не чулі. Тады ў парку, калі ён, мілы, сімпатычны малы, паказваў трактар, тату трэба было чытаць газету. Іншым разам, калі ён хацеў памаляваць, тата глядзеў футбол. А яшчэ раз, калі глядзеў любімы мультфільм, тата пачаў штосьці свідраваць і яго зусім не хвалявала, што сын не чуе гуку тэлевізара. І яшчэ шмат-шмат разоў…
А тады на кухні, калі ён паспрабаваў угаварыць бацьку на новы мапед, прагучала: “Я слова сваё сказаў”. І гэта фраза праследвала падлетка пастаянна. Любую яго прапанову, просьбу, жаданне бацька нават не спрабаваў разглядаць. Ён заўсёды катэгарычна гаварыў: “Не!” – а потым: “Я слова сваё сказаў”.
Хіба можа сэрца ведаць, што такое радасць, калі твае адчуванні ніяк не хвалююць самых блізкіх людзей? Хіба можа душа навучыцца быць велікадушнай і міласэрнай, калі цябе метадычна не бяруць у разлік і прыгнятаюць сваім вялікаўзроставым: “Я слова сваё сказаў”?
О, колькі разоў ён хацеў крыкнуць: “У мяне таксама ёсць слова! Я хачу сказаць сваё слова!” Але не гаварыў. Спачатку – ад крыўды, потым – ад злосці, а затым – і ад нянавісці.
Гэй, людзі, навошта вы такія адзін з адным – упартыя, злыя, шкодлівыя? Вы забылі, што быць добрым, пяшчотным, уважлівым значна прыемней, чым злым? Вы што, не памятаеце цудоўных слоў Фрыдэрыка Шапэна: “Ветлівасцю дасягаецца больш, чым гвалтам”? Ці вы ніколі не чулі выдатную думку рускага філосафа Мікалая Бярдзяева: “Акт насілля ёсць жэст слабасці”? І няўжо вы лёгка праігнаруеце параду англійскага гісторыка і палітычнага дзеяча Фрэнсіса Бэкана: “Усялякая гвалтоўная мера багата новым злом”?
…У горкай слязы няма будучыні. Чаму? Я высахну. Мяне змахнуць рукою. Мяне вытруць сурвэткай. Які варыянт не возьмеш, усё роўна вынік адзін – будучыні няма. Я ж не магу ператварыцца нават у малюсенькі ручай. Мяне не выкарыстаеш для паліву нават самай карлікавай расліны. Ува мне не выкупаешся. Я толькі кароткачасовае ўвасабленне якіх-небудзь эмоцый, перажыванняў, імгненная рэакцыя на што-небудзь.
У насілля таксама няма будучыні. Таму што яно не валодае здольнасцю да стварэння. У яго толькі адзін шлях – чорная сцежка да новага гвалту, новага разбурэння. Яна бясплодная, бо, паўтаруся, нічога новага не стварае.
Вы бачыце мяне, людзі? Я – сляза. Я – увасабленне крыўды, злосці, адчаю, непаразумення, абыякавасці. Вашага да вашых жа дзяцей. З усяго гэтага па кропельцы, па кропельцы збіраецца нянавісць. Яна губіць сэрца, душу, розум. Навошта вы добраахвотна пагаджаецеся аддаваць іх? Лепш няхай свет ніколі не бачыць мяне –
празрыстую горкую слязу, чым топчацца на адным месцы без будучыні.
Гэта ж так проста! Сказаць: “Ой, які цудоўны трактар тут бурчыць”. Сказаць: “Добра, сын, я гатовы абмеркаваць з табою магчымасць куплі мапеда”. І, падбадзёрваючы, усміхнуцца. Будучыні, у якой гвалту проста не будзе месца. Паспрабуйце! Праўда-праўда, паспрабуйце. А я высахну і не пакрыўджуся, што вы пра мяне забыліся. У мяне ж ёсць адзін шанс – вярнуцца слязой радасці. А гэта значна прыемней…
Аляксей ТАБОЛІЧ,
вучань САШ №8 імя Героя Беларусі У.М. Карвата,
г. Брэст.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.