У Генеральным консульстве Рэспублікі Польшча ў Брэсце ў сераду адкрылася выстава “Ад “Салідарнасці” да “Круглага стала”

У Генеральным консульстве Рэспублікі Польшча ў Брэсце ў сераду адкрылася выстава “Ад “Салідарнасці” да “Круглага стала”

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Ва ўрачыстай цырымоніі прынялі ўдзел Генеральны консул Ганна Навакоўска (на здымку – у цэнтры), прадстаўнікі дыпламатычных місій іншых краін, а таксама творчай інтэлігенцыі горада над Бугам, у ліку якіх былі вядомыя мастакі, пісьменнікі, музыканты, журналісты, навукоўцы, супрацоўнікі ўстаноў культуры.
З уступным словам да прысутных звярнулася Ганна Навакоўска, якая расказала аб тым, што “выстава прысвечана знамянальнай падзеі ў жыцці Польшчы – 25-годдзю пасяджэнняў “Круглага стала” і першых пасля Другой сусветнай вайны дэмакратычных выбараў”. Дарэчы, летась польскі сейм абвясціў 4 чэрвеня нацыянальным святам – Днём свабоды і правоў чалавека. Тым самым адзначана значэнне парламенцкіх выбараў 1989 года ў гісторыі Польшчы, у выніку якіх пераканаўчую перамогу атрымаў “Грамадзянскі камітэт “Салідарнасць” на чале з Лехам Валенсай.
Пра асноўныя вехі станаўлення “Салідарнасці”, як прафсаюза, грамадзянскага камітэта, а затым і партыі, расказваюць экспанаты выставы. Асноўнае месца сярод іх займаюць фотаздымкі вядомага ў Польшчы мастака, фатографа і журналіста Эразма Цёлека.
Яго творчы шлях пачынаўся ў час забастоўкі рабочых Гданьскай судаверфі ў 1980 годзе, ён удасканальваў сваё майстэрства разам з “Салідарнасцю”, а затым і ўвогуле стаў яе, так бы мовіць, “штатным” фотакарэспандэнтам. На здымках, паказаных на выставе, адлюстравана Польшча ў самыя складаныя, напружаныя, гарачыя моманты яе сучаснай гісторыі: пасяджэнне “Круглага стала”, паўстанне, якое ўзначальвала “Салідарнасць”, ваеннае становішча, уведзенае ў краіне тагачасным прэзідэнтам Войцэхам Ярузельскім, выбарчая кампанія ў сейм і сенат 1989 года… Знакамітым на ўсю Польшчу Эразм Цёлек стаў пасля таго, як зрабіў сваю самую вядомую серыю фотаздымкаў – кандыдатаў на парламенцкіх выбарах 1989 года ад партыі “Салідарнасць”.
З вялікай цікавасцю знаёміліся госці з экспанатамі выставы. Пэўныя тлумачэнні давалі Ганна Навакоўска і іншыя супрацоўнікі генконсульства, яны адказалі і на шматлікія пытанні.
– Цікавая выстава, мне спадабалася, – падзяліўся сваімі ўражаннямі вядомы беларускі гісторык і пісьменнік-дакументаліст Леанід Несцярчук. – Польшча адкрылася для мяне яшчэ адной гістарычнай і творчай старонкай.
З ім салідарны і дырэктар КУП “Брэстаблкінавідэапракат” Вячаслаў Шахлевіч:
– Мне таксама было цікава. Я, як і многія іншыя ўдзельнікі сённяшняй імпрэзы, адкрыў для сябе новае імя і творчасць фотамастака Эразма Цёлека.
Вячаслаў БУРДЫКА, “НТ”.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

БРЭСЦКІ РАЁН

Следующая запись

Брэсцкае аддзяленне Беларускай чыгункі перайшло на летні расклад руху цягнікоў