Беларусь

Брэсцкая крэпасць: памятаць ці адпачываць?


Брэсцкая крэпасць – не проста сімвал нашага горада, а выява мужнасці, гераізму і адвагі, вернасці доўгу і бязмежнай любові да жыцця. І напамінак пра горкі і цяжкі час ваеннага ліхалецця, пра адну з самых трагічных старонак найноўшай гісторыі чалавецтва. Так ужо склалася, што мемарыял – памятнае месца. Якім павінна быць яго развіццё? Якія праекты гатовы падтрымаць брастаўчане? На старонках “НТ” працягваецца абмеркаванне артыкула “Адчуць сябе ў 41-м, альбо Другое жыццё цытадэлі” (№45 за 2 лістапада 2012 года).

Сабіна ГАРАЕВА, студэнтка:
– Брэсцкая крэпасць  – гэта, перш за ўсё, мемарыял загінулым воінам, а не месца для забаў. Нават да размяшчэння выявы крэпасці трэба падыходзіць разумна, а то часам у такім рэкламным кантэксце пабачыш, што сорамна становіцца. Памяць продкаў павінна быць свяшчэннай, а месцаў  для адпачынку, для турыстычных і іншых клубаў можна і па-за тэрыторыяй мемарыяльнага комплексу знайсці.
Марыя СЫЧ, выкладчык ВНУ:

– Нічога дрэннага ў Маладзёжным патрыятычным цэнтры ваеннай рэканструкцыі не бачу. Наадварот, калі ў дадатак пабудаваць кафэ, нейкую гасцініцу – гэта прыцягне яшчэ больш турыстаў у Брэст. Яшчэ больш людзей дазнаецца пра подзвіг савецкіх людзей у гады Вялікай Айчыннай вайны…
Наталля, пенсіянерка:
– Крэпасць – гэта крэпасць. Не трэба штосьці мяняць. У нас і так мала засталося святога. Мы што, жадаем сцерці памяць пра нашых дзядоў і прадзедаў? І як потым будзем глядзець у вочы сваім дзецям і ўнукам? Не, трэба захоўваць тое, што маем. Тым больш, што цытадэль – унікальны помнік, і ў гістарычным плане яе каштоўнасць бясцэнная не толькі для нашага горада, але і ўсёй Беларусі.
Таццяна Уладзіміраўна, пенсіянерка:
– Крэпасць – напамінак усім пра страшэнныя падзеі 1941-1945 гадоў. І яна павінна заставацца як памяць для новага пакалення. Спяваць і танцаваць, у гульні гуляць можна і ў іншых месцах. Ваенныя рэканструкцыі – навамодная маладзёжная забава, але ці не пацерпяць крапасныя сцены, калі іх бясконца будуць выкарыстоўваць як дэкарацыі?
Юрый ВІНАКУРАЎ, рабочы:
– Я – за прагрэсіўныя ідэі. Хай хоць хтосьці ўкладвае фінансы ў крэпасць. Не бачу нічога дрэннага, калі з яе зробяць паўнавартасны турыстычны комплекс. Мемарыял мемарыялам і застанецца, але ж ёсць іншая тэрыторыя, якая таксама адносіцца да крэпасці. Вось яе і трэба развіваць. Няхай прыязджаюць людзі, пакідаюць тут свае грошы, адпачываюць. І ўвогуле, у нас большая частка горада пабудавана на костках.
Вера, пенсіянерка (здымак зрабіць адмовілася):
– На мой погляд, крэпасць – гэта помнік. Вы ж не ладзіце скокі на магілах вашых родных? Дык чаму ж у крэпасці можна? Гэта святое месца ў Брэсце. Не трэба яго чапаць!
Меркаванні выслухалі Ганна ІВАШЧАНКА
і Таццяна КАНАНЧУК (фота),
г. Брэст.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля