Беларусь

  • Главная
  • Актуальна!
  • У музеі “Выратаваныя мастацкія каштоўнасці” гасцюе выстава народных рамёстваў Дагестана “Гордасць і велічнасць краіны гор”

У музеі “Выратаваныя мастацкія каштоўнасці” гасцюе выстава народных рамёстваў Дагестана “Гордасць і велічнасць краіны гор”


Каля 170 каларытных экспанатаў, сярод якіх – старажытныя рэчы XIX стагоддзя, што перадаваліся з роду ў род, рэстаўраваныя і набытыя ўнікальныя вырабы, прывёз у Брэст калекцыянер Рамазан Махмудаў (на здымку). Ураджэнец Дагестана, ён жыве ў Віцебску, а з горадам над Бугам звязаны яго гады службы ў арміі.
Як вядома, без кінжала і чаркескі сапраўдны горац адчувае сябе голым. Таму асновай калекцыі з’яўляецца халодная зброя як атрыбут нацыянальнага касцюма каўказца: знакамітыя кубачынскія клінкі, упрыгожаныя чаканкай і гравіроўкай, срэбрам і інкрустацыяй. Іх кавалі збройныя ювеліры з высакагорнага аула Кубачы. Дамаскі клінок, кізлярскія нажы і ятаганы,  меч для рытуалаў  з раздвоеным лязом…
Калі джыгіт асацыюецца з буркай, якая, па словах Рамазана Махмудава, можа адбіваць кулі, то дагестанскія жанчыны –
з масіўнымі ўпрыгажэннямі: аварскае ювелірнае мастацтва  прадстаўлена на выставе шыкоўным вясельным поясам нявесты і знакамітымі гоцатлінскімі  вырабамі з металу – завушніцы, бранзалеты і… кубкі-рогі для віна як сімвал усходняй гасціннасці.
Аднак у майстэрстве дагестанскія жанчыны не саступаюць моцнаму полу: разглядаючы вырабы з керамікі і  дываны, адчуваеш сябе, нібы на ўсходнім кірмашы –
такое багацце  колераў і вытанчанасць ліній! Ці ведаеце вы, што ганчарным рамяством у сяле Балхар займаліся толькі… жанчыны? Ад пяшчотна-ружовага да чорнага колеру кераміка ўпрыгожана магічнымі знакамі і земляробчай сімволікай – у гэтым, прынамсі, адчуваецца рука жанчыны. Як і ва ўзорах дываноў. Так, сакрэты ткацтва дагестанскіх дываноў   перадаваліся ад маці да дачкі цягам пакаленняў. Наколькі гэта карпатлівая праца, лёгка ўявіць, гледзячы на спецыяльныя кручкі для вязання, прадстаўленыя на выставе побач з самімі вырабамі, узоры на якіх чытаюцца, як старажытны рукапіс…
Разнастайную калекцыю багатай і незвычайнай культуры Дагестана, які справядліва называюць  запаведнікам народных мастацкіх рамёстваў, краем непаўторных майстроў, што стагоддзямі ўдасканальвалі сваё майстэрства, можна  ўбачыць у музеі “Выратаваныя мастацкія каштоўнасці” да 10 сакавіка.
Алёна САЦУТА, “НТ”.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля