У Пінску прайшла IX Рэспубліканская спартакіяда прафсаюза работнікаў аховы здароўя
Урачы часта раяць пацыентам: сябруйце з фізкультурай! Рэкамендацыю гэтую і самі медыкі падтрымліваюць на практыцы: спартакіяда прафсаюза работнікаў аховы здароўя паспяхова прыжылася ў медыцынскіх калектывах.
Безумоўна, куды больш звыкла бачыць дактароў, медыцынскіх сясцёр, лабарантаў у паліклініках і бальніцах, чым на валейбольнай пляцоўцы, бегавой дарожцы ці ў плавальным басейне. Але, як паказалі старты медыкаў у Пінску, работнікі аховы здароўя і сябруюць з міні-футболам, і гіры бяруць у рукі гэтак жа ўпэўнена, як скальпель, і з дартсам і більярдам на “ты”, нібыта з уколамі ды мікстурамі. Больш за 360 медработнікаў паспаборнічалі ў 8 відах спорту на IX Рэспубліканскай спартакіядзе прафсаюза работнікаў аховы здароўя. У складзе каманды Міністэрства аховы здароўя выступіў міністр Васіль Жарко.
Тры дні бескампраміснай спартыўнай барацьбы ў выдатным настроі медыкам запомняцца. Гаспадары пастараліся стварыць камфортныя ўмовы і для спаборніцтваў, і для адпачынку. Усе адзначылі зацікаўленасць у гэтым мерапрыемстве мясцовай улады на чале са старшынёй Пінскага гарвыканкама Аляксандрам Гордзічам.
Берасцейцы стараліся. На жаль, у прызавую тройку не трапілі (перамаглі прадстаўнікі Віцебскай вобласці), але ў асобных відах праграмы нашы медыкі на п’едэстал усё ж такі ўзышлі. Так, яны занялі 1-е месца сярод мужчынскіх валейбольных каманд. У плаванні такі ж вынік у сваёй узроставай групе паказаў загадчык нейрахірургічнага аддзялення Баранавіцкай гарадской бальніцы Уладзімір Дабрынеўскі. Бронзавым прызёрам у гэтай дысцыпліне стала загадчык аддзялення прафілактыкі Пінскай гарадской паліклінікі №1 Святлана Сматрова. Багатырскую сілу ў гіравым спорце на сярэбраны і бронзавы медалі прадэманстравалі адпаведна ўрач-інтэрн абласной дзіцячай бальніцы Раман Дранько і артапед-траўматолаг Кобрынскай ЦРБ Андрэй Зусько. У дартсе сярод жанчын трэцяй была кіраўнік фізвыхавання Брэсцкага медыцынскага каледжа Святлана Купрыян, а ў настольным тэнісе бронзавым прызёрам стаў урач ультрагукавой дыягностыкі Іванаўскай ЦРБ Аляксей Лукашэвіч.
Як адзначыў старшыня абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аховы здароўя Анатоль Гаршчарук, медыкі ахвотна сябруюць са спортам і атрымліваюць задавальненне ад такога актыўнага адпачынку. А яшчэ раяць усім берасцейцам часцей наведваць стадыёны, плавальныя басейны, лядовыя арэны і заняткамі фізкультурай падтрымліваць здаровы лад жыцця.
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.